Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС БЕЛАРУСІ ЗАКЛІКАЕ ШУКАЦЬ КАНСТРУКТЫЎНЫЯ ЭЛЕМЭНТЫ Ў ВЫСНОВАХ БДІПЧ АБСЭ НАКОНТ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ


Юры Сьвірко, Менск

Старшыня камісіі міжнародных справаў і нацыянальнай бясьпекі гэтак званага Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец ужо дае камэнтары менавіта ў гэтай якасьці, а не як кіраўнік ініцыятыўнае групы Аляксандра Лукашэнкі.

Камэнтуючы ацэнку выбараў 9 верасьня прадстаўнікамі АБСЭ як несвабодных і несправядлівых, спадар Чаргінец заявіў: "Людзі проста адпрацоўвалі грошы", і дадаў, што велізарная колькасьць міжнародных назіральнікаў прызналі й выбары, і працэс іх правядзеньня. Што адпрацоўвалі гэтыя назіральнікі, кіраўнік Лукашэнкавай перадвыбарчай групы не патлумачыў.

Наконт заявы Хавіера Саляны, вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў пытаньнях замежнае палітыкі, Мікалай Чаргінец заявіў: "Саляна, які аддаў загад бамбаваць Югаславію, увогуле ня тая фігура, якая заслугоўвае таго, каб яго ацэньвалі як справядлівага палітыка".

А прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Павал Латушка больш памяркоўна адрэагаваў на заявы спадара Саляны й свайго калегі зь Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Філіпа Рыкера:

(Латушка: ) "Мы зыходзім з таго, што і Беларусі, і Злучаным Штатам Амэрыкі, і краінам Эўрапейскага Зьвязу неабходна шукаць і знаходзіць канструктыўныя элемэнты, якія ўтрымліваюцца ў дакумэнтах, што тычацца міжнароднага назіраньня на выбарах у Беларусі. Такіх канструктыўных элемэнтаў, напрыклад, у дакумэнтах БДІПЧ АБСЭ даволі шмат.

Сваю палітыку Беларусь будзе будаваць, зыходзячы з духу канструктыўнага й зацікаўленага супрацоўніцтва".

Спадар Латушка не захацеў камэнтаваць рэзкія заявы Сяргея Посахава, памочніка Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля таго, як у ноч па выбарах спадар Посахаў не знаходзіў на адрас АБСЭ іншых словаў, акрамя расейскага мату, сёньня Лукашэнкаў памочнік кажа, што ацэнкі назіральнікаў ад АБСЭ мелі "нейкі змоўніцкі характар" і да таго ж былі "нічым не матываваныя".

Гэтак матывуе свой мат Сяргей Посахаў. Аднак ён таксама заявіў: "Пераканаўчая перамога на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандра Лукашэнкі ёсьць цудоўнай падставай для пачатку нармальнага й канструктыўнага дыялёгу Беларусі з Захадам і ЗША. І мы абавязкова пойдзем гэтым шляхам", — упэўнены спадар Посахаў.
XS
SM
MD
LG