Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ЛАНЦУГІ НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ" НА ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ ВІКТАРА ГАНЧАРА


Ягор Маёрчык, Менск

За паўгадзіны да пачатку пікету ля будынку рэзыдэнцыі можна было заўважыць некалькі дзясяткаў людзей у цывільным. Яны старанна рабілі выгляд, што вывучаюць афішы дзіцячага кінатэатру "Піянэр" і пустыя стэнды на будынку тэатру Янкі Купалы. З-пад вопраткі ў іх часам былі чутныя рацыі. З размоваў вынікала, што акцыі дазволяць правесьці толькі на прыступках кінатэатру, насупраць пад'езду, якім карыстаюцца шараговыя чыноўнікі адміністрацыі, але не Аляксандар Лукашэнка.

Удзельнікі "Ланцугу" не зьбіраліся канфліктаваць зь людзьмі ў цывільным. Яны, паводле лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, прыйшлі, каб чарговы раз нагадаць, што ў Беларусі людзей цкуюць за палітычныя погляды, што людзі бясьсьледна зьнікаюць, а ўлады краіны маўчаць:

(Лябедзька: ) "Ва ўлады ёсьць 48 гадзінаў, каб даць зразумелы адказ на пытаньні, якія гучаць на працягу 2 гадоў. Калі яны не даюць, яны бяруць на сябе адказнасьць, што менавіта яны стаяць за зьнікненьнем людзей у Беларусі".

Шараговы ўдзельнік акцыі Мікалай Астрэйка кажа, што будзе стаяць у "Ланцугах неабыякавых людзей" і пасьля выбараў прэзыдэнта.

(Астрэйка: ) "Калі, напрыклад, 10-га ў нас будзе іншы прэзыдэнт, гэта ня значыць, што "ланцугі" скончацца. Яны скончацца толькі тады, калі ўлада зможа адказаць на пытаньні: куды зьніклі гэтыя людзі? Дзе Ганчар? Дзе Красоўскі, Захаранка, Завадзкі? Дзе іншыя, каго зьнішчылі эскадроны сьмерці?"

Лідэр моладзевага крыла Аб'яднанай грамадзянскай партыі Алесь Карніенка падсумоўвае вынікі "Ланцугоў неабыякавых людзей":

(Карніенка: ) "Да гэтага часу сустракаюцца людзі, якія думаюць, што гэта — кандыдаты на прэзыдэнта. Але такіх людзей усё меней. Калі параўноўваць сытуацыю з той, што была некалькі месяцаў таму. Зараз значна больш людзей ведаюць пра зьнікненьні вядомых людзей і значна больш адпаведнае стаўленьне маюць. Я думаю, гэта вялікае значэньне мае напярэдадні выбараў".

Пікетаваньне будынку адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі доўжылася больш за гадзіну. За гэты час ніхто з чыноўнікаў ня выйшаў да ўдзельнікаў акцыі. Зрэшты, яны на гэта і не спадзяваліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG