Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВОЛЬГА ЗАХАРАНКА АБВЕРГЛА СЬЦЬВЕРДЖАНЬНЕ НЯМЕЦКАЙ ГАЗЭТЫ АБ ТЫМ, ШТО ЮРЫ ЗАХАРАНКА ЖЫВЕ РАЗАМ ЗЬ СЯМ’ЁЙ У НЯМЕЧЧЫНЕ


Ганна Соусь, Менск

На падставе гэтай публікацыі ўчора Беларускае тэлебачаньне выдала ў эфір сэнсацыйны сюжэт пра тое, што Захаранка хаваецца ў Нямеччыне. Сёньня наша карэспандэнтка зьвязалася з жонкай Юр'я Захаранкі, якая цяпер жыве ў мястэчку Хандорф блізу Мюнстэра.

Вольга Захаранка вельмі абураная зьяўленьнем артыкула ў мюнстэрскай газэце. Паводле яе, усё, што ў ім напісана, — хлусьня, замоўленая напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў зь Менску высокімі асобамі.

(Вольга Захаранка: ) "Просты журналіст ня будзе такога рабіць. Усё зроблена наўмысна, гэта перадвыбарчая кампанія. Няўжо не зразумела, што гэта правакацыя, што гэта зроблена наўмысна бессардэчнымі людзьмі, і ведаюць жа, якое ў нас гора".

Вольга Захаранка заўважыла ў артыкуле шмат недарэчнасьцяў.

(Захаранка: ) "Нібыта год таму бачылі Захаранку на аўтастаянцы, да яго падышоў начальнік стаянкі ў Хандорфе (мы ў Хандорфе яшчэ году не жывем) і спытаўся: "Вы ня Юры Захаранка?" Ён нічога не адказаў, сеў у машыну і зьехаў. І яшчэ нібыта нейкая жанчына яго пазнала. Белымі ніткамі шыта гэта ўсё. А пра нас напісана, што прыходзілі журналісты, і мы не адчынілі ім дзьвярэй. То можа, нас не было дома — а чаму потым журналісты не ператэлефанавалі?"

Вольга Захаранка ніколі ня бачыла аўтараў гэтага артыкула, нават не размаўляла зь імі па тэлефоне.

Асаблівую ўвагу яна зьвярнула на фотаздымак Юр'я Захаранкі.

(Вольга Захаранка: ) "Дакладна яны перарабілі гэтую фатаграфію. Гэта мантаж. Па-першае, перад зьнікненьнем у Юры ўжо былі сівыя валасы. А на здымку ніводнага сівога воласа. Па-другое, яны яму зрабілі маршчыны, нібыта ўжо час мінуў, такі крыху зямлісты колер твару. Карацей кажучы, мантаж на сто адсоткаў. Глядзіш — Юры й ня Юры".

Жонка Юр'я Захаранкі робіць наступныя высновы на падставе гэтага артыкула:

(Вольга Захаранка: ) "Простаму журналісту гэтая хлусьня зусім не патрэбная. Я думаю, што гэта зроблена з падачы Менску, хутчэй за ўсё. Дарэчы, кажуць, што гэты журналіст нядаўна быў у Менску. Такі боль прынесьці сям'і праз гэткія гнюсныя гульні. Яны нас яшчэ не дабілі, дык думаюць: "Давайце даб'ем да канца".

Цяпер Вольга Захаранка дамагаецца сустрэчы з галоўным рэдактарам мюнстэрскай газэты. Яна таксама хоча ўбачыць на свае вочы й аўтараў артыкула.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG