Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"НАШЫЯ ЎНУКІ ЯШЧЭ ЎБАЧАЦЬ МАЎЗАЛЕЙ ЛУКАШЭНКІ НА ПЛОШЧЫ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ…"


Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Лісты з пошты апошніх дзён, якія трапілі ў гэты агляд, слухачы пісалі да 11-га верасьня — да таго моманту, калі сьвет скалануўся ад выбухаў у Нью-Ёрку і Вашынгтоне. Лісты на гэтую тэму, якая для ўсіх ёсьць тэмай нумар адзін і насёньня засланіла ўсе астатнія праблемы, да нас пакуль не дайшлі.

А дагэтуль большасьць нашых слухачоў, якія вырашылі ўзяцца за пяро, найбольш былі ўсхваляваныя вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў. Стаўленьне да гэтых вынікаў супярэчлівае. Вось як ацэньвае іх Ліна Ясінская, выкладчыца ўнівэрсытэту зь Менску. Яна піша:

"Колькі людзей прагаласавала за Лукашэнку, а колькі за Ганчарыка — думаю, ніхто і ніколі не даведаецца. Усё, што адбывалася на выбарчых участках, цалкам кантралявала выканаўчая ўлада. Выбарчыя камісіі па сутнасьці на 100% складаліся з адданых Лукашэнку людзей. Няўжо апазыцыя спадзявалася, што ў такіх умовах ёй удасца перамагчы?

Думаю, больш-менш дакладна адлюстроўваюць расклад палітычных настрояў лічбы незалежных сацыёлягаў. Але і гэтыя лічбы для апазыцыі несуцяшальныя. Не ўяўляю, калі цяпер можа адбыцца зьмена ўлады ў Беларусі.

Няўжо нехта верыць, што Лукашэнка добраахвотна здасьць уладу ў 2006-м годзе? Ды ён яшчэ пяць рэфэрэндумаў правядзе ды перапіша сваю ж канстытуцыю. Нашыя ўнукі яшчэ ўбачаць ягоны маўзалей на плошчы Незалежнасьці.

Сама я галасавала за Ганчарыка, але цяпер, пасьля таго, як сёньня пабывала на плошчы перад Палацам Рэспублікі і пабачыла, як мала людзей прыйшло падтрымаць Ганчарыка, усе надзеі памерлі. Адзінае для сябе выйсьце бачу ў тым, каб зьехаць адсюль назаўсёды. Убоства, заняпад і дыктатуру лепш бачыць на адлегласьці", — напісала Ліна Ясінская зь Менску.

Мне падаецца, спадарыня Ліна, што нават калі нашыя ўнукі, як вы пішаце, убачаць маўзалей Лукашэнкі на плошчы Незалежнасьці, дык праўнукі ад таго маўзалея не пакінуць каменя на камені. Хоць, увогуле, унукі наўрад ці будуць будаваць маўзалеі і пэрсанальныя манумэнты правадыроў. Я думаю, па настроях сёньняшніх студэнтаў, зь якімі працуеце, вы самі гэта адчуваеце. Гэта бачыць і Аляксандар Лукашэнка, які нават на наступны дзень пасьля галасаваньня шкадаваў перад тэлекамэрамі, што студэнты не на ягоным баку.

Хоць, зразумела, у асяродзьдзі інтэлігенцыі многія падзяляюць настрой і намеры Ліны Ясінскай. І многія сёньня зь Беларусі зьяжджаюць. Вось што піша на гэтую тэму Віктар Нязваны зь мястэчка Ула Бешанковіцкага раёну Віцебскай вобласьці:

"Вельмі крыўдна, што Беларусь пакідаюць найлепшыя людзі, якія маглі б прынесьці шмат карысьці тут, на радзіме. Але такія законы жыцьця: чалавек заўсёды імкнецца туды, дзе можа выкарыстаць свае здольнасьці, дзе дастойна ацэняць ягоную працу, дзе ёсьць будучыня ў ягоных дзяцей.

А якая будучыня ў Беларусі з Лукашэнкам? Найлепшыя ягоныя сябры — дыктатарскія рэжымы Кубы, Ірака, Лібіі, якія патураюць тэрарыстам. Замест таго, каб ствараць рынкавую эканоміку, мы ідзем савецкім шляхам і хвалімся, што ў нас усё ж лепш, чым у Таджыкістане ці Азэрбайджане. Чаму ж не параўноўваем з Польшчай, Чэхіяй, Вугоршчынай — вось якім шляхам трэба ісьці.

Аптымізму цяпер малавата. Яшчэ пяць год такога, так бы мовіць, "бліскучага" кіраваньня — і нацыя канчаткова дэградуе, сап'ецца. Разумныя, здольныя, таленавітыя людзі зьедуць адгэтуль. І беларусы, страціўшы свой інтэлект, мову, культуру, ператворацца ў якое-небудзь дзікае племя", — лічыць Віктар Нязваны зь мястэчка Ула Бешанковіцкага раёну Віцебскай вобласьці.

Гэты матыў расчараваньня і няверы гучыць у многіх лістах. Хоць, на мой погляд, мінулая выбарчая кампанія дае шмат падставаў і дзеля спадзяваньняў на тое, што зьмены ў дзяржаве магчымыя. Пакуль што большасьць выбаршчыкаў у Беларусі — гэта людзі з савецкім досьведам, савецкімі комплексамі і страхамі, савецкім недаверам да Захаду і дэмакратычных каштоўнасьцяў.

Але сытуацыя вельмі хутка мяняецца. Лукашэнка ня здольны закрыць межы, забараніць Інтэрнэт, блякаваць тэле- і радыёэфір. Маладыя беларусы з кожным годам становяцца бліжэй да Эўропы, якія б захады супраць гэтага ні рабіла улада.

Наш даўні слухач і аўтар школьнік Зьміцер Панкавец зь вёскі Кастрыца Барысаўскага раёну таксама распавёў пра сваё стаўленьне да выбараў. Ён піша:

"Напярэдадні выбараў Павал Севярынец абяцаў, што 10-га верасьня моладзь зьдзейсьніць паход на Менск, каб абараніць перамогу дэмакратычнага кандыдата. І дзе той паход?

Выбару для многіх людзей не было. Бо хто ведаў у нас у вёсцы гэтага дэмакрата Ганчарыка? Ды ніхто. І ня толькі ў вёсцы — вельмі многія і ў гарадах галасавалі за Лукашэнку. У нашу вёску напярэдадні выбараў ніхто з дэмакратаў не прыяжджаў. Ніхто не агітаваў, не раздаваў улёткі, налепкі ды газэты. Думаю, Лукашэнку нават асабліва і не спатрэбілася фальшаваць вынікі выбараў — ён і так перамог.

Так што, спадар Севярынец, зьдзяйсьняць паход трэба не на Менск, а на вёску!"

Напэўна, сапраўды, Зьміцер, можна папракнуць дэмакратычных актывістаў, што яны не надаюць належнай увагі вёсцы. Хоць, з другога боку, варта мець на ўвазе і тое, што такая праца ў вёсцы значна больш складаная, чым у горадзе.

Вясковы чалавек у намнога большай ступені залежны ад мясцовых начальнікаў — калгаснага старшыні, сельсаветчыкаў, дырэктара школы. Яго лёгка запалохаць і шантажаваць, чым начальства і карыстаецца.

З другога боку, вяскоўцы, і асабліва вясковыя пэнсіянэры, і сапраўды, ёсьць найбольш актыўным электаратам Лукашэнкі. Яшчэ адно назіраньне зь ліста Зьмітра Панкаўца:

"Нядаўна ў аўтобусе пачуў размову дзьвюх старых кабет — разважалі пра Лукашэнку, пра тое, што яго ня любіць і ня слухаецца мясцовае начальства. Згадвалі, як нядаўна з крамаў зьнік цукар, і як ён адразу зьявіўся, калі Лукашэнка пазьнімаў міністраў. Відавочна, многія людзі ўсё яшчэ вераць у казачку пра добрага "цара-бацюхну" і пра кепскіх мясцовых начальнікаў", — лічыць Зьміцер Панкавец зь вёскі Кастрыца Барысаўскага раёну.

Ягоную думку падзяляе іншы наш слухач — Яўген Мачульскі з Горадні. Ён піша:

"Не хачу больш спачуваць бабулькам у чарзе, якія ледзь ня плачуць, гледзячы на кошт кепскай каўбасы, якую ня могуць купіць, але пры гэтым хваляць Лукашэнку і ўсе як адна за яго галасавалі. Яны ніколі ўжо не зразумеюць, што жывуць гэтак, як галасуюць.

Па-мойму, настаў час, калі гэтай апазыцыі трэба ўвогуле пайсьці ў цень. Яна прайграла — і павінна зьнікнуць. Няхай на яе руінах узьнікне новая апазыцыя. Але гэта адбудзецца тады, калі большасьць людзей усьвядоміць, што далей так жыць нельга", — напісаў Яўген Мачульскі з Горадні.

Ня думаю, Яўген, што гэта будзе нейкая зусім новая апазыцыя, якая можа пачаць з чыстага аркуша. Мінулы досьвед — а гэта досьвед і цяжкіх паразаў, але і згуртаваньня, пошуку кампрамісаў — надзвычай каштоўны. Іншая справа, што павінны зьявіцца новыя асобы з новымі ідэямі і падыходамі, якія б улічвалі і мінулыя памылкі, і хуткія зьмены ў грамадзкіх настроях.

На заканчэньне — ліст ад Юр'я Гіля зь Вільні. Ён апісвае даўнюю гісторыю ўласнага змаганьня з докшыцкімі чыноўнікамі. Цытую ягоны ліст:

"На сваёй радзіме ў бацькоўскай хаце (засьценак Вашунава Докшыцкага раёну) я стварыў гісторыка-этнаграфічны музэй "Засьцянковая хатка". Ёсьць там і бібліятэчка "Крынічка", і каплічка "Сьвятая сям'я". Там заўсёды гучала родная мова, праводзіліся розныя імпрэзы.

Але ўсё гэта стала косткай у горле для чынавенства Докшыцкага раёну, бо ў гэтым засьценку яны таксама мелі сваю рэзыдэнцыю — г.зв. "Пчалярню", дзе праводзілі свае пікнікі. Вось і найшла каса на камень. Пачаліся пагрозы, мяне нават затрымлівалі і кідалі за краты. Справа яшчэ ня скончылася, бо Генпракуратура ўзбудзіла крымінальную справу супраць чыноўнікаў, хоць докшыцкія ўлады і зацягваюць усё гэта…

Я неаднаразова зьвяртаўся да мясцовых уладаў з просьбай перадаць гэтую "пчалярню" пад бібліятэку ці капліцу. Але што пачуў у адказ?"

Спадар Гіль даслаў нам і тэкст адказу на свае звароты ад намесьніка старшыні Докшыцкага райвыканкаму спадара Камінскага. Чыноўнік піша, што сэнсу ў прапанове ня бачыць, бо будынак стары, а людзей у вёсцы мала. А наогул, прапанову Юр'я Гіля ён лічыць умяшаньнем у справы незалежнай дзяржавы.

На што спадар Гіль адказвае:

"Камінскі, як і ягоныя папярэднікі, хлусіць. "Пчалярня" ў добрым стане — усё адрамантавана і пафарбавана. Чыноўнікі нават асфальт сюды паклалі. Бо яны гэта рабілі для сябе, а не для людзей навакольных вёсак. Але няхай памятаюць манкурты, што хутка настане час ім за ўсё адказваць", — еапісаў Юры Гіль зь Вільні.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Васіль Місюгін і Павал Сірацюк зь Менску і Аляксей Бенядзіктаў зь Берасьця.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG