Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІБІЙСКАЯ ДЭЛЕГАЦЫЯ ПРЫБЫЛА Ў МЕНСК


Валер Каліноўскі, Менск

Лібійскую дэлегацыю на чале зь Юнісам Джабэрам прынялі ў Менску на самым высокім узроўні — іх віталі Аляксандар Лукашэнка, прэм'ер Уладзімер Ярмошын, сакратар Рады Бясьпекі Генадзь Нявыглас. Адметна, што незалежных журналістаў на гэтыя сустрэчы не акрэдытоўвалі.

Афіцыйная прычына візыту — папярэднія дамоўленасьці на найвышэйшым узроўні. Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Беларусі Павал Латушка:

(Латушка: ) "З пункту гледжаньня Беларусі Лібія зьяўляецца адным з пэрспэктыўных гандлёва-эканамічных партнэраў на афрыканскім кантынэнце. Асноўнымі мэтамі візыту лібійскай дэлегацыі ў Беларусь зьяўляецца разьвіцьцё супрацоўніцтва ў інвэстыцыйнай сфэры і завяршэньне работы па стварэньню сумеснага банку".

Паводле словаў Паўла Латушкі, будуць падпісаныя пагадненьні аб супрацоўніцтве паміж Гандлёва-прамысловымі палатамі дзьвюх краінаў і паміж выканаўчымі органамі сталіцаў — Менску і Трыпалі. Чакалі, што ў гэтым месяцы прыедзе ў Менск і сам лідэр Лібіі Муамар Кадафі, але цяпер МЗС Беларусі сьцьвярджае, што гэты візыт "не заплянаваны".

З катэгарычным пратэстам супраць візыту лібійскіх кіраўнікоў у Менск выступіла Аб'яднаная грамадзянская партыя Беларусі. Гаворыць яе лідэр Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Ніхто сёньня ня можа гарантаваць, што тая зброя, якая прадавалася ці будзе прададзеная ў Лібію (а, відаць, будуць новыя пагадненьні, бо вайскоўцы прысутнічаюць у гэтай дэлегацыі), што гэтая зброя потым ня будзе скарыстаная міжнароднымі тэрарыстамі. Што з дапамогай гэтай зброі ня будуць захопленыя нейкія новыя самалёты, якія будуць накіраваныя ў будынкі, ці ахвярамі якіх стануць пасажыры, якія будуць ляцець на гэтых самалётах".

Анатоль Лябедзька мяркуе, што прыём лібійскай дэлегацыі ў Менску — гэта недружалюбны крок ня толькі да ЗША, але і да ўсяго цывілізаванага сьвету:

(Лябедзька: ) "На фоне тых падзеяў у Амэрыцы, якія яшчэ сьвежыя, боль ад якіх адчуваюць мільёны людзей у сьвеце арганізоўваць сустрэчы з Муамарам Кадафі ці набліжанымі да яго людзьмі ў генэральскіх пагонах — гэта фактычна падтрымка міжнароднага тэрарызму. Трэба рэчы называць сваімі імёнамі".

Анатоль Лябедзька зазначыў, што Лібія даўно мае імідж краіны, якая падтрымлівае міжнародны тэрарызм, і беларускае кіраўніцтва гэта павінна ведаць.

А вось былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў лічыць гэты крок звычайным для цяперашняй беларускай улады:

(Саньнікаў: ) "Калі б і не было гэтай трагедыі ў Злучаных Штатах, нічога гэта не зьмяніла б, таму што падтрымка Беларусьсю сувязяў з дыктатарскімі рэжымамі, якія ў сваю чаргу падтрымліваюць тэрарыстаў, сьведчыць аб той сытуацыі, якая склалася ў краіне. Гэта сьведчыць пра тую палітыку, якую праводзіць кіраўніцтва Беларусі.

Мы ведаем, што ня толькі зь Лібіяй такія сувязі існуюць, але ж і з Іракам, Сырыяй, Іранам... І ня толькі сувязі (мы ведаем, і гэта афіцыйна абвяшчалася, што падчас перамоваў ідзе гаворка пра супрацоўніцтва ў ваеннай галіне) — тое, што заўсёды лічылася небясьпечным з пункту погляду міжнароднай супольнасьці".

Андрэй Саньнікаў таксама назваў прыём лібійскай дэлегацыі ў Менску недружалюбным крокам да міжнароднай супольнасьці ўвогуле.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG