Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКУЮ ВЫНІКОВУЮ ЛІЧБУ ПРАГАЛАСАВАЎШЫХ ЗА ЛУКАШЭНКУ ХОЧУЦЬ ЗРАБІЦЬ УЛАДЫ


Валеры Карбалевіч, Менск

Дзеяньні кіраўніцтва краіны становяцца ўсё больш грубымі – у сэнсе парушэньня выбарчага заканадаўства. Калі меркаваць па той інфармацыі, якую ўчора агучыў Сяргей Калякін, намеры ўладаў трансфармуюцца ў дакладны сцэнар. Гэты сцэнар прадугледжвае фальсыфікацыю вынікаў выбараў.

Магутнай інфармацыйнай атакі на насельніцтва Беларусі аказалася мала. Таксама мала аказалася адміністрацыйнага ціску, запужваньня людзей – фактычна сцэнар фальсыфікацыі сьведчыць аб тым, што Лукашэнка ня верыць у падтрымку народу, што без фальсыфікацыі яму не перамагчы.

Гэта вельмі важная выснова. Становіцца зразумелай роля датэрміновага галасаваньня.

У часе мінулагодніх выбараў у палату прадстаўнікоў папярэдняе галасаваньне галоўным чынам выконвала функцыю забесьпячэньня яўкі 50% выбаршчыкаў на ўчасткі. Зараз роля датэрміновага галасаваньня зьмянілася. Галоўны сэнс яго зараз – гэта выкарыстаньне для фальсыфікацыі. У начны час можна лёгка памяняць бюлетэні. І чым больш людзей датэрмінова прагаласуе, тым больш магчымасьцяў для фальсыфікацыі.

Вельмі магчыма, што ЦВК цяпер зьмяншае дадзеныя пра колькасьць тых, хто прагаласавалі датэрмінова. Не да канца зразумела, якую выніковую лічбу прагаласаваўшых у падтрымку Лукашэнкі хочуць зрабіць улады. Зразумела, ёсьць вялікая спакуса зрабіць такую лічбу вялікай: напрыклад, 70-75%. Лукашэнка аднойчы ў сваім выступе перад вэртыкальлю назваў лічбу 90%. Столькі людзей, на яго думку, падтрымлівае прэзыдэнта. У такім выпадку перамога была б унушальнай, ён зноў мог бы абвесьціць сябе ўсенародна абраным – з усімі вядомымі наступствамі.

Але для дасягненьня такой лічбы трэба ажыцьцявіць вельмі масавыя і адкрытыя фальсыфікацыі, якія стануць відавочнымі надта вялікай колькасьці людзей, што можа даць адваротны вынік: ня толькі міжнароднае непрызнаньне, але і праблемы ў самой Беларусі.

Другі вырыянт: ЦВК дае лічбу аб перамозе Лукашэнкі ў першым туры зь невялікай перавагай, напрыклад, 55%. Гэтая лічба патрабуе значна меншых фальсыфікацыяў, яны могуць быць не такімі відавочнымі. У гэтую лічбу лягчэй паверыць і частка міжнародных назіральнікаў, узрастае верагоднасьць міжнароднага прызнаньня выбараў.

Але атрымаўшы 55% ужо нельга абвяшчаць сябе ўсенародна выбраным. Трэба будзе прызнаць, што амаль палова насельніцтва выступае супраць Лукашэнкі і яго палітычнага курсу. Гэта азначае, што трэба карэктаваць курс, трэба шукаць падтрымку і ў той часткі насельніцтва, якая выступае супраць Лукашэнкі, трэба шукаць мір, дыялёг з апазыцыяй. А гэта для Лукашэнкі вельмі цяжка.

Але трэба адзначыць, што самі ўлады ня могуць поўнасьцю кантраляваць увесь працэс выбараў. Усё роўна сабатаж указаньняў зьверху будзе існаваць, і ня ўсе кіраўнікі, ня ўсе сябры камісіяў будуць бездакорна выконваць загады зьверху. І ў гэтым – шанц для апазыцыі. Калі апазыцыя прадэманструе сілу, калі людзі, пераадолеўшы страх, будуць перашкаджаць фальсыфікацыі, калі падтрымка Ганчарыка будзе значнай, то гэта можа сарваць альбо значна падкарэктаваць сцэнар уладаў. І рэалізацыя гэтага сцэнару ня носіць фатальны характар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG