Лінкі ўнівэрсальнага доступу

THE ECONOMIST ПРА ВІТАЎТА, МІЦКЕВІЧА, БЕЛАРУСАЎ І ЛУКАШЭНКУ


Сяргей Шупа, Прага

Цяжка знайсьці лепшы лек ад роспачы ва Ўсходняй Эўропе, чым муры старога гораду, прасякнутыя добрымі старасьвецкімі ідэямі. Нават у самыя змрочныя часы камуністычнага панаваньня чэхі, палякі, балтыйскія ды іншыя народы маглі знайсьці суцяшэньне сузіраючы матэрыяльныя знакі шчасьлівейшых часоў. Значна цяжэй гэта рабіць дзесяцімільённаму народу Беларусі, якому пагражаюць яшчэ пяць гадоў застою і аўтакратыі пад уладаю новапераабранага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. 9 верасьня ён сьцьвердзіў, што набраў неверагодныя 76 працэнтаў галасоў у прэзыдэнцкіх выбарах, якія заходнія назіральнікі лічаць далёкімі ад міжнародных стандартаў справядлівасьці.

У параўнаньні з заходнімі суседзямі Беларусь часта выглядае як краіна бледная і невыразная – як эстэтычна, гэтак і з гледзішча нацыянальнага характару. Тое, што ня зьнішчылі дзьве сусьветныя вайны, зраўнялі зь зямлёй савецкія плянавальнікі і русыфікатары. Беларусь мела толькі дзевяць месяцаў незалежнай дзяржаўнасьці ў 1918 годзе ­ замала, каб падтрымаць патрыятычны запал, які дапамог іншым усходнім эўрапейцам вызваліцца ад камуністычнага панаваньня.

Гісторыя дапамагае адказаць на два гнятлівыя пытаньні. Па-першае, чаму так шмат беларусаў ­ магчыма больш за палову ­ сапраўды думаюць, што аўтакратычны рэжым, абаперты на грубы культ асобы, – такая цудоўная рэч. Бо ўсё ж, нават калі ўлічыць несправядлівы характар выбараў, шмат каму зь беларусаў Лукашэнка проста падабаецца. Па-другое, чаму незадаволеная рэшта насельніцтва, якая ў асноўным выступае супраць ягонага стылю кіраваньня, няздольная нічога зьмяніць? Нават у справядлівых выбарах Уладзімер Ганчарык, галоўны апазыцыйны кандыдат, які паводле афіцыйных зьвестак атрымаў 15 працэнтаў галасоў, найхутчэй паказаў бы далёка не бліскучы вынік. Апазыцыйныя дэманстрацыі супраць фальшаваньня выбараў ужо выдахліся.

Варта крыху праехацца па Беларусі, і пачынаеш знаходзіць адказы. Для пачатку хоць бы такі: тая траціна краіны, якая некалі ўваходзіла ў склад Польшчы, мае хоць бы цьмяныя згадкі пра больш сьветлае і заможнае жыцьцё. «Добрыя былі часы», - кажа старая бабулька, што ў дзень выбараў прадае яблыкі пад мурамі Мірскага замку – аднаго з ацалелых гістарычных помнікаў краіны за 95 кілямэтраў на захад ад Менску. І бязь лішніх просьбаў пачынае цытаваць псальмы на рыпучай перакручанай польскай мове. Заходнія беларусы больш схільныя шукаць дэмакратычнага натхненьня на Захадзе.

Затое, тыповым выглядала тое, што чалавек, які напэўна больш чым хто мог супрацьстаяць выбарчаму фальшаваньню або публічна выкрыць яго – кіраўнік расейскага Цэнтарвыбаркаму і галоўны расейскі назіральнік Аляксандар Вешнякоў – вёў у самым замку нетаропкія задушэўныя размовы зь мясцовымі вэртыкальнымі князькамі, далёка ад дзіравых і нетрывалых урнаў для галасаваньня і афіцыйных запалохваньняў, якія азмрочвалі выбары. Дык і ня дзіва, што ягоная каманда назіральнікаў не знайшла ў выбарах нічога страшнага.

У беларускіх патрыётаў няшмат падставаў добра ставіцца да двух дзесяцігодзьдзяў міжваеннага польскага панаваньня ў Заходняй Беларусі, нават калі савецкая палова на ўсходзе зазнала тады непараўнальна горшыя часы. Аднак горкія часы прымусовай палянізацыі збольшага забытыя. Цяпер палякі – карысныя саюзьнікі ў шырокай дэмакратычнай кааліцыі, якую перамог Лукашэнка. У Горадні, напрыклад, Саюз палякаў – самы моцны апазыцыйны элемэнт. Абвяргаючы афіцыйныя абвінавачаньні ў спрыяньні сэпаратызму, Саюз палякаў патрабуе, каб у школах было больш беларускай мовы і менш расейскай.

Аднак яшчэ больш прыемныя ўспаміны – пра часы, ад якіх нас аддзяляюць не дзесяцігодзьдзі, а стагодзьдзі. Праедзьце яшчэ 50 кілямэтраў на захад ад Міра, і вы трапіце ў Наваградак, горад, які дзеля сваёй сымбалічнай важнасьці значыць для Беларусаў тое, што для брытанцаў Стратфард Шэксьпіра або Ранімід Вялікай Хартыі Свабодаў разам узятыя. Нейкіх 700 гадоў таму гэта была сталіца Вялікага Княства Літоўскага і Рускага. Пазьней, калі вялікія князі перабраліся ў Вільню, сталіцу цяперашняй Літвы, наваградзкі суд славіўся сваёй справядлівасьцю на ўсю Эўропу. Вялікія князі адрозьніваюцца ў добры бок ад цяперашніх кіраўнікоў Беларусі ў такіх пытаньнях як рэлігійная талерантнасьць і пашана да законаў. Падчас свайго найвышэйшага ўзьлёту гэтая краіна была звышдзяржавай, што распасьціралася ад Балтыкі да Чорнага мора. Мяркуецца, што яе афіцыйнай мовай была архаічная форма сучаснай беларускай. На папулярным календары, выдадзеным апазыцыяй, можна пабачыць самага славутага вялікага княза – Вітаўта, які кіраваў у 1392-1430 гадох.

Аднак у Навагрудку ёсьць яшчэ і больш сучасная крыніца натхненьня – гэта радзіма Адама Міцкевіча, паэта, які ўвасабляе каштоўнасьці эпохі Асьветніцтва – свабоду, розум, наднацыянальнасьць. «Ён сымбалізуе найлепшыя нашыя жаданьні», – кажа Тацяна Царук, мясцовая апазыцыйная актывістка. Магчыма, ужываць Міцкевіча як сымбаль беларускага патрыятызму – гэта занадта сьмела: бо пісаў ён па-польску, праўда, адзін зь яго найбольш славутых твораў пачынаецца (што блытае ўсю справу) словамі «Літва, мая айчына...», і палякі лічаць яго сваім нацыянальным паэтам. Можна йсьці ў заклад, што бальшыня беларусаў наагул мала што пра яго ведае, а яшчэ меней – пра далёкую і слаўную мінуўшчыну Беларусі, калі яна была часткай Літвы. Афіцыйная прапаганда надалей падкрэсьлівае пераважна савецкую вэрсію гісторыі: Беларусь – удзячны партнэр вялікай братняй Расеі.

Бальшыня беларусаў, што стаяць у апазыцыі да рэжыму, спадзяюцца, што з заняпадам эканомікі і адыходам пакорлівага савецкага пакаленьня людзі пачнуць думаць іначай, і ня толькі пра палітыку ці гісторыю. Аднак некаторыя баяцца, што яшчэ пару гадоў панаваньня Лукашэнкі – і Расея проста праглыне іхную краіну. Яны нагадваюць, што нешта падобнае некалі адбылося і з рэшткамі Вялікага Княства. А Міцкевіч памёр у эміграцыі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG