Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК РЭАГУЕ СЬВЕТ НА ТРАГЕДЫЮ Ў ЗША?


Сяргей Шупа, Прага

Блэйр заявіў, што што гэтыя напады былі ўчыненыя «фанатыкамі, скрайне абыякавымі да сьвятасьці чалавечага жыцьця».

У Францыі збройныя сілы былі разгорнутыя на лётнішчах і на станцыях мэтро. Павышаны кантроль на межах. Прэзыдэнт Францыі Жак Шырак назваў напады «пачварнымі».

Амэрыканская амбасада ў Парыжы зачыненая. Амбасада папярэдзіла амэрыканцаў у Францыі , каб яны на вуліцах гучна не гаварылі па-ангельску.

Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін паслаў тэлеграму прэзыдэнту Бушу, дзе гаворыцца: «Дарагі Джордж, гэты нялюдзкі ўчынак не павінен заставацца непакараным».

Кітайскі прэзыдэнт Цзян Цзымінь даслаў прэзыдэнту Бушу пасланьне з выказам спачуваньня з нагоды сьмертаносных нападаў.

Міністар замежных справаў Кубы Фэліпэ Пэрэс Роке заявіў, што пазыцыя ягонай краіны палягае ў «поўным непрыманьні тэрарыстычных нападаў такога тыпу».

У Ісьлямабадзе, сталіцы Пакістану, Мулла Абдул Салям Заіф, амбасадар ураду талібаў у Пакістане сказаў: «Мы хочам сказаць дзецям Амэрыкі, што Афганістан адчувае ваш боль і спадзяецца, што суд знойдзе справядлівасьць».

У Кабуле міністар замежных справаў ураду талібаў заявіў: «Мы асуджяем гэты напад, хто б за ім ні стаяў».

Паводле гэтак званай рабочай вэрсіі афіцыйных асобаў Злучаных Штатаў, напады ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне – справа рук «заморскіх тэрарыстаў». Тым часам некалькі палестынскіх радыкальных груповак ужо адмовілі сваё дачыненьне да тэрарыстычных актаў, у тым ліку пра гэта заявіла і групоўка Аль-Куайда савудаўскага тэрарыста Усамы бін Ладэна. Амэрыканскія афіцыйныя асобы кажуць, што яны ня маюць цьвёрдых доказаў праўдападобнасьці гэтых цьверджаньняў.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Арыель Шарон і палестынскі лідэр Ясэр Арафат выказалі свае спачуваньні з прычыны нападаў. Рэакцыі іншых палестынскіх дзеячоў былі больш рэзкія.

Шэйх Ясін, лідэр групоўкі Хамас, сказаў, што сёньняшнія падзеі – гэта бясспрэчна «вынік несправядлівасьцяў, якія Злучаныя Штаты чыняць слабым гэтага сьвету».

Прадстаўнік групоўкі Ісьлямскі Джыгад Нафэз Азам заявіў: «Тое, што здарылася ў Злучаных Штатах – гэта наступства амэрыканскай палітыкі ў гэтым рэгіёне».

Аднак і Ясін і Азам сказалі, што выступаюць супраць забойства невінаватых людзей.

Лідэр Дэмакратычнага Фронту Вызваленьня Палестыны Кайс абу Лейла заявіў, што ягоная арганзіацыя ня мае дачыненьня да інцыдэнту і сказаў, што яны заўсёды выступалі супраць тэрарыстычных нападаў на цывільныя аб’екты, асабліва за межамі акупаваных палестынскіх тэрыторыяў.

Камісар ў замежных пытаньнях Эўразьвязу Крыс Патэн заявіў: «Гэты акт вайны учынены вар’ятам». Ён параўнаў гэты напад з нападам японцаў на амэрыканскую марскую базу Пэрл-Харбар у 1941 годзе: «гэта найстрашнейшы напад на Злучаныя Штаты ад часоў Пэрл-Харбару», - дадаў ён. «Сёньня – адзін з тых дзён у жыцьці, які зьменіць усё», - сказаў Крыс Патэн.

Генэральны сакратар НАТО Джордж Робэртсан назваў гэтую падзею «невыбачальнай агрэсіяй супраць дэмакратыі».

Генэральны сакартар ААН Кофі Анан назваў напады «наўмыснымі актамі тэрарызму, старанна сплянаванымі і скаардынаванымі».


XS
SM
MD
LG