Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАДСТАЎНІКІ ЭЎРАПЕЙСКІХ МІЖНАРОДНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ ДАЛІ АЦЭНКУ ВЫБАРАМ


Уладзімер Глод, Менск

Вынікі працы місіі БДІПЧ агучыў адмысловы каардынатар дзейнага старшыні АБСЭ Кіма Кільюнен. Ён адкрэсьліў тры асноўныя высновы:

(Кільюнен: ) "Працэс прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году не адпавядаў забавязаньням АБСЭ ў справе правядзеньня дэмакратычных выбараў, сфармуляваным у Капэнгагенскім дакумэнце ад 1990 году, і стандартам Рады Эўропы.

Місія вітае і прызнае ўзьнікненьне грамадзянскай супольнасьці, якая ёсьць асновай для разьвіцьця дэмакратычных палітычных структураў, якія прадстаўляюць усе пласты насельніцтва.

Ізаляцыя Беларусі не ў інтэрэсах беларускага народу і ня будзе спрыяць узмацненьню дэмакратычнага разьвіцьця краіны".

Дакумэнты місіі зьвяртаюць увагу на шэраг фундамэнтальных недахопаў, якія вызначылі выбарчы працэс. Падкрэсьліваецца таксама той факт, што некаторыя з тых недахопаў — спэцыфічна беларускія. Іх узгадвае Кіма Кільюнен:

(Кільюнен: ) "Палітычны рэжым не прызвычаены мець апазыцыю і робіць усё мажлівае дзеля блякаваньня яе дзейнасьці. Наяўнасьць выканаўчых структураў улады з празьмернымі паўнамоцтвамі, уключаючы мажлівасьць кіраваньня краінай з дапамогай прэзыдэнцкіх дэкрэтаў, якія не падлягаюць адпаведнаму заканадаўчаму кантролю, што дазваляе адвольна зьмяняць умовы правядзеньня выбараў ды іншыя.

Апошняе (але гэта не азначае, што найменш важнае) — празьмерна прадузятыя дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, а таксама цэнзура незалежных газэтаў".

Як думае паводзіць сябе міжнародная супольнасьць у дачыненьні да Беларусі далей? У дакумэнце БДІПЧ з гэтай нагоды адзначаецца:

"Міжнародная супольнасьць асабліва занепакоеная празьмернымі пагрозамі, якія прагучалі ў апошні час з вуснаў найвышэйшага кіраўніцтва краіны на адрас апазыцыйных і незалежных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама палітычных актывістаў. Далейшае разьвіцьцё падзеяў будзе заставацца пад пільным міжнародным наглядам".

А вось што думае на гэты конт Стэф Горыс, які ачольвае дэлегацыю ад Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы:

(Горыс: ) "Беларусь на сёньняшні момант адзіная краіна, якая ня мае статусу сябра Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. 10 мільёнаў насельніцтва ня могуць стаць сябрамі дэмакратычнай сям'і Эўропы. Але ня трэба губляць надзеі. Мы гатовыя працаваць як з грамадзянскімі структурамі, так і з уладамі. Спадзяемся, што яны возьмуць на сябе пэўныя абавязальніцтвы. Таму беларуская дэлегацыя запрошаная ўдзельнічаць у пленарным паседжаньні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, якое пройдзе у сьнежні ў Страсбургу".

Да таго ж спадар Горыс заклікаў беларускія ўлады ўвесьці мараторый на сьмяротныя пакараньні, паколькі гэты момант надзвычай важны для Рады Эўропы.

Сваю пазыцыю выказаў і прадстаўнік Эўрапарлямэнту Ян Вірсма:

(Вірсма: ) "Дэлегацыя Эўрапарлямэнту цалкам падзяляе заяву, і яна паінфармуе Эўрапарлямэнт пасьля вяртаньня. Мы маем намер падрыхтаваць адмысловую справаздачу адносна Беларусі яшчэ сёлета".

Журналіст ангельскага часопіса Тhe Economist спытаўся ў спадара Кільюнена, ці можна цяпер лічыць Аляксандра Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі? Вось што адказаў на гэтае пытаньне адмысловы каардынатар дзейнага старшыні АБСЭ:

(Кільюнен: ) "Нашай задачай ня ёсьць прызнаньне альбо непрызнаньне. Нашая задача — даць ацэнку выбарам".


XS
SM
MD
LG