Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ СТАЛАСЯ МАГЧЫМАЙ ТРАГЕДЫЯ 11 ВЕРАСЬНЯ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Якім жа чынам група тэрарыстаў здолела выкрасьці чатыры пасажырскія авіяляйнэры і атакаваць важныя палітычныя і эканамічныя аб’екты ў Злучаных Штатах?

Некаторыя аналітыкі цьвердзяць, што ў гэтым выпадку слаба спрацавалі разьведслужбы. Гаворыць Кэнэт Алярд – супрацоўнік Цэнтру Стратэгічных Міжнародных дасьледваньняў з Вашынгтону:

(Алярд: ) “Гэта выразна зразумела, што там быў ня толькі правал разьведкі. Я маю вялікае падазрэньне, што калі мы правядзем сьледзтва каб выявіць тое, што разьведслужбы ведаюць і ведалі, стане зразумелым, што мы былі зьнявечаныя занадта вялікім спадзяваньнем на крыштальна чыстыя і вельмі дарагія тэхналягічныя разьведсродкі, якія шмат гадоў задавальнялі нашыя патрэбы”.

Кэнэт Алярд цьвердзіць, што Злучаныя Штаты павінны больш пакладацца на людзей – інакш кажучы, шпіёнаў – каб зьбіраць тую інфармацыю, якую ня ў стане сабраць ні відэакамэра, ні кампутар.

Гісторык Вашынгтонскага ўнівэрсытэту Анна Нэльсан, якая спэцыялізуецца на праблемах нацыянальнай бясьпекі, кажа што крыніца ўпэўненасьці Злучаных Штатаў у высокатэхнічным шпіянажы – ёсьць рэліктам Халоднай вайны.

(Нэльсан: ) “Нас хвалявалі ракеты, нас хвалявалі ядзерныя бомбы і тыя рэчы, якія можна было прасачыць з самалёта-разьведчыка U-2 альбо са спадарожніка. Цяпер мы маем сытуацыю, у якой вораг вельмі закансьпіраваны. Ён можа падыйсьці з розных бакоў, і я ня думаю, што нашы спэцслужбы да гэтага падрыхтаваныя”.

Нэльсан лічыць, што напады ў аўторак сталіся магчымымі і былі зьдзейсьненымі таму, што была слабая праца з інфармацыяй, сабранай двума асноўнымі сілавымі ведамствамі Злучаных Штатаў – Цэнтральнай разьведуправай (ЦРУ) – якая займаецца зьнешнімі ворагамі і Фэдэральным бюро расьсьледаваньняў (ФБР) – якое адказвае за ўнутраную бясьпеку.

Паводле Нэльсан, раней ФБР і ЦРУ захоўвалі сваю інфармацыю настолькі пільна, што нярэдка адмаўляліся сумесна яе выкарыстоўваць. Цяпер жа, гэтыя два ведамствы цьвердзяць, што яны супрацоўнічаюць, але ў гэтым ёсьць вялікія сумненьні.

“Затое няма сумненьняў, – кажа Нэльсан, – што напады 11 верасьня паказваюць ня столькі на недахоп зьвестак, колькі на абмежаванасьць інфармацыі ў справе з тэрарыстычнымі групоўкамі”.

Паводле Нэльсан, у такія групоўкі (асабліва на Блізкім Усходзе) фактычна немагчыма пранікнуць, таму што яны маюць тэндэнцыю браць у свой склад альбо людзей са свайго населенага пункта, альбо сваякоў, і таму кожны чужак тут будзе адразу ж заўважаны. У гэтым выпадку ёсьць адзіны спосаб – падвойны агэнт – гэта значыць, чалавек, які здольны здрадзіць сваім сябрам, альбо крэўным.

Такі падыход падзяляе і Сайман Сэрфаці – дырэктар Эўрапэйскай праграмы Вашынгтонскага Цэнтру стратэгічных міжнародных дасьледаваньняў. Сэрфаці сумняваецца, што Злучаныя Штаты маглі падрыхтавана чакаць тэрактаў 11 верасьня.

“Урэшце, – сказаў Сэрфаці, – сьледзтва даведаецца, што былі зьвесткі, якія паказвалі, што гэтыя атакі будуць зробленыя. Але гэтых зьвестак так шмат, што сур’ёзна ставіцца да іх усіх – неразумна”.

Стэрфаці цьвердзіць, што няўдача 11 верасьня была ў тым, што спэцслужбы не злавілі тэрарыстаў да захопу самалётаў, якія пазьней былі ўжытыя як ракеты.

(Сэрфаці: ) “Калі быў првал, то, я думаю, ён быў на лётнішчы”.

Сэрфаці, так як і Нэльсан, мяркуе, што спэцслужбы мусяць больш надаваць увагі людзям і менш спадзявацца на тэхнічныя сродкі. Але нават у гэтым выпадку, кажа Сэрфаці, няма ніякай гарантыі, што разьведчыкі маглі б пранікнуць у тэрарыстычныя групоўкі.

(Сэрфаці: ) “Некаторыя з гэтых груповак так добра арганізаваныя, што ўвайсьці ў іх надзвычай складана, хаця й магчыма”.

Паводле Сэрфаці, адносная закрытасьць такіх груповак ня робіць іх цалкам недатыкальнымі. Кожная тэрарыстычная групоўка здольная да нападаў, падобных на тыя, якія зазналі Злучаныя Штаты ў аўторак.

Сэрфаці кажа, што Злучаныя Штаты павііны верыць у словы тэрарыстаў, што тыя пачалі вайну супраць ЗША і адпаведна адказваць на яе ваеннымі дзеяньнямі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG