Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЭНЗУРА І Ў ВІЦЕБСКУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Амаль увесь дзень правёў учора ў абласной друкарні рэдактар недзяржаўнай газэты "Витебские деловые новости" Ігар Несьцераў, імкнучыся зрабіць усё, каб чарговы нумар газэты быў своечасова надрукаваны.

Нягледзячы на тое, што друк ужо быў аплочаны, друкаваць газэту на розных падставах адмаўляліся. Спадар Несьцераў асабіста знайшоў вольную друкарскую машыну, перарабіў макет газэты, выканаў яшчэ мноства просьбаў і патрабаваньняў супрацоўнікаў друкарні, аж пакуль асабістая знаёмая — таксама супрацоўніца друкарні — не патлумачыла яму, што загад не друкаваць "ВДН" ні ў якім выпадку дасланы сюды "зьверху".

На меркаваньне Ігара Несьцерава, праблемы выхаду газэты зьвязаныя з тым, што ў чарговым нумары мусіў быць зьмешчаны рэпартаж пра візыт Уладзімера Ганчарыка на Віцебшчыну, а таксама зварот прэсавага сакратара абласного штабу адзінага кандыдата да віцяблянаў ды тутэйшых СМІ з просьбаю сумленны паставіцца да заўтрашніх прэзыдэнцкіх выбараў.

Нагадаем, што мінулы наклад "Витебских деловых новостей" таксама ня выйшаў своечасова, бо ў дзень падрыхтоўкі нумара Ігара Несьцерава затрымалі міліцыянты, і некалькі сутак ён мусіў правесьці ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

Затрыманьне адбылося якраз у той момант, калі спадар Несьцераў меў пры сабе кампутарны дыск з матэрыяламі будучай газэты: біяграфіяй Уладзімера Ганчарыка ды іншымі зьвесткамі пра адзінага кандыдата.

Пра свае перадвыбарчыя праблемы зноў распавядаюць віцебскія назіральнікі ад недзяржаўных арганізацыяў. Старшыня ўчастковай камісіі Мікалай Петранец адмовіўся даць зьвесткі пра колькасьць выбарцаў, якія прагаласавалі, назіральніку Леаніду Аляхновічу. Ён таксама забараніў яму назіраць за працай участковай камісіі.

Тое самае адбылося і ў Воршы. Старшыня гарадзкой камісіі Мікалай Сіянін не дапусьціў да назіраньня за дзейнасьцю камісіі прадстаўніка ад Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Івана Іванцова. Сябра той самай партыі Юрася Конышку не дапусьцілі да назіраньня на 48-м выбарчым участку. Апроч гэтага, за распаўсюд агітацыйных улётак спадара Конышку 6 разоў за 5 дзён затрымлівалі аршанскія міліцыянты.

Паводле меркаваньня старшыні Абласной Каардынацыйнай Рады ў справе назіраньня за выбарамі Іосіфа Навумчыка, перашкоды дзейнасьці назіральнікаў сталі ў Віцебскай вобласьці масавай зьявай.

XS
SM
MD
LG