Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЮДЗІ НЯСУЦЬ КВЕТКІ ДА АМБАСАДЫ ЗША Ў МЕНСКУ


Юры Сьвірко, Менск

Амэрыканскія дыпляматы ў Менску адмаўляюцца ад якіх-небудзь камэнтароў. Майк Райнэрт, які адказвае за стасункі з прэсай, паведаміў мне толькі, што консульскі аддзел амбасады ЗША працуе. Ён знаходзіцца на вуліцы Камуністычнай, якая перакрытая аўтамабілямі менскае міліцыі.

Сёньня ўдзень у гэтым дыпляматычным раёне, дзе таксама месьцяцца амбасады Расеі ды Ўкраіны, было каля 10 міліцыянтаў. Яны не пускаюць мінакоў на ходнікі ля сьценаў амэрыканскае амбасады, на рагу вуліцаў Камуністычнай і Старавіленскай жоўтыя стужкі з надпісам "Caution" — "Асьцярожна". Але тых, хто прыйшоў выказаць спачуваньне, пускаюць да галоўнага ўваходу.

Зараз я знаходжуся каля амэрыканскай амбасады на вуліцы Старавіленскай у Менску. Пад шыльдай "Амбасада Злучаных Штатаў Амэрыкі" шмат кветак, адзін бел-чырвона-белы сьцяжок, а над ім паштоўка з выяваю Нью-Ёрку — тыя самыя дзьве вежы, якіх ужо зараз няма. Людзі запальваюць сьвечкі, усё прыходзяць, прыходзяць і прыходзяць, нясуць кветкі.

(Вольга Георгіеўна: ) "Нас прывёў сюды жах ад таго, што адбылося. Мы ня можам застацца ўбаку, таму што гэта можа закрануць любога з нас. Вядома, чыста па-чалавечы любы чалавек здрыгаецца ад таго, што адбылося.

Калі ваююць паміж сабой дзяржавы, калі гінуць вайскоўцы, салдаты — гэта жудасна. Але тое, што адбылося, апісаць словамі немажліва. І мы ўсе мусім быць супраць гэтага, і кожны мусіць зрабіць свой унёсак у барацьбу з тэрарызмам".

(Карэспандэнт: ) "У вас сваякі ў Амэрыцы?"

(Вольга Георгіеўна: ) "Не, я проста грамадзянка Беларусі. Мы прыйшлі ад арганізацыі — гэта Цэнтар алімпійскае падрыхтоўкі пры таварыстве сьляпых. Мы займаемся інваспортам, на нашым балянсе каманда інвалідаў, якая езьдзіць па ўсім сьвеце".

(Карэспандэнт: ) "І вы былі ў Нью-Ёрку, Амэрыцы?"

(Вольга Георгіеўна: ) "Не".

(Фэлікс: ) "Мяне прывёў сюды боль за Амэрыку".

(Карэспандэнт: ) "У вас там сваякі?"

(Фэлікс: ) "Не, нікога. Гэта жах на цэлы сьвет, сапраўды. Спачуваю Амэрыцы".

(Ніна Сяргееўна: ) "Прыйшлі спачуваньне выказаць народу Амэрыкі. Я ніколі там не была і, напэўна, ня буду ніколі. Проста — ну як гэта, гэтулькі людзей загінула. Такая трагедыя страшная. Мы не маглі не прыйсьці. Таму прыйшлі".

(Алена: ) "А ў мяне там быў сын тры гады".

(Карэспандэнт: ) "У Нью-Ёрку?"

(Алена: ) "Так, ён правёў там найлепшыя гады. Ён працаваў на фірме "АВМ" паводле кантракту. Паўгода таму ён пераехаў у Канаду да сваіх сяброў".

(Карэспандэнт: ) "А наконт учорашняга што вы думаеце?"

(Алена: ) "Самае жудаснае. Мы на пэнсіі, не працуем — мы глядзім усе навіны, вельмі перажываем і спачуваем. Дзякуй Амэрыцы, што яна прымае людзей вельмі многіх, дорыць шчасьце, дорыць працу, дорыць новыя ўражаньні, паказвае свае дасягненьні. Мы ўдзячныя за ўсё гэта і вельмі спачуваем".

(Ніна Сяргееўна: ) "Гэта выклік дэмакратыі".

(Спадар: ) "Як можа нармальны чалавек да гэтага ставіцца? Падонкі! Нармальныя ж людзі... людзі да гэтага не дадумаюцца, а гэта ня людзі".

Інфармацыйная служба амбасады ЗША сёньня зачыненая — усе яе супрацоўнікі пераехалі ў галоўны будынак на Старавіленскай, дзе адзін зь іх, Алесь Круглякоў, распавёў мне, што раніцай тут ужо былі прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі журналістаў на чале з Жанай Літвіной ды апазыцыянэры — напрыклад, лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

(Карэспандэнт: ) "Ці былі нейкія дадатковыя захады бясьпекі з боку амбасады?"

(Круглякоў: ) "Афіцыйна кажучы, амбасада прыняла ўсе неабходныя меры бясьпекі на гэты конт. Яна шчыра ўдзячная ўсім грамадзянам, якія выказалі свае спачуваньні, і кажа, што ўсе, хто хоча прынесьці кветкі, могуць гэта зрабіць каля ўваходу ў амбасаду на Старавіленскай вуліцы. Афіцыйна кніга спачуваньняў будзе адкрытая для запісаў заўтра з 9 гадзінаў".

(Карэспандэнт: ) "Заўтра з 9-й гадзіны — тут, на Старавіленскай?"

(Круглякоў: ) "Так, тут на Старавіленскай. Адзіная просьба да ўсіх, хто будзе падыходзіць з кветкамі, — калі ласка, не нясіце ніякіх пакункаў", — зазначыў Алесь Круглякоў, супрацоўнік інфармацыйнае службы амбасады ЗША ў Беларусі.

Якраз пасьля гэтай ягонай заўвагі да ўваходу ў амбасаду адзін чалавек прынес вялізны кош кветак з надпісам "Ад сірыйскае суполкі".

Яшчэ сёньня тут была дэлегацыя з 20 чалавек на чале з былым кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Сяргеем Гайдукевічам — яны таксама прынесьлі кветкі ды ўшанавалі памяць ахвяраў у Нью-Ёрку хвілінай маўчаньня. Звычайна гаваркі спадар Гайдукевіч ад інтэрвію адмовіўся:

(Гайдукевіч: ) "Не магу гаварыць. Не магу. Як чалавек — не магу".

(Карэспандэнт: ) "Як вы ацэньваеце тое, што адбылося?"

(Гайдукевіч: ) "Трагедыя. Трагедыя. Усё — не магу".

Пасьля Сяргея Гайдукевіча да амэрыканскай амбасады кветкі прынесьлі прэсавы сакратар беларускага МЗС Павал Латушка ды ягоная жонка. Вось што сказаў мне спадар Латушка пасьля сваёй хвіліны маўчаньня:

(Латушка: ) "Як афіцыйная асоба я магу сказаць, што свае спачуваньні накіраваў народу Злучаных Штатаў Амэрыкі й прэзыдэнту ЗША прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь. Свае спачуваньні таксама накіраваў міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў на адрас дзяржсакратара Злучаных Штатаў Амэрыкі й амбасадара ў Менску.

А тут я знаходжуся як прыватная асоба, таму што я быў раней у тых будынках. Я з болем успрыняў тую жахлівую сытуацыю, якая ўчора адбылася ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Гэта проста боль у сэрцы. Гэта жахліва. Я думаю, што гэта пацьвярджае яшчэ раз патрэбнасьць аб'яднаньня ўсіх намаганьняў усіх дзяржаваў супраць чумы ХХІ-га стагодзьдзя — міжнароднага тэрарызму".

(Карэспандэнт: ) "Цяпер пытаньне як да прэсавага сакратара МЗС. Ці ёсьць нейкія зьвесткі пра беларускіх грамадзянаў, якія там загінулі?"

(Латушка: ) "Апошняя інфармацыя, якую мы маем, — ніхто з супрацоўнікаў дыпляматычных місіяў і членаў іхных сем'яў не пацярпеў у выніку гэтых жудасных тэрарыстычных актаў.

Што тычыцца іншых грамадзян Беларусі, дык амбасада Беларусі ў Вашынгтоне у кантакце зь Дзярждэпартамэнтам ЗША й авіякампаніямі, самалёты якіх пацярпелі катастрофу ўчора, аналізуе сьпіс пасажыраў гэтых самалётаў з мэтаю ўстанавіць, ці знаходзіліся на борце гэтых самалётаў грамадзяне Беларусі.

Сьпіс пасажыраў удакладняецца. Іншых зьвестак пра магчымыя ахвяры сярод грамадзян Беларусі на гэты момант МЗС ня мае. МЗС Беларусі дало даручэньне ўсім замежным установам Рэспублікі Беларусь у Нью-Ёрку й Вашынгтоне аказваць неабходную магчымую дапамогу грамадзянам Беларусі", — паведаміў Павал Латушка, прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG