Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВІЦЕБСКІЯ НАЗІРАЛЬНІКІ, ЧЫЕ ТЭЛЕФОНЫ ЎЧОРА ТАКСАСМА НЕ ПРАЦАВАЛІ, ЗАЯВІЛІ СЁНЬНЯ ПРА ЎСТАЛЯВАНЬНЕ ДЫКТАТУРЫ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Усю мінулую ноч у віцебскім офісе грамадзкай ініцыятывы "Незалежнае назіраньне" апрацоўвалі вынікі галасаваньня, атрыманыя ад назіральнікаў ды раённых каардынатараў. А сёньня а 10-й раніцы старшыня абласной рады ў справе назіраньня за выбарамі Іосіф Навумчык правёў тамсама прэсавую канфэрэнцыю.

Найперш спадар Навумчык зьвярнуў увагу на тое, што ўчора ўвечары ва ўсіх недзяржаўных структурах, якія мелі дачыненьне да выбараў, былі адключаныя тэлефоны. І адбылося гэта якраз у часе сувязі з раённымі каардынатарамі.

Тым ня менш віцебскім прадстаўнікам грамадзкае ініцыятывы "Незалежнае назіраньне" ўдалося сабраць зьвесткі з рэгіёнаў. Атрыманыя ад афіцыйных асобаў (а іншае магчымасьці ў незалежных назіральнікаў не было) зьвесткі, паводле папярэдняй ацэнкі, у асноўным супадаюць з тымі, што абвесьціла Цэнтральная выбарчая камісія. Але назіральнікі ды каардынатары заўважылі падчас працы некоторыя дзіўныя асаблівасьці.

У прыватнасьці, амаль паўсюдна колькасьць галасоў, што аддалі за Лукашэнку, адрозьнівалася на ягоную карысьць ад колькасьці галасоў за Ганчарыка — прыкладна ў пяць разоў у горадзе і ў дзесяць разоў у раёнах. Паводле некаторых зьвестак, атрыманых назіральнікамі з афіцыйных крыніцаў, былі нават такія ўчасткі, дзе за трох кандыдатаў прагаласавалі ўсе 100% выбарцаў, чаго не бывала, як адзначыў спадар Навумчык, і за савецкай уладай.

Усе раённыя каардынатары амаль аднагалосна адзначылі, што назральнікаў не дапускалі наглядаць за працэсам падліку бюлетэняў. А спадар Навумчык распавёў, што сябар камісіі аднаго з участкаў, разьмешчаных у Віцебскім мэдычным унівэрсытэце, паведаміў яму пра загад старшыні не называць пры падліку ніякіх лічбаў уголас, пакуль ня будуць прадстаўленыя канчатковыя вынікі.

А тыя назіральнікі, якім усё-ткі ўдалося разгледзець дастаныя са скрыняў бюлетэні, сьведчылі, што шмат на якіх аркушах не было нават знаку, што іх складалі — а бюлетэнь жа надта складана ўкінуць у скрыню, ня склаўшы. Адпаведна, у назіральнікаў узьнікала падазрэньне пра магчымасьць ускрываньня скрыняў дзеля падтасоўкі вынікаў.

Дарэчы, у Віцебску засьведчылі прынамсі два выпадкі, калі скрыні для датэрміновага галасаваньня незаконна ўскрывалі. Адзін зь іх учора засьведчыла назіральніца Антаніна Піванос на ўчастку №2 Першамайскага раёну. Яна адразу ж напісала заяву ў пракуратуру ды запрасіла на ўчастак экспэртаў-крыміналістаў. Вынікі расьсьледаваньня гэтай справы пакуль невядомыя.

Паводле словаў спадара Іосіфа Навумчыка, ён не ўскладае вялікіх надзеяў на плённае расьсьледаваньне падобных справаў, бо дагэтуль няма ніякай рэакцыі на заявы, пададзеныя колькі дзён таму пра папярэднія парушэньні. А шмат у якіх раённых гарадах у дзень выбараў пракуратура не працавала ўвогуле.

Абагульняючы ж размову пра правядзеньне ўчорашніх прэзыдэнцкіх выбараў, старшыня Віцебскай рады ў справе незалежнага назіраньня сказаў, што канчатковым завяршэньнем выбарчага фарсу сталася ўсталяваньне ў Беларусі, у самым цэнтры Эўропы, сапраўднае дыктатуры — дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі.

XS
SM
MD
LG