Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ ТЭРАКТАЎ У ЗША БЕЛАРУСКАМУ ВОЙСКУ І СПЭЦСЛУЖБАМ ЗАГАДАНА ПРАВЕСЬЦІ ДАДАТКОВЫЯ ЗАХАДЫ БЯСЬПЕКІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сярод мерапрыемстваў уладаў Беларусі пасьля тэрактаў у Злучаных Штатах — узмацненьне кантролю за паветранай прасторай войскамі проціпаветранай абароны.

У Міністэрстве абароны паведамляюць, што беларускія зэнітчыкі больш пільна сталі сачыць за паветранымі аб'ектамі, у тым ліку заступілі на дзяжурства дадатковыя разьлікі. З учорашняга дня ў штабе проціпаветраных войскаў, згодна з загадам Аляксандра Лукашэнкі , знаходзіцца міністар абароны Леанід Мальцаў. Не паведамляецца, аднак, што канкрэтна ён там робіць.

Між тым, афіцыйна заяўлена, што ўзмацненьне аховы паветранай прасторы не азначае абмежаваньняў на яе выкарыстаньне. Паводле паведамленьняў Рады бясьпекі Беларусі, узмоцнены таксама памежны і мытны кантроль на сухапутных межах краіны. Пры гэтым таксама не ідзе гаворкі пра нейкія забароны.

Праваахоўчым органам і спэцслужбам наступныя дні прыйдзецца таксама працаваць у больш напружаным рэжыме. Міліцыя ўзмацніла ахову дыпляматычных місіяў, асабліва будынкаў, якія належаць ЗША.

А ў КГБ кажуць, што складзены сьпіс аб'ектаў, якія могуць стаць мішэньню для тэрарыстаў і, робяцца дадатковыя захады дзеля недапушчэньня магчымых тэрактаў. Таго, што аб'екты ў Беларусі могуць зацікавіць міжнародных тэрарыстаў, у КГБ не выключаюць.

(Котаў: ) "Зроблены прагнастычны аналіз з мэтай вызначыць магчымыя аб'екты атакі, і такія аб'екты вызначаныя. Што тычыцца магчымасьці тэрактаў, то варта памятаць, што Беларусь — краіна транзытная, можа, як ніякая іншая краіна ў Эўропе. Больш за тое, праз нашу тэрыторыю рухаецца шмат людзей і грузаў менавіта з тых краінаў, у якіх, як лічыцца, знаходзяцца тэрарысты. Мы павінны быць пільнымі заўсёды, бо ў нас вялікая прастора для дзейнасьці, і мы працуем", — запэўніў кіраўнік цэнтру грамадзкіх сувязяў КГБ Фёдар Котаў.

Дарэчы, паводле яго, не пацьвердзіліся зьвесткі пра выбух бомбы побач з Інфармацыйным цэнтрам амбасады ЗША ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў. Котаў заявіў Радыё Свабода, што "праверка сьлядоў выбуху 9 верасьня побач з амэрыканскай амбасадай і рэштак выбуховага прыстасаваньня ня выявіла".

"Магчыма, гэта дзеці гуляліся з пэтардамі на тэрыторыі дзіцячага садка побач з цэнтрам", — выказаў меркаваньне прадстаўнік КГБ. У гарадзкой міліцыі паведамілі, што крымінальнай справы паводле выбуху не заводзілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG