Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАРЫСТАЛЬНІКІ ІНТЭРНЭТУ І МАБІЛЬНЫХ ТЭЛЕФОНАЎ ЗЬБІРАЮЦЦА ПАДАЦЬ У СУД НА БЕЛТЭЛЕКАМ ЗА ЎЧОРАШНЯЕ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Судовае разьбіральніцтва пагражае манапалісту забесьпячэньня паслугаў сувязі фірме "Белтэлекам", арганізацыі "Адкрыты кантакт", якая падтрымлівае электронныя скрынкі беларускіх кліентаў, а таксама кампаніі мабільнай сувязі "Velcom".

Прэтэнзіі да іх маюць людзі, якія сьцьвярджаюць, што кампаніі наўмысна перашкаджалі іхнай працы ў Інтэрнэце і сарвалі мабільную сувязь учора ўдзень і ўначы — якраз у той час, калі ішлі выбары, а потым вёўся падлік галасоў.

Алег Бябенін, прэсавы сакратар "Хартыі-97", якая ўчора апынулася сярод тых арганізацыяў, што пазбавілі выхаду ў Інтэрнэт, гэтак тлумачыць прычыны здарэньня:

(Бябенін :) "Гэта была спроба ўладаў заблякаваць распаўсюд вольнай інфармацыі пра выбары. Першым крокам стала стварэньне праблемаў доступу да ўсіх сайтаў у дамэне by. Другім крокам стала блякаваньне IP-адрасоў.

Беларускім карыстальнікам заблякавалі доступ на адрасы сайтаў "Хартыі-97", Радыё Свабода, газэты "Наша свабода", агенцыі БелаПАН, Радыё Рацыя, праваабарончага цэнтру "Вясна" — увогуле беларускія карыстальнікі ня мелі доступу да больш як 20 рэсурсаў".

Алег Бябенін лічыць, што перакрыцьцё доступу ў Інтэрнэт адбылося на ўзроўні кампаіі "Белтэлекам", а таксама кажа, што адказная за гэта фірма "Адкрыты кантакт", якая падтрымвае DNS-адрасы.

Кіраўнік аддзелу продажаў "Адкрытага кантакту" Аляксандар Багмат пацьвердзіў у інтэрвію нашаму радыё, што ўчора адбылася "фільтрацыя" шэрагу карыстальнікаў Інтэрнэт, але пэўна патлумачыць прычыну гэтага здарэньня ня змог.

(Багмат: ) "Гэта маглі быць хакеры, магла быць яшчэ нейкая атака, нейкіх пэўных прычынаў я назваць не магу", — сказаў прадстаўнік фірмы, якая абслугоўвае карыстальнікаў Інтэрнэту.

Гэткім жа няпэўным быў адказ прадстаўніка кампаніі мабільнай сувязі "Velcom". Старшая апэратарка аддзелу абслугоўваньня Алена Шэлег спрабавала запэўніць мяне, што сотавыя тэлефоны гэтай фірмы ўчора і сёньня ўначы не адключалі. Нагадаю, увечары на Кастрычніцкай плошчы тэлефоны не працавалі — гэта спадарыня Шэлег патлумачыла нібыта вялікай канцэнтрацыяй карыстальнікаў у адным месцы. Незадаволеным карыстальнікам яна параіла зьвяртацца са скаргамі ў фірму.

Гэтыя зьвесткі, аднак, супярэчаць таму, што распавядае кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі.

(Бяляцкі: ) "Улады вельмі баяліся, што незалежнае назіраньне здолее арганізаваць хуткае паступленьне інфармацыі пра выбары ў цэнтар і апрацоўку гэтай інфармацыі. Адначасова адключылі ўсе тэлефоны каардынатараў у Менску, абласных цэнтрах і вялікіх раённых гарадах. Былі адключаныя таксама сотавыя тэлефоны ў Менску і абласных цэнтрах. І пэўны час мы не маглі імі скарыстацца", — сьцьвярджае Алесь Бяляцкі.

Паводле яго, на руках у назіральнікаў было больш за 100 мабільных тэлефонаў, якія абслугоўвае кампанія "Velcom". Бяляцкі кажа, што не працавалі тэлефоны ня толькі ў цэнтры, але і ва ўсім горадзе. Ён лічыць, што гэта была "сплянаваная дывэрсія". Бяляцкі не выключае, што ў ліку іншых карыстальнікаў падасьць на кампанію ў суд, аднак лічыць, што ініцыятараў гэтай дывэрсіі трэба шукаць сярод спэцслужбаў.

Між тым, КГБ абвяргае, што мае дачыненьне да адключэньня мабільных тэлефонаў, як і да праблемаў з Інтэрнэтам. Прадстаўнік КГБ Фёдар Котаў сьцьвярджае, што ў чэкістаў "нават няма такіх магчымасьцяў". Крыніцы мяркуюць, што падобныя перашкоды мог бы ўчыніць Дзяржаўны цэнтар бясьпекі інфармацыі пры адміністрацыі Лукашэнкі, але атрымаць камэнтар ягоных спэцыялістаў не ўдалося. Як паведаміў дзяжурны, усіх супрацоўнікаў цэнтру на месцы сёньня няма.

XS
SM
MD
LG