Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЎТАР ПУБЛІКАЦЫЯЎ ПРА БЕЛАРУСЬ У НЯМЕЦКІМ ДРУКУ МАРКУС ВЭРНЭР АДКАЗВАЕ НА ПЫТАНЬНІ “СВАБОДЫ”


Алена Панкратава, Менск

Лічыцца, што пра Беларусь эўрапейскія палітыкі й СМІ згадваюць у сувязі з надзвычайнымі падзеямі альбо скандаламі. Спачатку ў зьвязку з Чарнобылем, потым у зьвязку з прызнаньнем беларускага лідэра ў сымпатыях да кіраўніка Трэцяга рэйху. І, нарэшце, у сувязі зь вялікім артыкулам у "Frankfurter Allgemeine Zeitung" пра эскадроны сьмерці.

З гэтага пачалася наша размова з аўтарам артыкулу Маркусам Вэнэрам.

(Вэнэр: ) "Рэзананс пасьля гэтага артыкулу быў сапраўды вялікі. Мне тэлефанавалі многія калегі, чытачы. Артыкул цытавалі эўрапейскія СМІ. Беларусь, якой несправядліва мала ўвагі надаюць у Заходняй Эўропе, зацікавіла Эўропу зноў.

Канечне, зьніклыя людзі — ня новая для Эўропы тэма, аднак я ўзяў інтэрвію ў сьведкаў падзеяў. У Бэрліне мне ўдалося гутарыць з палкоўнікам Алкаевым, які абвінавачваў прэзыдэнта, адказных беларускіх сілавікоў, ўключна з Шэйманам. Думаю, што да гэтай тэмы будуць не аднойчы вяртацца заходнія журналісты".

(Карэспандэнтка: ) "Сярод нямецкамоўных газэтаў, бадай, толькі дзьве — ваша і "Neue Zuercher Zeitung" могуць зьмясьціць артыкул пра сытуацыю ў Беларусі на першай старонцы".

(Вэнэр: ) "Усё тлумачыцца тым традыцыйным інтарэсам, якія "Frankfurter Allgemeine", а таксама "Neue Zuercher Zeitung" маюць да замежнай палітыкі, у тым ліку да Ўсходняй Эўропы, да Балканаў. Яшчэ многае залежыць ад саміх журналістаў.

Многія кажуць: тэма Беларусі дрэнна "купляецца". Мяне ж публікуюць, таму што я часта бываю ў Беларусі, мне падабаецца вашыя краіна і ейныя людзі. Шмат чаго новага я ўбачыў падчас цяперашняй паездкі. Я быў ня толькі ў Менску, але й на Гарадзеншчыне, дзе ніколі ня быў раней.

Мы, канечне ж, цікавіліся, як праходзіць выбарчая кампанія, шмат езьдзілі па вёсках з маіх калегам-фотакарэспандэнтам і гутарылі з рознымі міжнароднымі назіральнікамі, выбарцамі. Бачылі, як аднаго назіральніка адхілілі ад працы ў вёсцы на самай мяжы з Польшчай. Яму сказалі, што гэта закрытая для замежнікаў зона, і тут трэба іншае пасьведчаньне з адмысловай пячаткай.

Вельмі цікавая гісторыя адбылася ў адной вёсцы дзесьці ў 40 кілямэтрах ад Горадні. Мужчына 67 гадоў расказваў нам: "О, апошні час нам стала значна лепей жыць, бо наш прэзыдэнт такі добры мужык. Раней, да Лукашэнкі, усе былі афэрыстамі, злодзеямі, зараз жа зьявілася больш харчоў у крамах, пэнсіі, заробкі выдаюцца своечасова. Я, вядома, буду абедзьвюма рукамі і нагамі галасаваць за Лукашэнку". А ягоны малодшы 25-гадовы сын і жонка сына, якія атрымліваюць сьмешныя заробкі, 50 даляраў штомесяц, сказалі, што з радасьцю зьехалі б на сталае жыхарства ў суседнюю Польшчу. Тым ня меньш, гэтыя маладыя людзі будуць галасаваць за Лукашэнку.

Безумоўна, я быў далёка не ва ўсіх беларускіх вёсках, аднак ўражаньне такое, што большасьць сялянаў за яго".

(Карэспандэнтка: ) "Многія аглядальнікі ў вашай краіне лічаць, што вынікі выбараў залежаць ад пазыцыі Масквы..."

(Вэнэр: ) "Што да пазыцыі Масквы, то хтосьці з маіх калегаў сказаў, што гэта заўсёды быў узброены нэўтралітэт. Мы нядаўна пабачылі ў Маскве, як кіраўнікі канцэрнаў "Лукойл", "Слаўнафта" ды іншыя выдалі Лукашэнку вялікі крэдыт.

Мы таксама ведаем, што палітыкі Жырыноўскі, Тулееў, Якаўлеў, Лужкоў жадаюць перамогі Лукашэнку, каб пазьней адхапіць кавалак беларускага пірага. Хаця ўсё яны павінны ведаць, што Лукашэнка можа шмат абяцаць, але пры гэтым не трымаць слова.

Што тычыць дзяржаўных расейскіх тэлеканалаў, то яны апошні час сталі падтрымліваць дзеючага беларускага прэзыдэнта. Яны не паклікалі ў эфір Ганчарыка.

Канечне, пазыцыю палітычнай клясы трэба адрозьніваць ад пазыцыі Пуціна. Пуцін, якога можна назваць адкрытай таямніцай, зусім ня хоча быць адкрытым для Лукашэнкі. Тое, што Пуцін паехаў на сьвяткаваньне незалежнасьці Ўкраіны, а Лукашэнка — не, гэта знак, якога б ніколі не падаў Ельцын. Тым ня менш, ён заўсёды можа схаваць свае антыпатыі, калі яны супярэчаць ягоным стратэгічным плянам. Дарэчы, Лукашэнка робіць тое ж самае".

(Карэспандэнтка: ) "Вы лічыце, што нечаканасьцяў у часе беларускіх выбараў ня будзе?"

(Вэнэр: ) "Я думаю, што Лукашэнка ня можа прайграць гэтыя выбары. Гэтага ён проста сабе не дазволіць. Аб'ектыўна ён можа прайграць, аднак тады вынікі выбараў будуць сфальсыфікаваныя. Калі вынікі выбарчай камісіі і незалежных назіральнікаў будуць вельмі адрозныя, АБСЭ ды іншыя эўрапейскія арганізацыі не прызнаюць гэтых выбараў. Гэта вельмі верагодны вынік.

Вядома, таксама магчыма, што Лукашэнка выйграе ў гэтых выбарах. Зразумела, выбары ня будуць "free and fair" — свабодныя і справядлівыя. Ён не захоча перамагчы мінімальным вынікам — на 51%. Ён захоча атрымаць пераканаўчую перамогу. Дасягнуць гэтага прававым шляхам немагчыма".

XS
SM
MD
LG