Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАЛІНА ПАДЛЕСКАЯ: ЛЮДЗІ ШАКАВАНЫЯ, АЛЕ СПРАБУЮЦЬ ЦЬВЯРОЗА ПАДЫСЬЦІ ДА СЫТУАЦЫІ


Гутарыла Алена Ціхановіч

(Падлеская: ) “Калі адбылося сутыкненьне самалёта з будынкам я, відаць, была ў мэтро. Калі я прыйшла на працу, мне сказалі: паглядзі ў вакно, што робіцца…Я пабачыла слуп дыму, вогнішча ў будынках”.

(Карэспандэнт: ) “Як далёка месца Вашай працы ад будынкаў Усясьветнага гандлёвага цэнтру?”

(Падлеская: ) “Не далёка, можа, блёкаў 20”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ня ўзьнікла ў Вас адразу паніка, ці ведалі людзі, што рабіць?”

(Падлеская: ) “Усе былі шакаваныя, інструкцыяў асаблівых не было, зараз мы ведаем, што спынены ўвесь транспарт, перастала працаваць мэтро. У наш будынак без пропуску прайсьці немагчыма. Мы ня ведаем, як дахаты паедзем. Пасьля таго, як будынкі пачалі абвальвацца, можа, мэтро ня будзе працаваць. На працы нам сказалі: той, хто можа, едзьце дахаты. Людзі, якія жывуць у Манхэттэне, гатовыя нас прыняць начаваць, калі будзе патрэба”.

(Карэспандэнт: ) “Наш карэспандэнт Галіна Прыгара паведаміла, што ў будынках, што рухнулі, і ў суседніх маглі працаваць беларусы. Ці вядома Вам пра іх лёс?”

(Падлеская: ) “З тых беларусаў, каго я ведаю асабіста, з тых, хто прыходзяць на беларускія сходкі, нічога ня чула і ня ведаю”.

(Карэспандэнт: ) “Галіна, гэтыя падзеі неяк скарэктуюць Вашае жыцьцё?”

(Падлеская: ) “Я ня думаю, што мае пляны моцна пахіснуцца. Апошнія цяжкія навіны – выбары ў Беларусі, гэтыя тэракты – усё гэта вельмі цяжка”.

(Карэспандэнт: ) “Пра што гавораць людзі? Я ведаю, што яны шакаваныя. Якія вэрсіі разьвіцьця падзеяў?”

(Падлеская: ) “Людзі шакаваныя, але я не магу сказаць, што амэрыканцы панікуюць. Амэрыканцы, калі нехта можа здаць кроў, пайшлі здаваць кроў у цэнтар амэрыканскі, каб дапамагчы ахвярам, якія засталіся жывыя. Тыя, хто нічога ня можа зрабіць, працягваюць працаваць. Усе стараюцца трымаць сябе ў руках. Вэрсіяў няшмат. Хутчэй за ўсё, гэта палестынскія групу. Гэта толькі што я чула, але афіцыйна нічога не вядома”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG