Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА НАКІРАВАЎ У АМБАСАДУ ЗША СВАЙГО МІНІСТРА ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньняшнюю прэсавую канфэрэнцыю міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў распачаў паведамленьнем пра тое, што ён ад імя і паводле даручэньня Аляксандра Лукашэнкі наведаў амэрыканскую амбасаду ў Менску ды пакінуў запіс у кнізе спачуваньняў.

"Няма дараваньня тым людзям, якія гэта арганізавалі, і арганізацыям, якія падтрымліваюць такія дзеяньні", — сказаў спадар Хвастоў і дадаў, што "відаць, міжнародныя дакумэнты мусяць быць перагледжаныя ў тым пляне, што вайну трэба абвяшчаць ня толькі тэрарызму, але й тэрарыстам".

Міхаіл Хвастоў распавёў, што абодва будынкі беларускіх дыпляматаў у Нью-Ёрку знаходзяцца ў верхняй частцы Мангэтэна й відавочнай небясьпекі для іх няма.

Я задаў міністру пытаньне, чаму Аляксандар Лукашэнка год таму асабіста езьдзіў у расейскую амбасаду на вуліцы Старавіленскай у Менску выказваць свае спачуваньні з нагоды катастрофы падводнай лодкі "Курск", а сёньня ў суседнюю амбасаду ЗША паехаць адмовіўся.

(Хвастоў: ) "Чаму прэзыдэнт не наведаў амбасаду? Бачыце, амбасада арганізоўвае сваю дзейнасьць, зыходзячы з тых дакумэнтаў, якімі рэгулюецца дзейнасьць амбасады. Адкрытая кніга спачуваньняў, сапраўды, і адкрытая яна не для ўсёй публікі — для дыпляматычнага корпусу, чыноўнікаў. Зусім абмежаванае кола асобаў, якія могуць наведваць амбасаду Злучаных Штатаў", — сказаў віцэ-прэм'ер Хвастоў і дадаў, што сёньняшняе Лукашэнкава даручэньне — "гэта звычайная практыка ў такіх выпадках".

Я спытаўся, ці будзе ў Беларусі ладзіцца якое-небудзь жалобнае мерапрыемства, як гэта было зроблена ў Расеі, ці будзе зьмененая праграма дзён культуры Яраслаўскае вобласьці ў Менску. На гэта міністар адказаў:

(Хвастоў: ) "Мы ня будзем прымаць якіх-небудзь спэцыяльных рашэньняў, як гэта было зроблена ў Расеі. Мы зьвярнулі на гэта ўвагу. Мы лічым, што маштабы несувымяральныя, і дзьве дзяржавы сапраўды вялікія й магутныя — Злучаныя Штаты й Расея — яны мусяць весьці астатнюю ўсясьветную супольнасьць па лініі барацьбы з гэтымі праявамі. Яны маюць дастаткова добры досьвед і падобную праблематыку, як мы бачым. Маштабы Беларусі ня тыя, і дні Яраслаўля ў Беларусі будуць працягнутыя ў межах той праграмы, якая прапануецца нам сёньня".

У Міхаіла Хвастова спыталіся і пра візыт у Беларусь лідэра Лібіі Муамара Кадафі, супраць прыезду якога выступіла Аб'яднаная грамадзянская партыя, якая лічыць яго міжнародным тэрарыстам.

(Хвастоў: ) "З нагоды візыту Кадафі ў Беларусь пакуль мы ня маем інфармацыі пра ягоны намер прыбыць да нас найбліжэйшым часам".

Аднак спадар Хвастоў паведаміў, што ўжо заўтра ў Беларусь прыедзе лібійская дэлегацыя, якая цяпер знаходзіцца ва Ўкраіне ды якую ачольвае Абу Бакр, адзін зь пяцёркі найвышэйшага кіраўніцтва Лібіі.
XS
SM
MD
LG