Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДЛЯ НЭЎТРАЛІЗАЦЫІ НЕЗАЛЕЖНЫХ НАЗІРАЛЬНІКАЎ НА МАГІЛЁЎШЧЫНЕ ВЫКАРЫСТОЎВАЮЦЦА ЛЮБЫЯ СРОДКІ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёўская вобласьць

Рэдактара незарэгістраванай газэты "Панарама" Ігара Сімбірола затрымалі, калі ён выходзіў зь цягніка "Магілёў–Асіповічы". Міліцыянты патлумачылі, што яго падазраюць ў перавозцы наркотыкаў. Аднак замест іх у яго знайшлі і адразу канфіскавалі незалежныя газэты.

У гэты ж дзень адключылі тэлефон у офісе раённай грамадзкай ініцыятывы "Незалежнае назіраньне", пасьля чаго назіральнікі былі вымушаныя пераехаць на іншае месца.

Найбольш жорсткія меры да незалежных назіральнікаў у Шклове. Кіраўнікі раённай выбарчай камісіі выказалі сумнеў у сапраўднасьці пратаколаў мясцовых арганізацыяў праваабарончага цэнтру "Вясна-96". На іхную думку, яны зьяўляюцца несапраўднымі, бо аформленыя пячаткамі й асадкамі рознага колеру. Пасьля чаго пракуратура і спэцслужбы заняліся праверкай месца працы назіральнікаў.

Затрымалі й каардынатара мясцовага незалежнага назіраньня Пятруся Мігурскага. А тым часам мясцовая выбарчая камісія накіравала ліст кіраўніку цэнтру "Вясна-96" Алесю Бяляцкаму з патрабаваньнем даслаць сьпісы чальцоў шклоўскай арганізацыі гэтага грамадзкага аб'яднаньня.

Улады ціснуць ня толькі на незалежных назіральнікаў, але й на актывістаў ініцыятыўнай групы Ўладзімера Ганчарыка. Нягледзячы на тое, што заканадаўства сёньня гарантуе апошні дзень агітацыі, абласная выбарчая камісія спрабавала забараніць дзейнасьць агітацыйных групаў. Іхным актывістам патлумачылі, што агітацыя забароненая за дзень да выбараў. Але ж пасьля тлумачэньня Цэнтарвыбаркаму на вуліцах Магілёва зноў зьявіліся перадвыбарчыя стэнды. Аднак агітатараў паменела.

Як стала вядома, асобныя дырэктары навучальных установаў папярэдзілі сваіх навучэнцаў, што калі тыя будуць агітаваць на вуліцах, то ім прыйдзецца шукаць іншае месца вучобы. Гэтак здарылася з навучэнцам Магілёўскага пэдагагічнага коледжу Дзянісам Сьлюсаравым.

Міліцыянты і сёньня канфіскоўваюць незалежныя газэты і складаюць пратаколы за распаўсюд друкаваных выданьняў, якія вырабілі з парушэньнем устаноўленага парадку. Да такіх выданьняў звычайна адносяць спэцвыпускі газэтаў "Народная воля" і "Наша свабода".

XS
SM
MD
LG