Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКАЯ МІЛІЦЫЯ РАЗГЛЯДАЕ КЕПКІ З НАДПІСАМІ ЯК ЛІТАРАТУРУ


Казімер Яноўскі, Гомель

Учора позна ўвечары міліцыянты Чыгуначнага райаддзелу міліцыі, які ўзначальвае падпалкоўнік Барыс Талкачоў, у другі раз учынілі ператрус афіцыйна зарэгістраванага моладзевага цэнтру "Гарт". Ператрус правялі бяз санкцыі пракурора. Міліцыянты зайшлі ў кватэру, якой карыстаюцца сябры "Гарту" і сказалі, што шукаюць рэчы нібыта абрабаваных суседзяў.

Як паведаміла бугальтарка "Гарту" Жэня Кірышчанка, ператрус скончыўся канфіскацыяй кампутара, друкаркі, ксэракса, мабілізацыйных улётак кшталту "Дайдзі да выбарчага ўчастку". Адзін зь міліцыянтаў забраў нават чыстую паперу.

Учора ж увечары супрацоўнікі Цэнтральнага аддзелу міліцыі схапілі на вуліцы Андрэя Зайцава, непаўнагадовага Рамана Парашчанку і Алеся Хадановіча. Міліцыянтам не спадабаліся надпісы на кепках — "Надоел!" На спадара Зайцава склалі адміністрацыйны пратакол за распаўсюд літаратуры без выходных зьвестак. "Літаратурай" ахоўнікі парадку лічаць кепкі з надпісамі.

Сёньня ўранку міліцыянты таго ж Цэнтральнага пастарунку ізноў адзначыліся. Каля выбарчага ўчастку №28 схапілі непаўнагадовых Косьцю Клімава і Мікалая Маскіцкага, якія раздавалі агітацыйныя матэрыялы ў падтрымку Ганчарыка.

Тым часам прадстаўнікі вэртыкальных структураў падаліся ў асяродкі студэнцкай моладзі агітаваць за цяперашняга кіраўніка дзяржавы. Учора першы намесьнік старшыні аблвыканкаму Сяргей Сідорскі і старшыня аблсавету Валеры Сяліцкі рабілі гэта ва ўнівэрсытэце імя Францішка Скарыны, а сёньня яны выступалі перад студэнтамі каапэратыўнага інстытуту і тэхнічнага ўнівэрсытэту.

Вядома, што ў асобных раёнах, напрыклад, у Буда-Кашалёўскім, датэрмінова прагаласавалі ўжо амаль 10% выбарцаў. Аднак камісіі старанна хаваюць інфармацыю пра датэрміновае галасаваньне. Ад каго зыходзіць забарона? Гаворыць старшыня выбарчай камісіі Акцябрскага раёну, ён жа намесьнік старшыні райвыканкаму Анатоль Маханька:

(Маханька: ) "Ад каго? Ад аблвыканкаму!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG