Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16:35 У ГОМЕЛЬСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ ВЫБАРЫ АДБЫЛІСЯ


Казімер Яноўскі, Гомель

Яшчэ больш высокія паказчыкі актыўнасьці выбарцаў камісія падала з Брагінскага, Нараўлянскага, Кармянскага раёнаў. Тут колькасьць прагаласаваўшых перавысіла адпаведна 72%, 69% і 68%. Гэта з улікам папярэдняга галасаваньня, у якім, напрыклад, у Нароўлі і Карме, узяла ўдзел пятая частка выбарцаў.

Выбары ў найбуйнейшых гарадах рэгіёну — Мазыры, Рэчыцы, Жлобіне, Сьветлагорску, у тым ліку і абласным цэнтры, адбываліся больш млява. Тут да апоўдня прагаласавала прыкладна траціна выбарцаў.

Участак №4 у 21-й сярэдняй школе Цэнтральнага раёну Гомеля сустракаў выбарцаў музыкай. Старшыня камісіі, дырэктар школы Аляксандар Храмцоўскі хаця і кажа, што выбарцы ідуць на ўчастак досыць актыўна, але лічбы назваць адмаўляецца.

(Храмцоўскі: ) "Я думаю, ня трэба апярэджваць падзеі. Заўтра раніцаю мы даведаемся пра ўсе лічбы".

(Карэспандэнт: ) "Чым вы кіруецеся, не называючы канкрэтных лічбаў?" — пытаюся ў старшыні.

(Храмцоўскі: ) "Каб не сурочыць", — кажа спадар Храмцоўскі.

"Не сурочыць" вынікаў галасаваньня баяцца і многія іншыя старшыні камісіяў. Учора на ўчастку №4 Рэчыцы, калі яшчэ вялося датэрміновае галасаваньне, назіральнікі заўважылі на стале ў сакратаркі камісіі спадарыні Байдак ужо запоўнены пратакол вынікаў галасаваньня. Склалі акт.

Многія старшыні камісіяў пачалі патрабаваць ад назіральнікаў пераафармленьня дакумэнтаў пра накіраваньне на выбарчыя ўчасткі. У Сьветлагорску назіральніка ад праваабарончага цэнтру "Вясна" Віктара Рудога не дапусьцілі на ўчастак толькі таму, што ў пратаколе накіраваньне напісалі слова "сябар", а не расейская калька "член".

Сёньня паводле надуманай падставы з участку №60 Савецкага раёну абласнога цэнтру выдалілі назіральніцу ад Беларускага Гельсынскага камітэту спадарыню Шацілаву.

На выхадзе з участку №4 цікаўлюся ў выбарцаў, каму з кандыдату яны аддалі перавагу? Распавядаюць жонка і муж Бондаравы.

(Бондаравы: ) "За Лукашэнку, канечне. Ён наш прэзыдэнт, мы яго паважаем і любім". "Я таксама за Лукашэнку. Ён добры гаспадарнік, калгасьнік, і я калгасьнік быў", — кажуць пэнсіянэры Бондаравы.

Малады гамельчук Яўген Касьцюшка робіць іншы выбар.

(Касьцюшка: ) "За Ганчарыка, толькі за яго. Трэба перамены, трэба новыя фігуры, не абцяжараныя брыдотай, падазрэньнямі і хамствам", — сказаў спадар Касьцюшка.


XS
SM
MD
LG