Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ПРОСТЫЯ БЕЛАРУСЫ СТАВЯЦЦА ДА ТАГО, ШТО АДБЫЛОСЯ Ў ЗША?


Ганна Соусь, Менск

Першая рэакцыя на выбухі ў Амэрыцы ў менчукоў была цалкам нэгатыўная. Людзі шчыра выказвалі сваё абурэньне. Многія адчуваюць страх, як, прыкладам Натальля Мельнікава:

(Мельнікава: ) "Вядома, я спачуваю амэрыканскаму народу, і вельмі баюся наступстваў. У мяне сын у Канадзе. Я вельмі баюся за тое, што цяпер будзе ў сьвеце, вельмі баюся вайны".

У многіх беларусаў у Амэрыцы жывуць сваякі. Гаворыць інжынэр Ігар:

(Ігар: ) "Гэта страшна. У мяне там сваякі жывуць у Чыкага. Тэлефанавалі ўчора вечарам... Я б, канечне, задаў гэтым... у Палестыне найперш, а Бін Ладэну я ня ведаю, што б зрабіў".

Асабліва ўсхваляваныя тэрарыстычнымі актамі ў ЗША людзі сталага ўзросту.

(Пэнсіянэрка: ) "Ніхто не абаронены ад гэтага".

(Пэнсіянэр: ) "Нас будуць абараняць нашыя ўзброеныя сілы. У нас добрыя афіцэры служаць. Мы павінны быць гарантыяй ад усякіх тэрарыстаў".

(Пэнсінэрка: ) "Я мяркую, што гэта помста. Канечне, вельмі шкада амэрыканскі народ. Вайна можа быць, вы разумееце гэта?"

Былі й больш прагматычныя меркаваньні. Гаворыць студэнт БДУ Цімафей:

(Цімафей: ) "Амэрыка моцна паслабее. Упадзе курс даляра, але не адразу. Кошты на нафту ўжо падвысіліся".

Людзі па-рознаму ацэньваюць прычыны ўчорашняй трагедыі. Гаворыць спадарыня Натальля:

(Натальля: ) "Чым больш разьвітыя людзі й вышэйшая цывілізацыя, тым больш яны наіўныя й ня могуць сябе абараніць. Як яны маглі дапусьціць? Усе ведаюць гэтыя кляны тэрарыстычныя, але чамусьці нічога ня робяць".

Але былі й іншыя меркаваньні, як у рабочага Аляксея:

(Аляксей: ) "Амэрыканцы заслужылі, бо якія іхныя адносіны да іншых... Тое ж самае бамбаваньне Югаславіі. Пакуль мы будзем з Расеяй, будзем абароненыя".

Многія мае суразмоўцы казалі пра тое, што цяпер не адчуваюць сябе ў бясьпецы, бо ад тэрарызму немагчыма засьцерагчыся.

(Спадарыня: ) "Я баюся, каб у нас такога не было. Чым абароненая нашая краіна? Нічым. Гэта страшна".

Адметна, што некаторыя апытаныя зьвярталі ўвагу на дачыненьні беларускіх ўладаў зь некаторымі кіраўнікамі ўсходніх краінаў, якія вядомыя ў сьвеце тым, што спрыяюць тэрарыстам. Людзі гаварылі пра візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Лібію да Муамара Кадафі й пра візыт лібійскага кіраўніка ў Беларусь, які мусіў быў адбыцца перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Гаворыць спадарыня Ніна:

(Ніна: ) "Я мяркую, што гэта амаральна. Трэба падтрымліваць усясьветныя суполкі. Супраць тэрарызму трэба ўсім змагацца і не падтрымліваць зь імі ніякіх сувязяў. Гэта не абароніць беларускі народ".

Увогуле, многія мае суразмоўцы былі разгубленыя і баяліся нават уголас казаць, да чаго могуць прывесьці наступствы гэтых тэрарыстычных актаў.


XS
SM
MD
LG