Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

І ПА ГАРАДЗЕНСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ НЕЗАЛЕЖНЫЯ НАЗІРАЛЬНІКІ НЯ ЗДОЛЕЛІ ДАЦЬ ПОЎНУЮ ІНФАРМАЦЫЮ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Яны назвалі мноства прыкладаў парушэньня выбарчага заканадаўства.

У вобласьці працавала група міжнародных і расейскіх назіральнікаў і журналістаў ад міжнароднай Гельсынскай фэдэрацыі. Яны прынялі заяву. У ёй адзначана: "Шырокамаштабнае ўмяшаньне ўладных структураў у ход выбараў ставіць пад сумнеў дэмакратычнасьць гэтых выбараў. У выбарчым працэсе не забясьпечаныя свабода і адкрытасьць, роўнасьць кандыдатаў, кантроль за ходам галасаваньня і падлікам галасоў".

Таму група з 12 міжнародных назіральнікаў і журналістаў ставіць пад сумнеў вынікі галасаваньня. У заяве прыведзеныя канкрэтныя выпадкі парушэньня, якія зафіксавалі ейныя аўтары.

Сяргей Шумавалос сказаў мне, што ён сумняецца ў аб'ектыўнасьці тых назіральнікаў ад СНД, якія маюць іншае меркаваньне. Гэтыя назіральнікі працавалі паводле праграмы ўладаў. Напрыклад, у дзень выбараў яны аглядалі ў гарадзкім парку выставу народных умельцаў.

Калегам спадара Шумавалоса ўлады таксама прапанавалі падобную праграму, але яны адмовіліся й самастойна наведалі ў вобласьці больш за 100 выбарчых участкаў. Колькасьць зафіксаваных парушэньняў аграмадная, зазначыў расейскі назіральнік.

Уладзімер Хільмановіч каардынатар незалежнага назіраньня ад Фонду Сапегі паведаміў наступнае:

(Хільмановіч: ) "У дзень выбараў дзьве траціны назіральнікаў улады не дапусьцілі на ўчасткі. Усяго спачатку ў вобласьці працавалі 1433 назіральнікі. Увечары 9 верасьня і ўначы ўлады адключылі тэлефоны ўсіх структураў, якія займаліся незалежным назіраньнем у Горадні і ў гарадах вобласьці, а таксама хатнія тэлефоны каардынатараў, каб немагчыма было атрымліваць інфармацыю аб парушэньнях з раёнаў і перадаваць яе ў сталіцу".

Каардынатар незалежнага назіраньня ад "Вясны" Сяргей Мальчык назваў лічбы. Толькі ў Ленінскім раёне Горадні склалі 200 пратаколаў і заяваў пра розныя парушэньні. На чвэрці ўчасткаў гэтага раёну незалежнае назіраньне ў дзень выбараў ажыцьцяўлялася. Вынікі ў падліку галасоў на гэтых участках сьведчаць, што за Ўладзімера Ганчарыка прагаласавалі 34,5% выбарцаў. Улады даюць па гэтым раёне папярэднія лічбы, якія меншыя на 5%.


XS
SM
MD
LG