Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЖНАРОДНЫЯ НАЗІРАЛЬНІКІ ЗАЯВІЛІ, ШТО ІХ АЦЭНКІ ВЫБАРЧАГА ПРАЦЭСУ НАЎРАД ЦІ БУДУЦЬ МОЦНА АДРОЗЬНІВАЦЦА


Уладзімер Глод, Менск

Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ на брыфінгу прадстаўлялі ягоны дырэктар Жэрар Студман і кіраўнік місіі абмежаванага назіраньня Граер Бальян. Ад Асацыяцыі арганізатараў выбараў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы выступілі ейны прэзыдэнт Золтан Тот і старшыня Цэнтарвыбаркаму Расеі Аляксандар Вешнякоў.

Амбасадар Студман засяродзіў увагу на тым, што яшчэ ніколі з таго часу, як ён узначальвае БДіПЧ, ні ў воднай місіі не было так шмат экспэртаў краінаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы. Да таго ж, упершыню Бюро так шчыльна супрацоўнічае з Цэнтарвыбаркамам Расеі. На падставе гэтых прыкладаў Жэрар Студман зрабіў наступную выснову:

(Студман: ) "Узгадваючы гэтыя факты, я хачу абвергнуць абвінавачаньні на наш адрас спадарыні Ярмошынай, якая казала, што мы атрымліваем нейкія рэкамэндацыі ды інструкцыі непасрэдна зь Дзярждэпартамэнту, з Вашынгтону".

Усіх цікавіла, ці адрозьніваюцца ацэнкі дзьвюх міжнародных арганізацыяў адносна таго, як праходзяць выбары кіраўніка беларускай дзяржавы? На гэтае пытаньне па чарзе адказалі Жэрар Студман і Аляксандар Вешнякоў. Гаворыць дырэктар Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека.

(Студман: ) "Я павінен адзначыць, што, нягледзячы на тое, што існуе цудоўнае супрацоўніцтва з Цэнтарвыбаркамам Расеі, са спадаром Вешняковым, з Асацыяцыяй арганізатараў выбараў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, нашыя ацэнкі неабавязкова павінны супадаць. Я думаю, што мы можам даваць розныя ацэнкі асобным стадыям выбарчага працэсу. Але я спадзяюся, што ацэнкі дзьвюх арганізацыяў ня будуць палярныя, супрацьлеглымі".

А вось што думае на гэты конт Аляксандар Вешнякоў:

(Вешнякоў: ) "Я згодны са спадаром Студманам, што, мабыць, у нас будуць трошкі розныя падыходы ў канчатковых ацэнках. Але напэўна, калі мы будзем імкнуцца да аб'ектынаўсьці і прафэсійнай ацэнкі менавіта выбарчага працэсу, абапіраючыся на міжнародныя прававыя стандарты, якія існуюць у гэтай галіне, дык у асноўным гэтыя ацэнкі будуць шмат у чым супадаць, розьнячыся ў асобных элемэнтах, у асобных падыходах".

Я папрасіў спадароў Студмана і Вешнякова пракамэнтаваць сёньняшнія дзеяньні Цэнтарвыбаркаму Беларусі, які ануляваў пасьведчаньні ўнутраных назіральнікаў, якіх вылучыў праваабарончы цэнтар "Вясна", і дазволіў галасаваньне па любых дакумэнтах, дзе ёсьць фотакартка. Гаворыць Жэрар Студман:

(Студман: ) "Я не магу камэнтаваць гэтых фактаў. Мы цяпер іх правяраем. На працягу ўсёй кампаніі было шмат чутак. Але калі гэта сапраўды так, дык мы моцна занепакоеныя. У Швайцарыі таксама можна галасаваць па пасьведчаньні кіроўцы. Але мы маем факт зьмены правілаў гульні ў апошні момант. Гэта, вядома, стварае няпэўнасьць і разгубленасьць, і гэта нядобра".

А вось што сказаў на гэты конт Аляксандар Вешнякоў:

(Вешнякоў: ) "Падыход, які вы толькі што пачулі ад спадара Студмана, цалкам падзяляю. Гэта ёсьць прафэсійны падыход. Мы ня можам даваць ацэнак чуткам. Магчыма, яны сапраўды слушныя, але мы заўжды робім свае высновы толькі на аснове дакумэнтаў. Калі гэты дакумэнт будзе, мы яго прааналізуем і тады будзем камэнтаваць".

XS
SM
MD
LG