Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫБАРЧЫ ШТАБ УЛАДЗІМЕРА ГАНЧАРЫКА ЗГОРТВАЕ ДЗЕЙНАСЬЦЬ


Ігар Карней, Менск

Сёньня з раніцы ў штабе Ўладзімера Ганчарыка было бязьлюдна й ціха. Пасьля некалькіх тыдняў палітычнага цэйтноту актывісты ўзялі паўдня адпачынку. Кіраўніца выбарчага штабу Валянціна Палевікова ў адказ на пытаньне пра пэрспэктыву штабу кажа, што ягоны лёс можа быць вырашаны цягам сёньняшняга ды заўтрашняга дзён — пасьля некалькіх паседжаньняў палітсавету, штабу, а таксама заўтрашняй нарады рэгіянальных прадстаўнікоў, якія працавалі ў камандзе адзінага кандыдата.

Гаворыць Вялянціна Палевікова:

(Палевікова: ) "Нявырашаных пытаньняў, на жаль, засталося шмат. Трэба іх вырашыць ды падвесьці вынікі. Таму мы застаемся працаваць, і гэтыя дні абяцаюць быць вельмі напружанымі. Сёньня, прыкладам, зьбіраецца палітычны савет, які быў створаны пры штабе, а пасьля будзе паседжаньне й самога штабу".

(Карэспандэнт: ) "Дык ці можна меркаваць, што менавіта сёньня будуць падведзеныя вынікі працы й акрэсьленыя пэрспэктывы існаваньня штабу?"

(Палевікова: ) "Пра вынікі ня ведаю, а пэрспэктыва ў цэлым вырашаная будзе. Можа, ня сёньня. Заўтра мы запрашаем усіх, хто працаваў з намі ў рэгіёнах. Напэўна, вынікі будуць падведзеныя на рэгіянальным паседжаньні".

Сямён Домаш дагэтуль у шпіталі, таму сёньняшняе вечаровае паседжаньне палітычнай рады правядзе выканаўца абавязкаў старшыні рады Леанід Лемяшонак. Зважаючы на тое, што паседжаньне праходзіць за зачыненымі дзьвярыма, я загадзя патэлефанаваў спадару Лемяшонку.

(Лемяшонак: ) "Штабы заканчваюць сваю працу. Да пятніцы павінны вырашыць усе пытаньні. Скаргу Ганчарык падаў, учора рэзалюцыя на мітынгу была прынятая. Па сутнасьці, палітычная рада дагэтуль сумяшчала функцыі аргкамітэту. Сёньня абмяркуем вынікі мітынгу, пацьвердзім намер працягваць больш актыўную працу з тлумачэньнем тых парушэньняў, якія дапусьціла ўлада, заклічам да актывізацыі працы партыяў, да пашырэньня дзейнасьці руху "За новую Беларусь". На сёньняшнім паседжаньні Фэдэрацыі прафсаюзаў, зрэшты, сам Ганчарык выказаў думку, што будзе працаваць менавіта ў гэткім фармаце".

Між іншым, некаторыя службы штабу Ўладзімера Ганчарыка ўжо спынілі дзейнасьць. Найперш зьнікла неабходнасьць у паслугах валанцёраў. Спыніў працу й прэсавы цэнтар, і зараз сувязь са сродкамі масавай інфармацыі падтрымлівае толькі асабісты прэсавы сакратар Ганчарыка Зьміцер Верашчагін.

Пакуль дзейнічае толькі юрыдычны аддзел, які будзе чакаць рэакцыі Цэнтарвыбаркаму на скаргу Ганчарыка на перагляд вынікаў галасаваньня. Паводле апошніх зьвестак, асноўныя падразьдзяленьні штабу будуць існаваць да пятніцы, да абвяшчэньня афіцыйных вынікаў выбараў.


XS
SM
MD
LG