Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯМЁН ДОМАШ: ТРЭБА ПАПРАВІЦЬ ЗДАРОЎЕ І ВЯРНУЦЦА ДА ПАЛІТЫЧНАЙ ПРАЦЫ


Любоў Лунёва, Менск

Сямён Домаш праходзіць курс лячэньня ў будынку новага корпуса. У яго асобная палата. Там даволі ўтульна і нават няма звычайнага для такіх месцаў паху лекаў.

(Карэспандэнтка: ) "Як Вы сябе адчуваеце?"

(Домаш: ) "Зараз лепш, але мне трэба яшчэ шмат лячыцца. Самае галоўнае для мяне — рэабілітавацца, каб увайсьці ў строй і працягваць тую працу, якую я рабіў і якой увесь час займаўся.

Дактары, якія даглядаюць мяне, кажуць, што, калі я буду выконваць іхныя парады й рэкамэндацыі, то ў мяне будзе магчымасьць поўнасьцю выправіць сваё здароўе, а можа, нават і забыцца пра цяперашні свой стан. Зараз я ўжо займаюся фізкультурай".

(Карэспандэнтка: ) "Не перагружаць сябе нэрвовымі сытуацыямі. Вы з гэтым спраўляецеся?"

(Домаш: ) "Ну, гэтая парада першачарговая. Гэта нават патрабаваньне дактароў. Але ж вельмі цяжка, гледзячы на тое, што адбываецца і, чуючы, пра тое, што адбываецца, вельмі цяжка ўстрымацца, каб быць спакойным. Але, тым ня менш, рабіць гэта трэба".

(Карэспандэнтка: ) "Вось тут у Вас стаіць прыймач. А якія вы праграмы слухаеце?"

(Домаш: ) "Практычна ўсе. Свабоду ў першую чаргу. Радыё "Рацыя" тут дрэнна чуваць. Слухаю беларускія радыёстанцыі й расейскія. Слухаю Свабоду расейскую".

(Карэспандэнтка: ) "Ёсьць нейкая магчымасьць параўнаць, як хто асьвятляе гэтую выбарчую кампанію?"

(Домаш: ) "Зараз вельмі добрая магчымасьць для гэтага. Я раней ніколі ня слухаў столькі радыё. Мне таксама інфармацыю даюць і мае прыхільнікі, і мае сябры. І вось пры параўнаньня ўсяго можна высьветліць, якая ж радыёстанцыя больш праўдзіва асьвятляе падзеі. Я павінен сказаць камплімэнт Радыё Свабода — вельмі апэратыўныя матэрыялы былі падчас выбараў і, дарэчы, гэтыя матэрыялы потым пацьвярджалі перадачы іншых радыёстанцыяў".

(Карэспандэнтка: ) "Нейкі час Вы ня будзеце займацца палітыкай?"

(Домаш: ) "Мне цяпер трба па-сапраўднаму заняцца сваім здароўем, бо, калі я ня выканаю ўсіх рэкамэндацыяў лекараў, то няздольны буду працаваць. Ну, а забыцца, ня чуць, закрыцца ад усяго — вельмі цяжка і немагчыма. Да мяне прыходзяць сябры, і тут я размаўляю з хворымі, якія маюць розныя погляды. У іх свае сымпатыі да розных кандыдата, таму адысьці ад гэтага цяжка. А калі ўлічыць, што я толькі гэтым і займаўся апошнім часам...

Колькі ў мяне будзе магчымасьцяў і наколькі хопіць майго здароўя, я буду займацца гэтым. Ужо цяпер я пляную працу на будучыню".

(Карэспандэнтка: ) "Празь месяц?"

(Домаш: ) "Будзем спадзявацца, што так".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG