Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІ ДРУК ПРА БЕЛАРУСЬ: ПРЫ ТАКІМ РЭЖЫМЕ ШЛЯХ У ЭЎРОПУ - ЗАКРЫТЫ


Мікола Іваноў, Прага

“Лукашэнка на кані, - чытаем у сёньняшнім нумары “Известий”, - але куды прывядзе яго гэтая жывёліна на чатырох нагах – вялікае пытаньне. Шлях у Эўропу пры такім палітычным рэжыме закрыты. У СНД зь яго слабым кіраўніцтвам можна рухацца, але гэта рух у нікуды. Кантакты з Азіяй і Блізкім Усходам, якія Лукашэнка пачаў наладжваць, каштоўныя, але не выратавальныя. Выбар малы. Рухацца ў бок Масквы. Але Масква наўрад ці пойдзе на саступкі суседу, якія могуць пашкодзіць яе эканоміцы і рэпутацыі. Іншы шлях – заставацца ў адзіноце сам на сам з сабой. Такія прыклады ў гісторыі вядомыя. Напрыклад Паўночная Карэя.”

“Калі а 12 гадзіне ўначы, - піша “Московский комсомолец”, - старшыня ЦВК Ярмошына абвясьціла сярэднюю лічбу “за” Лукашэнку - амаль 80%, “прысьвіснулі” нават беларускія журналісты, якія пішуць для афіцыйных выданьняў… “Я перамог прыгожа і элегантана”, - паведаміў журналістам стары-новы прэзыдэнт. На самой жа справе да элегантнасьці было далёка”.

“Московский комсомолец” звяртае ўвагу сваіх чытачоў на мэханіку падліку галасоў. “ЦВК у спешцы выдавала пераможныя лічбы і не парупілася нават растлумачыць: чаму далёкая Брэсцкая вобласць на 90% адрапартавала пра паспяховыя вынікі, а Менск, які вось ён - пад бокам – падлічаны толькі на 15%. Таму, што тут да чорта міжнародных назіральнікаў, растлумачылі мясцовыя журналісты, - і тут выдаць патрэбныя лічбы больш складана”.

“Комсомольская правда” у камэнтары Аляксандра Гамава аналізуе наступствы для Расеі падобнага выніку прэзыдэнцкіх выбараў: “Ці добра гэта для Расеі? Праўдападобна, так. І тя толькі таму, што мы ў …надцаты раз можам заключыць нейкі “лубочны” дагавор у справе саюзу Русобелія. (Калі доўга мучыцца, нешта атрымаецца.) Магчымая рэальная сынхранізацыя ня толькі эканамічных, але і палітычных працэсаў, якія адбываюцца ў дзьвюх дзяржавах. Галоўнае – пад бокам застаецца адданы стратэгічны партнёр.”

“Независимая газета” аналізуе тактыку апазыцыі падчас прэзыдэнцкіх выбараў. “Значна больш шанцаў звяржэньня рэжыму, - чытаем на старонках газэты, - было б, калі б яна байкатавала выбары і зрабіла іх безальтэрнатыўнымі... У гэтым выпадку вынік выбараў ад самага пачатку ня мог бы быць прызнаны ніводнай дзяржавай, і Беларусь такім чынам апынулася б у поўнай ізаляцыі. Вынікам падобнай сытуацыі было б пагаршэньне эканамічнай сытуацыі. І ў такі неспрыяльны для Лукашэнкі пэрыяд апазыцыя магла б разыграць сваю казырную карту: абвясьціць усенародны рэфэрэндум з мэтай выбару новага кіраўніка дзяржавы”.

XS
SM
MD
LG