Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГАРАДЗЕНШЧЫНЕ – ЛЕДЗЬ НЕ НАДЗВЫЧАЙНАЕ СТАНОВІШЧА


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Учора паступіла адпаведнае ўрадавае распараджэньне. Згодна зь ім, у час выбараў на працоўных месцах павінны стала дзяжурыць кіраўнікі прадпрыемстваў альбо іхныя намесьнікі. Трэба ўзмацніць ахову жыцьцёва важных аб'ектаў, каб папярэдзіць якія-колечы непарадкі або спробы нанесьці шкоду аб'ектам.

Асаблівы стан увялі з 18-й гадзіны ў пятніцу. На некаторыя прадпрыемствы нават завезьлі раскладанкі, бо дзяжурыць трэба кругласутачна. Улады баяцца апазыцыі і стараюцца трымаць усё пад кантролем.

А на выбарчых участках Горадні ўсё па-ранейшаму. Жыхароў інтэрнатаў падштурхоўваюць галасаваць камэнданты. Яны атрымліваюць у камісіях сьпісы тых, хто яшчэ не прагаласаваў. На некаторых участках можна ўбачыць дадатковыя агітацыйныя матэрыялы, прысьвечаныя Аляксандру Лукашэнку.

Выкарыстоўваюцца "Матэрыялы ў дапамогу членам тэрытарыяльных і ўчастковых камісіяў на выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь". Брашурка ня мае ні аўтараў, ні выходных зьвестак. Яе мэта — максымальна абмяжоўваць у дзеяньнях незалежных назіральнікаў. Пра гэта мне паведаміў каардынатар незалежнага назіраньня ў Кастрычніцкім раёне Горадні Аляксандар Міхальчык.

Сёньня каля Цэнтральнага гарадзенскага рынку часова затрымалі двух маладзёнаў — Зьмітра Чарнеля і Алега Завадзкага. Яны мелі стэнд з партрэтам Уладзімера Ганчарыка і раздавалі буклеты. Міліцыя забрала ў іх усе матэрыялы. Юрыст Уладзімер Кісялевіч патлумачыў мне, што хлопцы мелі поўнае права раздаваць сёньня рэклямныя буклеты Ўладзімера Ганчарыка.


XS
SM
MD
LG