Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЧАСТКОВЫЯ КАМІСІІ НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ РАСПАЧАЛІ НЭЎТРАЛІЗАЦЫЮ НЕЗАЛЕЖНЫХ НАЗІРАЛЬНІКАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Раней пададзеныя пратаколы на спэцыяльных блянках лічацца цяпер несапраўднымі. Старшыні камісіяў патрабуюць, каб пратаколы пісаліся ад рукі альбо друкавалі на друкарскай машынцы на кожнага назіральніка асобна.

Ад назіральнікаў грамадзкіх арганізацыяў да таго ж патрабуюць пасьведчаньняў сяброў гэтых арганізацыяў. Прынамсі, сёньня на ўчастку ў школе №21 Цэнтральнага раёну Гомеля старшыня камісіі, дырэктар гэтай жа школы Аляксандар Храмцоўскі запатрабаваў, каб назіральніца ад фонду імя Лява Сапегі Аксана Сідарэнка паказала пасьведчаньне сябра фонду.

Калі давераная асоба Ганчарыка Юры Варонежцаў паспрабаваў патлумачыць Храмцоўскаму, што такіх пасьведчаньняў няма наогул, той выклікаў на ўчастак нарад міліцыянтаў з аўтаматамі.

У Сьветлагорску назіральніка ад праваабарончага цэнтру "Вясна" Віктара Рудога не дапусьцілі на ўчастак №6 толькі таму, што ў пратаколе напісана беларускае слова "сябар", а не расейская калька "член". Дарэчы, "сяброўства" ў статуце "Вясны" пацьвердзіла Міністэрства юстыцыі.


XS
SM
MD
LG