Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЕ АКТАЎ ТЭРОРУ Ў ЗША


Мікола Іваноў, Прага

(Буш: )“Злучаныя Штаты Амэрыкі выкарыстаюць усе магчымыя рэсурсы краіны, каб перамагчы ворага. Мы аб’яднаем вакол нас увесь сьвет, мы будзем цярплівымі, сканцэнтраванымі і пасьлядоўнымі ў нашай рашучасьці,”

Гэтыя словы прэзыдэнта Джорджа Буша сталі своеасаблівым сымбалем беспрэцэдэнтнага шырокамаштабнага расьсьледаваньня, якое вядзецца ня толькі на тэрыторыі ЗША, але і па ўсім сьвеце.

Створаныя тры цэнтры расьсьледаваньня ў Вашынгтоне, Ню Ёрку і Пэнсыльваніі. Адбылася дакладная праверка сьпісаў пасажыраў угнаных самалётаў. ФБР праводзіць апытаньне сваякоў ахвяраў. Ёсьць ужо першыя вынікі сьледзтва. Высьветлілася, што тэрарысты дзейнічалі групамі па 3 – 6 асобаў. Іх адзінай зброяй былі нажы.

Учора ўвечары Фэдэральнае Бюро Расьсьледаваньняў назвала імёны двух падазраваных у арганізацыі і выкананьні замахаў. Абодва былыя навучэнцы флярыдзкай школы пілётаў: Махамэд Атта і Марван.
Генэральны пракурор ЗША Джон Ашкрофт паведаміў, што былі апытаныя навучэнцы і настаўнікі флярыдзкай школы пілётаў.

У Бостане ў адным з гатэляў паліцыя затрымала падазронага, які можа мець дачыненьне да арганізацыі замаху.

Нямецкая паліцыя правяла ў Гамбургу ператрус у адным з дамоў, дзе пражывалі падазроныя. Затрыманая жанчына, якая знаходзілася ў кватэры.

Міжнародныя экспэрты ў галіне барацьбы з тэрарызмам лічаць, што такое маштабнае злачынства магла ажыцьцявіць толькі добра заканспіраваная і разгалінаваная тэрарыстычная сетка, якая валодае значнымі фінансавымі рэсурсамі. Кэнет Алард, аналітык Цэнтру стратэгічных і міжнародных даследваньняў у Вашынгтоне лічыць, што выкрыць такую сетку будзе ня проста

(Алард: ) “Падобныя сеткі ствараліся і ўкараняліся на працягу доўгага пэрыяду, і іх немагчыма выкрыць на наступны дзень. Праблема паўстала даўно, і яе доўга трэба будзе вырашаць”.

Расьсьледаваньне скіраванае таксама ў бок Афганістану, дзе жыве вядомы міжнародны тэрарыст Асама бін Ладэн. Сьледчыя ворганы ЗША лічаць, што ён адзін з нешматлікіх асобаў у сьвеце, хто здольны ажыцьцявіць падобны замах.

Намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША Рычард Армітраж ужо правёў ў справе Бін Ладэна кансультацыі з амбасадарам Пакістану ў ЗША Маллеха Лодхі. Таксама амбасадар ЗША ў Пакістане Вэнды Чамбэрлен рыхтуецца правесьці перамовы ў гэтай справе з прэзыдэнтам Пакістану Первезам Мушарафам, які, выступаючы па нацыянальнаму тэлебачаньню, ня толькі выказаў сваё спачуваньне амэрыканскаму народу, але і паабяцаў цеснае супрацоўнтцтва з ЗША ў пошуках тэрарыстаў.

(Мушараф: ) “Пакістан і раней пашыраў міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне змаганьня з тэрарызмам, так ён будзе рабіць і ў будучыні. У супольнай справе мы павінны аб’яднацца. Я хачу зноў запэўніць прэзыдэнта Буша і ўрад ЗША ў нашым нязьменным супрацоўніцтве ў барацьбе з тэрарызмам”.

Прыгадаем, што Пакістан – адна зь дзьвюх краінаў сьвету, якія прызналі талібскі рэжым Афганістану.

Дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл заявіў у справе пошуку магчымых злачынцаў у Афганістане наступнае:

9Паўэл ): “Мы яшчэ ня высьветлілі, хто адказны за атаку, аднак цягам зьбіраньня інфармацыі мы зьвяртаем увагу на магчымыя крыніцы атакі. І тут карысна адзначыць, што пакістанскае кіраўніцтва на ўсіх узроўнях, якія нам патрэбныя, выказвае гатовасьць самага цеснага супрацоўніцтва і дапамогі ў правядзеньні расьсьледаваньня”.

Паўэл таксама адзначыў, што і Расея можа дапамагчы ў расьсьледаваньні афганскага сьледу тэрарыстаў.

Некаторыя эксперты барацьбы з тэрарызмам, сярод якіх былы дырэктар ЦРУ Джэймс Вулсі і былы камандуючы войскамі НАТА ў Эўропе генэрал Уэслі Кларк, лічаць, што падобны тэрарыстычны замах ня мог бць ажыцьцёўлены без дзяржаўнай падтрымкі, і вызначаюць Ірак у якасьці магчымага араганізатара выбухаў.
XS
SM
MD
LG