Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"ГНІЛАЯ ДЗЯРЖАВА"


Мікола Іваноў, Прага

“Бессэнсоўныя выбары ў адной малазначнай краіне. Праўдападобна, такім чынам рэшта сьвету разглядае прэзыдэнцкія выбары 9 верасьня ў Беларусі, краіне ў цэнтры Эўропы, у параўнаньні зь якой нават Расея выглядае заможнай і з добрым урадам”, - піша “Economist”.

Але нельга не зважаць на вынік гэтых выбараў. Беларусь мае значэньне для яе заходніх суседзяў, яна мае значэньне і для Расеі, хаця Крэмль не выяўляе зацікаўленасці ў паляпшэньні сытуацыі ў Беларусі.

Краіна гэтая зьяўляецца самым слабым зьвяном у праблемных землях, якія ляжаць паміж Балтыцкім і Чорным морам. Яна выклікае заклапочанасьць Захаду, таму што гандлюе зброяй (напрыклад, дапамагае ўдасканальваць супроцьпаветраную абарону ірацкага лідэра Садама Хусэйна), пастаўляе сэкс-нявольнікаў і нелегальных эмігрантаў. Выкарыстаньне эскадронаў сьмерці супроць палітычных апанэнтаў, цэнзура і афіцыйная ксэнафобія даюць небясьпечны прыклад для палітыкаў краінаў, якія знаходзяцца далей на ўсходзе.

Беларуска-расейскія адносіны таксама могуць быць нешчаслівым прыкладам для іншых былых савецкіх рэспублікаў. Хаця Беларусь і намінальна незалежная, яна мае вельмі шчыльныя адносіны з Расеяй у галіне абароны, бясьпекі і эканомікі. Лукашэнка з захапленьнем гаворыць пра адраджэньне Савецкага Саюзу і пра расейска-беларускі зьвяз.

“Амаль няма сумневу ў выніку выбараў. Лукашэнка мае моцную падтрымку на вёсцы, сярод бедных, старых і менш адукаваных выбаршчыкаў, якія баяцца (так як і ў іншых усходнеэўрапэйскіх краінах), што ім будзе дрэнна ў выніку любых эканамічных рэформаў,” - чытаем на старонках ангельскага часопісу “Economist”. На ягоным баку амаль усе дзяржаўныя рэсурсы. Яго падтрымліваюць амаль усе дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Закон дазваляе апазыцыйным кандыдатам выдаткаваць толькі 14 тыс. даляраў на іх кампаніі, іх увесь час запалохваюць. Некаторым моцным кандыдатам было адмоўлена ў рэгістрацыі, альбо яны загадкава зьнялі свае кандыдатуры.

Рэшта аб’ядналася вакол Уладзімера Ганчарыка, сумленнага, але недасьведчанага былога апаратчыка. Але некаторыя задаюць пытаньне: ці ягонае імя застанецца на выбарчых бюлетэнях у дзень выбараў. Зь верасьня ён атрымаў пісьмовае папярэджаньне ад выбарчай камісіі за сур’ёзнае парушэньне – незаконную вытворчасьць агітацыйных кашулек і правядзеньне несанкцыянаваных мітынгаў.

Адзінае, што да канца невядома ў справе выбараў, - гэта зь якой перавагай Лукашэнка хоча перамагчы. У 1994 годзе, калі ён перамог больш-менш сумленнна, у другім туры ён атрымаў звыш 80% галасоў. Некаторыя асобы ў прэзыдэнцкай адміністрацыі лічаць, што кожную лічбу, меншую за гэтую, можна разглядаць як паразу. Але такі вынік патрабаваў бы неверагодна грубай фальсыфікацыі. Іншыя лічаць, што перавага больш за 50%, неабходная дзеля таго, каб перамагчы ў першым туры, будзе дастатковая, а яна патрабуе ўсяго толькі стрыманай падтасоўкі галасоў.

Апазыцыя лічыць, што фальсыфікацыя непазьбежная і плянуе правядзеньне вялікай маніфэстацыі пратэсту ў Менску вечарам у нядзелю.

Сапраўды важнае пытаньне – што ж Лукашнка зробіць са сваёй перамогай. Праўдападобна, адзін зь ягоных прыярытэтаў – гэта помста. Ён на гэтым тыдні ўжо выступіў з пагрозай пасля выбараў дэпартаваць зь Менску двух галоўных прадстаўнікоў Захаду: Ганса-Георга Віка, каварнага мясцовага прадстаўніка АБСЭ і амбасадара ЗША Майкла Козака, былую “руку ЗША” ў Цэнтральнай Амэрыцы, які дазволіў сабе правакацыйныя публічныя параўнаньні Беларусі з краінамі, дзе ён праводзіў сваю дывэрсійную працу раней, такімі як Куба і сандынісцкае Нікарагуа.

Захад у адказ, магчыма, яшчэ больш адбмяжуе свае афіцыйныя кантакты зь Беларусьсю, асабліва, калі ў справаздачы АБСЭ ў справе выбараў будзе зробленая выснова аб тым, што перамога Лукашэнкі – гэта вынік фальсыфікацыяў.

Будучыя дзеяньні Лукашэнкі таксама залежаць ад Расеі, якая пастаўляе сюды танную энэргію і дазваляе беларускай эканоміцы зьдзяйсьняць бартэрныя зьдзелкі для беларускай эканомікі савецкага тыпу. У адказ Расея атрымала дзьве важныя ваенныя базы, кантроль над ключавымі галінамі беларускай эканомікі, калі яны будуць прыватызоўвацца, а таксама моцныя абдымкі спадара Лукашэнкі.

“Мы заўсёды былі разам з Расеяй і мы назаўсёды будзем разам з гэтым братнім народам”, - заявіў Лукашэнка на сустрэчы з выбаршчыкамі на гэтым тыдні. Падабаецца гэта камусьці, ці не,” - іранічна падсумоўвае свой артыкул ангельскі часопіс “Economist”.
XS
SM
MD
LG