Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАЧКА ЎЛАДЗІМЕРА ГАНЧАРЫКА НАЙБОЛЬШ БАІЦЦА ФІЗЫЧНАЙ РАСПРАВЫ НАД БАЦЬКАМ


Ганна Соусь, Менск

У кватэры Ганчарыкаў, як і ў часе майго мінулага візыту, было многа кветак. Іх падаравалі Ўладзімеру Іванавічу ў нядзелю на сустрэчы з выбарцамі.

Дома былі жонка Ўладзімера Ганчарыка спадарыня Лілія, ягоная дачка Алена ды іхныя сваякі Ўладзімер і Ангеліна Марозавы, якія адмыслова прыехалі ў Менск з Хабараўскага краю, каб падтрымаць блізкіх людзей. Гаворыць Лілія Ганчарык:

(Лілія Ганчарык: ) "Канечне, мы нэрвуемся. Гэта вельмі цяжка, паколькі чым бліжэй да выбараў, тым больш мы бачым і чуем, што цяпер адбываецца. У яго гэта цяжкі пэрыяд, нялёгкі. Мы гэта бачым больш, чым некаму з боку падаецца. Цяжка яму, але ж Ганчарык праехаў усе рэгіёны, і цяпер яшчэ больш упэўнены ў тым, што наш народ многа чаго зразумеў і хоча пераменаў".

А Ганчарыкава дачка Алена Лабкоўская не хавае, што вельмі непакоіцца за бацьку.

(Лабкоўская: ) "Шчыра кажучы, больш за ўсё мы баімся фізычнай расправы, таго, што здарылася з Ганчаром, Красоўскім, Захаранкам. Калі прэзыдэнт сам сказаў, што пасьля 9-га ён з усімі разьбярэцца..."

Дачка Ўладзімера Ганчарыка раней не цікавілася палітыкай, але цяпер чытае ўсе газэты, сочыць за выбарчай інфармацыяй. Яе вельмі ўразіла нядзельная сустрэча Ўладзімера Ганчарыка з выбарцамі.

(Лабкоўская: ) "Я ніколі не хадзіла ні на якія мітынгі. І думаю: схаджу, пагляджу, які настрой у людзей, што гавораць пра бацьку ў натоўпе. Я прыйшла на мітынг і паўтары гадзіны стаяла ў натоўпе. Ведаеце, я атрымала такі эмацыйны ўздым, нават не чакала. Ніводнай нэгатыўнай адзнакі я не пачула. Аплядысмэнты, усе скандавалі: "Ганчарык!", крычалі: "Гучней!"

Апошнім часам блізкія бачаць Уладзімера Ганчарыка рэдка. Вяртаецца ён дамоў апоўначы, зьяжджае дзесьці а пятай гадзіне раніцы. Распавядае Лілія Ганчарык:

(Лілія Ганчарык: ) "Ён прыяжджае з гэтых сустрэчаў задаволены. Кажа, што, калі б была магчымасьць гэта зрабіць раней, было б значна лепей".

9 верасьня раніцай Ганчарыкі ўсёй сям'ёй пойдуць галасаваць. Што будзе далей? Гаворыць Алена Лабкоўская:

(Лабкоўская: ) "Мы тут, усе разам... Напэўна, трэба ўсім пайсьці й чакаць вынікаў галасаваньня, таму што дома сядзець будзе вельмі цяжка... Але шчыра скажу — баюся правакацыяў".

Больш аптымістычны настрой у стрыечнай сястры Ліліі Ганчарык Ангеліны Марозавай:

(Марозава: ) "Перамены магчымыя. Канечне, я веру ў гэта, калі пры ўладзе будзе Ўладзімер Ганчарык. Жадаю яму перамогі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG