Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХТО СТАІЦЬ ЗА ТЭРАРЫСТЫЧНЫМІ НАПАДАМІ НА АМЭРЫКУ?


Юры Дракахруст, Прага

Аналітыкі газэты спасылаюцца на неназванага чыноўніка адміністрацыі ЗША , які ацаніў верагоднасьць дачыненьня саудаўскага тэрарыста да ўчорашніх злачынстваў “больш як 90%”. На карысьць гэтай вэрсіі сьведчыць шэраг чыньнікаў. Для правядзеньня такой апэрацыі патрэбная наяўнасьць велізарных сродкаў і рэсурсаў, якімі не валодаюць іншыя тэрарыстычныя арганізацыі, акрамя той, якую ўзначальвае саудаўскі мільянэр. Асабістае багацьцё Бін Ладэна, якое ён цалкам накіраваў на тэрарыстычную дзейнасьць, складае 300 мільёнаў даляраў, паводле некаторых ацэнак агульныя фінансавыя рэсурсы кіраванай ім арганізацыі дасягаюць мільярду даляраў.

Але ёсьць і больш канкрэтныя чыньнікі, якія ўказваюць менавіта на Бін Ладэна. Дастакова пераканаўчымі выглядаюць доказы дачыненьня яго арганізацыі да самых буйных тэрарыстычных актаў апошніх гадоў: падрыву амэрыканскага ваеннага карабля ў Йемэне летась, бомбавых атакаў на амэрыканскія амбасады ў Танзаніі і ў Кеніі ў 1998 годзе, нарэшце, да тэрарыстычнай атакі тага ж Нью-Ёркскага цэнтру ўсясьветнага гандлю ў 1993 годзе. Напрыклад, што тычыцца атакі амэрыканскага ваеннага карабля ў Йемэне, то Ўсама Бін Ладэн публічна прызнаўся ў тым, што арганізавваў гэты напад. Ён заявіў тады: “Прыйшоў час прайсьці скрозь Амэрыку і Ізраіль і нанесці ўдары па іх балючых кропках”.

Аналітыкі Washington Post адзначаюць, што і ўчорашняя атака на Амэрыку, і ранейшыя тэракты, якія прыпісваюцца Бін Ладэну, вызначаюцца дакладным плянаваньнем і разьлікам хады апэрацыяў амаль па хвілінах.

Washington Post спасылаецца на рэдактара арабскай газэты Al Quds Al Arabi, што выдаецца ў Лёндане, які тры тыдні таму атрымаў паведамленьне непасрэдна ад Бін Ладэна, што той рыхтуе “вельмі, вельмі моцную атаку супраць амэрыканскіх інтарэсаў”.

Нарэшце, сябра сэнацкай камісіі па разьведцы Орын Гатч заявіў, што маюцца радыёперахопы ўчорашніх размоваў прадстаўнікоў арганізацыяў, зьвязаных з Бін Ладэнам, якія гавораць, што яны нанесьлі два ўдары. Праўда разьведнае ведамства пакуль не пацьвяржае інфармацыю пра наяўнасьць гэтых радыёперахопаў.

Урад аўганскіх талібаў, які даў Бін Ладэну прытулак, заявіў учора, што саудаўскі мільянэр ня мае дачыненьня да ўчорашніх злачынстваў. У артыкуле ў Washington Post пералічаюцца і іншыя тэрарыстычныя арганізацыі, якія маглі б мець дачыненьне да атакі на Амэрыку – гэта кіраваны Іранам рух Хэсбалла, а таксама радыкальныя палестынскія групоўкі. Усе гэтыя арганізацыі таксама, дарэчы, заяўляюць, што не ўдзельнічалі ўва ўчорашніх тэрактах.

Падобным заявам, зразумела, неабавязкова верыць, але паводле думкі аналітыкаў Washington Post, большасьць фактаў сьведчаць пра тое, што арганізатарам амэрыканскага апакаліпсіса 11 верасьня зьяўляецца Усама Бін Ладэн.

XS
SM
MD
LG