Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАГЛЯДАЛЬНІКІ ЛІЧАЦЬ, ШТО НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ СТВОРАНЫ ЎСЕ ЎМОВЫ ДЛЯ ФАЛЬСЫФІКАЦЫІ ВЫБАРАЎ


Алег Супрунюк, Берасьце

Як паведамiлi ў берасьцейскiм штабе грамадзянскай iнiцыятывы "Незалежнае назiраньне", намесьнiк старшынi абласной выбарчай камiсii Канстантын Бабко атрымаў афiцыйнае пракурорскае папярэджаньне за парушэньне заканадаўства.

Спадар Бабко, якi адначасова ёсьць кiраўнiком Берасьцейскага райвыканкаму, неаднаразова прымаў удзел у агiтацыйных мерапрыемствах на карысьць Аляксандра Лукашэнкi. Пра гэтыя факты назiральнiкi паведамiлi ня толькi ў пракуратуру, але i ў iншыя дзяржаўныя ўстановы з мэтай адклiкаць спадара Бабка са складу абласной выбарчай камiсii i прыцягнуць яго да адмiнiстрацыйнай адказнасьцi.

Гаворыць адзiн з iніцыятараў гэтых зваротаў, назiральнiк ад праваабарончага цэнтру "Вясна" Ўладзiмер Малей:

(Малей: ) "У сваёй заяве я таксама адзначаў, што намесьнiк старшынi абласной камiсii ня мае права займаць гэтую пасаду. А калi ён застанецца, будуць усе падставы для фальсыфiкацыi вынiкаў выбараў прэзыдэнта Рэспублiкi Беларусь па Берасьцейскай вобласьцi".

З высновамi Ўладзiмера Малея пагаджаюцца iншыя незалежныя назiральнiкi. Яны сьцьвярджаюць, што менавiта пасьля загаду абласной выбарчай камicii амаль паўсюдна на выбарчых участках i ў раённых камiсiях назiральнiкам пачалi адмаўляць ў iнфармацыi пра хаду датэрмiновага галасаванья i пра колькасьць выбарцаў, уключаных у агульны сьпiс. Затое падобныя зьвесткi безь перашкодаў атрымлiваюць прадстаўнiкi адмiнiстрацыяў прадпрыемстваў, што знаходзяцца на тэрыторыi выбарчых участкаў.

Так, сёньня ранiцай на участак №20 у Берасьцi прыйшлi кiраўнiкi мясцовага прадпрыемства глухiх. Яны вырашылi даведацца, хто з рабочых гэтага прадпрыемства, што жывуць у iнтэрнаце, яшчэ не прагаласаваў датэрмiнова.

Па iнфармацыi з Камянецкага раёну, у вёсцы Расна на ўчорашнi дзень прагаласавала 40% выбарцаў. Нагадваць вяскоўцам пра неабходнасьць датэрмiновага галасаваньня тут даручылі ўчастковаму мiлiцыянту. А ў вёсках Пружанскага раёну, якiя прыпiсаныя да ўчастку №55, прагаласавала ужо больш за палову выбарцаў, уключаных у агульны сьпiс.


XS
SM
MD
LG