Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДБЫЎСЯ LOVE-ПАРАД СЭКС-МЕНШАСЬЦЯЎ


Юры Сьвірко, Менск

А 18-й гадзіне ля будынку дзяржаўнага цырку на праспэкце Скарыны сабраўся рознакаляровы натоўп, які назваў сябе карнавальным шоў трансвэстытаў. Акцыю ладзілі Беларуская ліга сэксуальных меншасьцяў "Лямбда" ды арганізацыя анархістаў. Увагу журналістаў прыцягнуў галоўнакамандаючы сёньняшняга love-параду Эдвард Тарлецкі, ён жа кіраўнік лігі "Лямбда". Спадар Тарлецкі быў у фуражцы ды вайсковым мундуры, які вельмі нагадваў форму галоўнкамандуючага апошніх вучэньняў "Нёман-2001". Расейскія тэлежурналісты адразу гэта заўважылі.

(Журналіст: ) "Ваш мундур нешта значыць?"

(Тарлецкі: ) "Не, проста карнавальны касьцюм. Я проста шкадую, што я ў арміі не служыў – мяне не ўзялі ў армію".

Спадар Тарлецкі пракамэнтаваў і сёньняшняе паведамленьне Інтэрнэт-старонкі "Хартыя-97", што сэкс-меншасьці гэтым парадам гуляюць на карысьць спэцслужбаў і Аляксандра Лукашэнкі. Эдвард Тарлецкі цытаваў ды абвяргаў:

(Тарлецкі: ) "І фактычна перамога на выбарах Лукашэнкі"... Дзе бачна партрэты й агітацыю за Лукашэнку? Ня ведаю. "Як стала вядома, аб'яднаньне зьяўляецца агентам Камітэту дзяржбясьпекі"... Пытаньне: яны бачылі кантракт падпісаны? Хто ім яго паказаў?"

(Карэспандэнт: ) "Будзеце падтрымліваць апазыцыю?"

(Тарлецкі: ) "Якую апазыцыю – мы падтрымліваем каханьне. Якая апазыцыя? Калі нехта ў апазыцыі да каханьня, дык у яго можа быць праблема з імпатэнцыяй – толькі й усяго".

Спадар Тарлецкі адказаў і на пытаньне, ці пойдзе парад сэкс-меншасьцяў да Аляксандра Лукашэнкі.

(Тарлецкі: ) "А чаго мы да яго пойдзем? Хто гэта такі – Лукашэнка?”

(Карэспандэнт: ) "А хто такі? Для вас хто ён такі?"

(Тарлецкі: ) "Для мяне асабіста – чалавек, які прысвоіў уладу ў гэтай краіне".

Эдвард Тарлецкі патлумачыў, што такі парад ладзіцца ў Менску ў верасьні ўжо трэці раз, а тое, што ён адбудзецца 7 верасьня, было вырашана яшчэ ў красавіку і з выбарамі не зьвязана.

Тым часам геям ды лесьбіянкам надакучыла стаяць ля цырка. Калёна рушыла праспэктам Францішка Скарыны да адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. У ёй было каля 100 ўдзельнікаў.

Карнавальнае шоў трансвэстытаў скончылася ля рэзыдэнцыі Лукашэнкі. Міліцыя не перашкаджала акцыі ля фантану ў цэнтры сквэра на Кастрычніцкай плошчы. Наадварот, на ўсю плошчу гучала музыка, якая неслася з дынамікаў Палаца Рэспублікі. Дарэчы, сам палац чамусьці быў упрыгожаны блакітнымі балёнікамі.


XS
SM
MD
LG