Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК НЬЮ-ЁРК ВЯРТАЕЦЦА ДА ЖЫЦЬЦЯ


Галіна Прыгара, Нью Ёрк

(Прыгара: ) “На сёньняшні дзень Нью-Ёрк выглядае так жа, як і літаральна адразу пасьля выбуху. Больш за тое: ідуць пажары ў гэтых будынках, якія былі вакол Усясьветнага гандлёвага цэнтру. І дыму над горадам нават больш, чым было ў дзень трагэдыі. Над горадам стаіць смурод, як быццам гарыць электраправодка, плястык. На Манхэттэне людзям практычна немагчыма знаходзіцца: няма чым дыхаць. Літаральна колькі хвілінаў таму адчынілася некалькі мастоў, якія зьвязваюць паміж сабою пяць раёнаў Нью-Ёрку – увесь гэты час яны былі зачыненыя. Заблякаваныя выезды з Брукліну, Манхэттэну, Нью-Джэрзі: там ідзе проста татальны вышук тых людзей, якіх падазраюць у дачыненьні да зьдзяйсьненьня гэтых тэрактаў.

Сёньня школы пачалі працаваць на дзьве гадзіны пазьней – настаўнікам давалі інструкцыі, як дзецям гэта ўсё тлумачыць. Сёньня, выступаючы па тэлебачаньні, прэзыдэнт Буш сказаў, што гэта была першая вайна ў 21 стагодзьдзі – такое адчуваньне сапраўды ёсьць: агульны стан падаўленасьці, не працуе яшчэ шмат тэлефонаў, некаторыя банкі не працуюць…

Фармальна абвешчана, што аднаўляюцца палёты самалётаў. Адкрытыя, праўда, аэрапорты, але там стаяць усюды аўтаматчыкі. Толькі што было паведамленьне з аэрапорту Лагвардзія ў Нью-Ёрку, што там праводзіцца эвакуацыя, бо знойдзены нейкі падазроны пакунак, потым перадалі, што аказаўся звычайны, але ўвесь аэрапорт быў эвакуяваны. У аэрапорце Кенэдзі фактычна ніводнага пасажыра пакуль што няма, узьляцеў толькі адзін самалёт, уведзеныя надзвычайныя меры бясьпекі. Забароненыя ўсялякія нажы для ўнясеньня на борт. На тэрыторыю аэрапорту прапускаюцца толькі машыны, кіроўцы і пасажыры ў якіх маюць з сабой дакумэнты”.
XS
SM
MD
LG