Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ У ШОКУ АД ТЭРАРЫСТЫЧНЫХ АКТАЎ У ЗША


Валер Каліноўскі, Менск

У Міністэрстве замежных справаў на 13 верасьня рыхтуецца прэсавая канфэрэнцыя Міхаіла Хвастова. Паводле прэсавага сакратара МЗС, першае пытаньне на ёй будзе прысьвечанае ацэнцы тэрарыстычных актаў у ЗША. Сёньня ні міністар, ні ягоныя намесьнікі на гэтую тэму з журналістамі не размаўлялі. Відавочна, яны чакалі заявы Аляксандра Лукашэнкі.

А вось гледзішча намесьніка старшыні Савету Рэспублікі Міхаіла Аўласевіча:

(Аўласевіч: ) "Мы ўсе спачуваем амэрыканскаму народу, амэрыканскаму ўраду, разумеем, што гэта вельмі вялікая трагедыя. Такая трагедыя ў ХХІ стагодзьдзі — гэта выклік тэрарыстаў сучаснай цывілізацыі. І калі яны змаглі зрабіць такія буйныя тэракты супраць ЗША, дзе і ЦРУ, і ФБР, і ўсе іншыя органы працуюць зладжана, і даўно там наладжаная сыстэма бясьпекі, калі яны кінулі выклік Амэрыцы, то могуць у любой краіне зрабіць такое. Таму патрэбныя агульныя намаганьні ўсіх цывілізаваных краінаў, каб весьці сапраўдную, а не на словах, барацьбу з тэрарызмам".

Міхаіл Аўласевіч мяркуе, што пасьля гэтай трагедыі сьвет стаў іншым, і патрэбныя сумесныя дзеяньні супраць тых краін, дзе тэрарысты вядуць сваю падрыхтоўку. Беларусь таксама павінна далучыцца да гэтай працы, мяркуе спадар Аўласевіч.

Былы кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Павал Казлоўскі таксама лічыць, што сытуацыя ў сьвеце пасьля гэтай трагедыі зрабілася зусім іншай і што будуць мяняцца погляды і дачыненьні паміж дзяржавамі:

(Казлоўскі: ) "Ёсьць людзі, якія могуць зарвацца, якія могуць сабе дазволіць такія страшныя злачынствы супраць людзей, ня лічацца ні з чым. І мы жывем так, што з намі ніхто ня лічыцца — ні са мной, ні з вамі, ні зь іншымі грамадзянамі.

У такой жа сытуацыі, неабароненай, аказалася сёньня і Амэрыка. Глябальна яна можа сябе абараніць сыстэмай Проціракетнай абароны, але ад дурня абараніць сябе немагчыма. Як мы сёньня не абароненыя ад дурня, гэтак і Амэрыка не абароненая ад дурня, ад ідыёта, ад тэрарыста. Мо гэта няўдалая аналёгія, але мне так сумна, калі гэткае назіраеш і разумееш, што мы таксама безабаронныя".

Вядомы беларускі палітык Станіслаў Шушкевіч ад свайго імя і ад імя Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады накіраваў спачуваньні амэрыканскаму народу.

(Шушкевіч: ) "Гэта жудасная гісторыя, якая абавязвае сьвет згуртавацца супраць вельмі небяспечнага, вельмі багатага і арганізаванага ворага цывілізаванага чалавецтва".

(Карэспандэнт: ) "Некаторыя расейскія палітыкі і тэлебачаньне гавораць, што Амэрыка сама кідала бомбы на Бялград, на Ірак, і магчыма, у пэўным сэнсе яна гэта заслужыла. Што вы мяркуеце на гэты конт?"

(Шушкевіч: ) "Я катэгарычна інакш да гэтага стаўлюся. Мне давялося апошнія гады пабываць у ЗША. Я ведаю, што амэрыканцы працуюць значна больш, чым грамадзяне іншых краінаў у сярэднім. Яны маюць меншы адпачынак, яны захапляюцца выдатнай працай.

І такое выступленьне супраць людзей, якія сваёй працай заваявалі свой дабрабыт, пабудавалі такія гмахі як гэты гандлёвы цэнтар, — помсьціць гэтак звычайным грамадзянам Амэрыкі за свае крыўды — гэта зусім ня тое, што дзейнічаць на падставе рашэньняў пэўных міжнародных структур, афіцыйных органаў. Можа, мне многае і не падабалася ў гэтых рашэньнях, але прабачце, гэта супэрнецывілізаваныя захады супраць таго, што было абгрунтавана законным афіцыйным чынам".

(Карэспандэнт: ) "Як зьменіцца амэрыканская палітыка да астатняга сьвету?"

(Шушкевіч: ) "Я думаю, што павінна адбыцца пераразьмеркаваньне акцэнтаў. Амэрыканскія палітыкі вельмі высокага ўзроўню проста заблыталіся ў тым, што зьяўляецца найбольш небясьпечным для Злучаных Штатаў. Яны пачалі падтрымліваць ідэю САІ — Стратэгічнай Абарончай Ініцыятывы. Я лічу, што іхная перасьцярога перад зоркавымі войнамі — гэта жаданьне забясьпечыць пэўныя высокатэхнічныя карпарацыі дзяржаўнымі заказамі ў першую чаргу. Гэта памылка найвышэйшага каіраўніцтва ЗША".

(Карэспандэнт: ) "Ці ня будзе меншай увага ЗША да Беларусі пасьля гэтых здарэньняў? "

(Шушкевіч: ) "Ведаеце, гэта вялікія страты. І я ўжо сказаў, што пераразьмеркаваньне акцэнтаў будзе. Але я спадзяюся, што яно не закране стандартаў свабоды, правоў чалавека і дэмакратыі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG