Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАМЕЖНЫ ДРУК ПРА БЕЛАРУСЬ –3


Сяргей Шупа, Прага

На пачатку кароткі агляд загалоўкаў.

Weser Kurier: «Празь Беларусь прайшла расколіна». Газэта піша пра тое, як Лукашэнкаў рэжым раскалоў нацыю.

«Свабода дыктатара», «З тэлеэканалу ліецца прапаганда» (Suddeutsche Zeitung);

«Імя пераможцы ўжо напісана на урнах» - іранізуе Bremer Nachrichten;

«Самаўладца дамагаецца пераабраньня» (Thuringer Allgemeine).

А вось зусім мастацкія загалоўкі:

«У змрочным валадарстве пануе гнятлівы страх» (Stuttgarter Zeitung);

«Начальнік клеткі для думак уласнай пэрсонай» (Schwabische Donau Zeitung).

Вялізную падборку артыкулаў пра Беларусь зьмяшчае газэта Nordwest Zeitung (Ольдэнбург, Ніжняя Саксонія). Вось загалоўкі:

«Выбары ў Беларусі: Кандыдат Ганчарык у няроўнай барацьбе»;

«Самаўладны і непрадказальны» - ну, гэта ясна пра каго;

«Нягледзячы на абвінавачаньні ў забойствах, Лукашэнка моцна трымаецца ў сядле»; «Лукашэнку хвалюе ўлада».

Уплывовая Frankfurter Allgemeine Zeitung падсумоўвае перадвыбарчыя матэрыялы ў артыкуле «Перамагае той, каго падтрымвае Расея».

«Палітычны Чарнобыль» - завецца артыкул у ілюстраваным тыднёвіку Der Spiegel. Аўтар Хольгер Кулік піша: «Лукашэнка разагнаў парлямэнт, незаконна працягнуў тэрмін свайго кіраваньня і памалу здае нядаўна атрыманую краінай незалежнасьць. Свабоды слова і прынцыпаў прававой дзяржавы няма. Сродкі масавай інфармацыі ня могуць свабодна працаваць, крытыкі рэжыму затрымваюцца на адвольныя загады. І нягледзячы на ўсё гэта ўрады эўрапейскіх краінаў выяўляюць да гэтай магчымай крызыснай зоны дзівосную абыякавасьць. Крытычна на падзеі ў Беларусі рэгулярна рэагуе толькі Дзяржаўны Дэпартамэнт Злучаных Штатаў. А вось нямецкае Міністэрства замежных справаў, якое некалі абяцала, што ягоная палітыка базуецца на захаваньні правоў чалавека, дык вось, нямецкае МЗС маўчыць» - піша тыднёвік Der Spiegel.

Олівэр Хайльваген у артыкуле «Шах дыктатару» (газэта Der Tagesspiegel) распавядае пра дзейнасьць у Менску кіраўніка місіі АБСЭ Ганса-Георга Віка: яму, піша аўтар, дасталася самая няўдзячная праца – вывесьці беларускага дыктатара на шлях дэмакратыі.

А гутарку з самым Вікам друкуе сёньня Suddeutsche Zeitung. Карэспандэнт газэты Даніэль Брэсьлер пытаецца:
– Ну, як жывецца ворагу дзяржавы?
– Ды нармальна, - кажа Вік. – Наша задача – дапамагаць уладам пераймаць дэмакратычны досьвед. І мы тут будуем масты паміж уладамі і апазыцыяй.
– Ці пагодзіцца Лукашэнка на сваю паразу?
– Гэта чыста тэарэтычнае пытаньне. Аднак пры справядлівых выбарах апазыцыйны кандыдат мае вялікія шанцы. Тут грамадзянскай супольнасьці ўдалося злучыцца вакол адзінага кандыдата.
– А ці пагодзіцца гэтая грамадзянская супольнасьць з фальшаваньнем выбараў? – пытаецца далей карэспандэнт.
– Ясная справа, што не пагодзіцца, – кажа Вік. – Але гэта вам ня нейкая паўдзённая краіна з гарачым тэмпэрамэнтам...
– Ці пераконвае Вас кандыдатура Ганчарыка?
– Так. Ён – на вышыні часу. Хоць ён і старэйшы за Лукашэнку, аднак ён разумее сьвет не па-савецку, хоць і мае за плячмі савецкае мінулае.
Апошняе пытаньне да Віка гучыць так:
– Ці захавае апазыцыя сваю еднасьць?
– Гэта расьліна, якая толькі што прабілася на сьвет і цягнецца да сонца. Яна мусіць вырасьці. Бо глеба ўжо сасьпела.

Гэта была гутарка карэспандэнта газэты Suddeutsche Zeitung з кіраўніком місіі АБСЭ ў Менску Гансам-Георгам Вікам.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG