Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЭНТАРВЫБАРКАМ АБВЕСЬЦІЎ АФІЦЫЙНЫЯ ВЫНІКІ ВЫБАРАЎ: ЗА ЛУКАШЭНКУ 75,65% ГАЛАСОЎ, ЗА ГАНЧАРЫКА — 15,65%


Юры Сьвірко, Менск

Спачатку Цэнтральная выбарчая камісія разглядала сёньня скаргі з патрабаваньнем прызнаць выбары 9 верасьня несапраўднымі праз шматлікія парушэньні. Гэтыя скаргі падалі кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Ўладзімер Ганчарык, а таксама Беларускі Гельсынскі камітэт і праваабарончы цэнтар "Вясна".

Нягледзячы на доўгі пералік парушэньняў заканадаўства як у часе агітацыі, гэтак і ў часе галасаваньня, Цэнтарвыбаркам аднагалосна адхіліў усе скаргі. Хаця нават афіцыйная праверка паказала, што ў Гарадзенскай вобласьці з участку датэрміновага галасаваньня ўначы вывозілі скрыню зь бюлетэнямі — нібыта таму, што гэты ўчастак ніхто не ахоўваў, а ў Менску 3 участковыя камісіі запаўнялі пратаколы з вынікамі алоўкам, а не асадкай.

Паводле афіцыйных зьвестак, абвешчаных сёньня, у Менску за Ўладзімера Ганчарыка прагаласавала 30,5% выбарцаў, а за Аляксандра Лукашэнку — 57%.

Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік, распавядаючы пра вольнасьць і справядлівасьць выбараў, заявіў літаральна наступнае: "Дзейны прэзыдэнт адмовіўся ад актыўнай агітацыйнай працы". Спадар Лазавік таксама пахваліў кампутарную сыстэму Цэнтарвыбаркаму, якая нават пасьля 21-й гадзіны не магла выдаць зьвестак пра яўку выбарцаў на 20-ю гадзіну.

(Лазавік: ) "Выкарыстаньне гэтае сыстэмы цалкам выключыла мажлівасьць якой-небудзь фальсыфікацыі вынікаў, зрабіла непатрэбным правядзеньне ўсялякіх паралельных падлікаў галасоў. Для інфармацыі: лічбы, атрыманыя пры паралельным падліку галасоў па кандыдатуры Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, апынуліся вышэйшымі за абвешчаныя Цэнтральнай камісіяй".

Спадар Лазавік не патлумачыў, дзе ён узяў тыя паралельныя лічбы.

Але ён як сакратар Цэнтарвыбаркаму афіцыйна падсумаваў вынікі выбараў 9 верасьня: за Аляксандра Лукашэнку 4666680 галасоў, або 75,65%, за Ўладзімера Ганчарыка 965261 голас, або 15,65%, і за Сяргея Гайдукевіча 153190 галасоў — 2,48%.

Сёньня ж скончылася праверка Цэнтарвыбаркаму факту бясплатнага распаўсюду спэцвыпуску Лукашэнкавай газэты "Советская Белоруссия". Чым жа яна скончылася — запытаў я старшыню Цэнтарвыбаркаму Лідзію Ярмошыну.

(Ярмошына: ) "Як чым? Тым, што мы прыйшлі да высновы, што сапраўды быў выпуск дадатковага накладу газэты "Советская Белоруссия" за кошт рэдакцыйных сродкаў, аднак гэты выпуск не паўплываў на вынікі выбараў", — заявіла спадарыня Ярмошына.

У інтэрвію сёньняшняй "Белорусской деловой газете" спадарыня Ярмошына патлумачыла, што рэдактар "Советской Белорусии" Павал Якубовіч "паведаміў, што паколькі йдзе падпісная кампанія, дык рэдакцыя за свае сродкі зрабіла рэклямны спэцвыпуск, куды зьмясьціла найбольш цікавую, на ейную думку, інфармацыю. Як хочаце прымайце, але такія тлумачэньні ёсьць", — сказала Лідзія Ярмошына.

Сёньня яна паведаміла, што наступныя выбары пройдуць альбо ў 2003 годзе ў мясцовыя саветы, альбо раней — у гэтак званы саюзны расейска-беларускі парлямэнт. На просьбу пракамэнтаваць мажлівасьць гэтых выбараў ужо ў сакавіку спадарыня Ярмошына адказала: "Так хутка не хацелася б. Думаю, гэта ня вельмі рэальна". Паводле ейных зьвестак, праект адпаведнага закону будзе гатовы толькі пры канцы сьнежня сёлета.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG