Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА МАГІЛЕЎШЧЫНЕ ДА 9 ВЕРАСЬНЯ ПАВІННА ПРАГАЛАСАВАЦЬ 40%


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёўская вобласьць

Як паведаміў супрацоўнік Магілеўскага райвыканкаму, які пажадаў застацца невядомым, старшыня райвыканкаму Аляксандар Разганаў запрасіў да сябе на нараду кіраўнікоў сельскіх гаспадарак і сельскіх саветаў. Ён заявіў, што на 6 верасьня датэрмінова прагаласавала крыху больш за 20% выбаршчыкаў Магілёўскага раёну. Далей ён папярэдзіў, што калі ўдзельнікі нарады да 9 верасьня на сваёй тэрыторыі ня змогуць забясьпечыць яўку 40% выбаршчыкаў, то могуць шукаць сабе іншую працу.

У шэрагу раёнаў на трэці альбо чацьверты дзень датэрміновага галасаваньня кіраўнікі выбарчых камісій сталі адмаўляць ў акрэдытацыі незалежным назіральнікам, якіх першапачаткова самі ж і зарэгістравалі.

Як паведаміў каардынатар незалежнага назіраньня ў Кіраўскім раёне Лявон Горбаль, раней назіральнікаў зарэгістравалі на 20 з 29 выбарчых участках раёнаў. Сёньня іх засталося толькі шэсць. Іх сталі адхіляць ад назіраньня на той падставе, што яны ня маюць пасьведчаньняў чальцоў Беларускага рэспубліканскага клюбу выбаршчыкаў. Спасылкі на тлумачэньне старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай ад 8 чэрвеня, паводле якой гэтая арганізацыя не павінна прад'яўляць пасьведчаньні, былі марнымі.

Як паведаміў той жа Лявон Горбаль для ляяльных да ўлады назіральнікаў зь Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі і іншых арганізацыяў для рэгістрацыі было дастаткова толькі аднаго тэлефанаваньня ў выбарчую камісію.

Ад незалежнага назіральніка загадчыцы Кіраўскага клюбу Вольгі Краўцовой начальства патрабавала пісьмовага тлумачэньня і пагражала ёй звальненьнем з працы.

Участковая выбарчая камісія Крычыўскага раёну на трэці дзень працы незалежных назіральнікаў патрабавалі адхіленьня іх ад назіраньня. На гэты раз знайшлі іншую прычыну, маўляў, у пратаколах кіраўнічых ворганаў мясцовых арганізацыяў Беларускага Гельсынскага камітэту, праваабарончага цэнтру "Вясна-96" няма 10 подпісаў, але ж, як патлумачылі мясцовыя праваабаронцы, столькі подпісаў патрэбна толькі для тых назіральнікаў, якіх вылучаюць шляхам збору подпісаў.

У выніку колькасьць незалежных назіральнікаў на Магілеўшчыне асабліва ў раённых цэнтрах значна зьменшылася.

За два дні да выбараў не павялічылася і колькасьць міжнародных назіральнікаў. Сёньня іх ў абласной выбарчай камісіі зарэгістравана толькі васьмёра, пяцёра зь іх прадстаўнікі Малдовы і заканадаўчага сходу Кыргызстану.

Прадстаўнікі АБСЭ ўжо атрымалі матэрыялы пра парушэньні выбарчага заканадаўства.
XS
SM
MD
LG