Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКОЙ БАЧЫЦЦА ЗАМЕЖНЫМ СУРОДЗІЧАМ БУДУЧЫНЯ БЕЛАРУСІ ПАСЬЛЯ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Гісторык, выкладчыца ўнівэрсытэту Алена Глагоўская жыве з сярэдзіны 80-х у польскім горадзе Гданьску, дзе некалі нарадзіўся прафсаюзны рух “Салідарнасьць”. Яна – сьведка дэмакратычных рэформаў у Польшчы.

Сп.Алена, як Беларусь можа знайсьці шлях да дэмакратызацыі?

(Глагоўская: ) “Перадусім трэба выкарыстаць вопыт дзяржаваў, якія раней ужо перайшлі рэформы і зараз бачна , што ў гэтых рэформах было зроблена дрэнна, а што пазытыўнае.

Здаецца мне, што дэмакратызацыя ў Беларусі павінна пайсьці ў напрамку, найперш, дэмакратызацыі грамадзтва. Гэта значыць, сыстэмы лякальнай, мяйсцовай улады, мяйсцовага самакіраваньня. Грамадзтва павінна зразумець, што ўлада павінна быць у яго руках, а ня толькі прэзыдэнта ці міністраў. Гэтая дэмакратызацыя на ніжэйшым узроўні грамадзтва ёсьць найбольшае дасягненьне пераменаў, якія наступілі ў сыстэме ўлады ў дзяржавах постсацыялістычных.

Трэба таксама сказаць і пра розныя ініцыятывы, якія зьвязаныя зь дзейнасьцю розных грамадзкіх арганізацыяў, якія павінны свабодна дзейнічаць. Калі гаварыць пра Беларусь, то нават існаваньне незалежных мэдыяў адкрыла б ужо дарогу да адкрытага грамадзтва.

Гэта найважнейшыя рэформы, на мой погдяд, якія павінны чакаць дзяржаву, калі яна хоча быць дэмакратычнай. Людзі ўсё ж павінны браць на сябе адказнасьць за сваю дзяржаву, а не каб гэтая адказнасьць была выключна ў руках адной асобы”.

Сп.Алена, а што, на Ваш погляд, ня варта пераймаць з досьведу польскіх рэформаў?

(Глагоўская: ) “Гэтая далёка прасунутая дэмакратыя, якая мела мейсца ў Польшчы, мае таксама і свае нэгатыўныя кірункі. Тут зусім закінутая сфэра сацыяльная. Трэба зьвярнуць увагу на перамены, асабліва, у эканоміцы. Калі яны маюць быць зьвязанымі з прыватызацыяй, каб не дайшло да такога ўзроўню беспрацоўя, які маем цяпер у Польшчы.

У рэформах трэба ўзяць пад увагу і сфэру бюджэтную, асабліва сфэру адукацыі, асьветы, каб яна не заставалася ў тыле, як гэта ёсьць цяпер у Польшчы, дзе настаўнікі і лекары зарабляюць намнога менш, чым, напрыклад, прадстаўнікі ўлады.

Вопыт Польшчы ёсьць тым, на якім можна навучыцца. Трэба браць з гэтага вопыту тое, што ёсьць добрае”.

Рэдактар беларускага англамоўнага часопіса “Belarusian Review” у ЗША Джоў Прайс, ён жа вядомы дзеяч беларускай эміграцыі сп.Язэп Арцюх – чалавек добра дасьведчаны ў сучаснай беларускай палітычнай сытуацыі. Ён выказвае свой погляд на будучыню Беларусі.

(Арцюх: ) “Мінімум, каб была нэўтральная краіна, але пажадана было б, каб быў ухіл на Захад, у эўрапэйскую супольнасьць. Калі б Беларусь пайшла ў гэтым накірунку, то і дапамога і інвэстыцыі з Захаду і з Амэрыкі пайшлі б так, як яны ідуць і ў іншыя краіны.

Ва ўнутраных справах – першае пажаданьне, каб у нас стварылася шмат партыяў, каб яны болей былі аб’яднаныя, хоць з рознымі палітычнымі і эканамічнымі накірункамі.

Адносна эканомікі. З эканомікаю будзе вельмі цяжка. Прычына ў тым, што рабілася ў Савецкім Саюзе і цяпер пры Лукашэнку, калі была ўведзеная сыстэма, што людзі чакаюць, каб нешта ім давалі, каб дзяржава іх утрымоўвала. Яны баяцца рэформы рабіць, настрашаныя гэтым, сядзяць, як замарожаныя. Надзея толькі можа быць на маладых.

Пры найлепшых умовах, калі б выбары выйшлі на карысьць апазыцыі, як мінімум дзесяць гадоў патрэбна, калі з гэтага нешта будзе відаць. Людзі ў гэтым выпадку могуць думаць, што Захад усё ім дасьць, бо псыхалягічна думаюць, што некалі дзяржава давала. Гэта псыхалёгія нявольніка”.

Вядомага беларускага дзеяча ў Францыі сп.Лявона Шыманца мы папрасілі выказацца наконт таго, што найперш патрэбна зрабіць у Беларусі пасьля выбараў, калі б яны завяршыліся перамогаю кандыдата ад апазыцыі.

(Шыманец: ) “Першае, што трэба зрабіць, гэта пераканаць беларусаў, каб яны не ад’яжджалі зь Беларусі. Эміграцыя – гэта вельмі цяжкая сытуацыя, гэта ня ёсьць натуральная рэч.

Трэба, каб Беларусь – лодка “Беларусь”, прычапілася да Эўропы, а не да расейскага “Тытаніка”.

Расея бязь Беларусі ня можа разьвівацца, гэта немагчыма. Яна застаецца ў Азіі, але зь Беларусі яна можа шантажаваць Эўропу і г.д. Найбольшая небясьпека для прэзыдэнта апазыцыі, што Расея будзе заўсёды шукаць магчымасьць яго выкінуць. Для яго будзе вялікая пагроза з боку Расеі.

Трэба абсалютна, каб Беларуская дзяржава паклікалася на Захад, каб зарганізаваць рынак. Трэба толькі, каб новая дзяржава ўзяла досыць пазычкаў на Захадзе, каб паставіць эканоміку на ногі. Тэрмін – гэта ня 5 гадоў, а 10-20 гадоў. Але трэба нешта пачаць, бо сёньня мы ідзем у тупік, мы поўнасьцю ідзем у расейскую сыстэму, каторая сама таксама ідзе ў тупік”.

Сп.Лявон, з вопыту Вашага жыцьця ў Францыі, на якой аснове павінна трымацца сыстэма ўлады?

(Шыманец: ) “У нас законы такія, што сыстэма працуе сама па сабе, ні прэзыдэнт ні прэм’ер-міністар нічога тут новага ня робяць, усё законы робяць. Трэба ў Беларусі зрабіць сыстэму, паклікацца на вопыт Захаду, каб Беларусь як найхутчэй увайшла ў міжнародную сыстэму, іначай няма разьвязкі”.

Алеся Бабарэка, дачка беларускага пісьменьніка-маладнякоўца Адама Бабарэкі, зьнішчанага пад час сталінскіх рэпрэсіяў. Яна вырасла ня толькі бяз бацькі, але і без Радзімы. Жыве ў Маскве, але праз усё жыцьцё захоўвае сваю беларускасьць. Сп.Алеся адказвае на наша пытаньне.

(Бабарэка ) “Што мы чакаем ад новай улады? Па –першае, гэта зьняцьця палітычнай напружанасьці, таго страху, што вызывае ў многіх сам факт зьнікненьня вядомых людзей. І, канешне, чакаем ад новай улады паляпшэньня моўнай справы ў Беларусі, адукацыі, выданьня беларускіх кніг і незалежных газэтаў. Усё гэта можна забясьпечыць толькі ва ўмовах, калі будзе існаваць незалежная, самастойная Беларусь”.

Адвакат і праваабаронца Валер Барташ узначальвае досыць актыўную беларускую суполку ў горадзе Сэвастопаль ва Ўкраіне. Сп.Валер, якім, на Вашую думку, павінен быць новы прэзыдэнт Беларусі?

(Барташ: ) ”Кіраўнік дзяржавы павінны быць абсалютна адкрытым. Ён павінен адкрыта сказаць, што перш, чым стане лепш, неабходна перацярпець нягоды. Ён не павінен даваць пустыя абяцаньні, што заўтра ўжо ўсё будзе цудоўна, што будзе зарплата ў 200 даляраў. Што тычыцца эканамічных праблемаў, то, безумоўна, неабходныя рыначныя рэформы, шматвектарнасьць эканомікі і зьнешняй палітыкі.

Я думаю, што Беларусі не давядзецца вынаходзіць ровар, яна пойдзе ўжо пракладзеным шляхам, абапіраючыся на вопыт суседзяў – краінаў Балтыі і Украіны”.

Сп.Валер, але афіцыйная прапаганда менавіта Ўкраінаю зараз палохае беларускі народ, даводзячы, што там жывецца вельмі дрэнна.

(Барташ: ) “Што б мы зараз не гаварылі, Украіна ідзе зараз наперадзе Беларусі. У нас выпускаюцца якасныя прадукты харчаваньня, гэта добра бачаць прыежджыя зь Беларусі.

Тут разьвіваецца прыватнае прадпрыймальніцтва, ідзе інтэграцыя ў Эўропу. Украіна не шукае ворагаў, але здабывае сяброў у сьвеце.

У 1997г. я быў у Беларусі на другім зьездзе беларусаў сьвету і цяпер. Параўноўваю і бачу, што за 4 гады цэны там дагналі і перагналі ўкраінскія, Якасьць беларускіх тавараў, асабліва харчовых, горшая за украінскія. Украінскія тавары адрозьніваюцца па зьнешняму выгляду, яны выпускаюцца па ліцэнзіях. Вельмі шырокі выбар прадуктаў.

У нас прайшла прыватызацыя , няма манаполіі на цэны. Няма такіх савецкіх магазінаў з заляжалым мясам , што сустракаюцца ў Менску.

Ёсьць такія ура-патрыёты, якім хочацца сказаць, што ў Беларусі лепш, чым ва Ўкраіне. Але гэта гучыць наіўна, гэта пракамуністычная прапаганда”.

Сп.Валер, якія пажаданьні Вы хацелі б выказаць беларускаму прэзыдэнту?

(Барташ: ) “Я адназначна сказаў бы, што нельга схіляцца перад Расеяю, перад Масквою. Гэта сорамна, няёмка глядзець, годнасьць павінна быць, за плячыма дзяржава. Лукашэнка размахваў Беларусьсю, як быццам бы яна ў мяшку ў яго, прапануючы яе разам з сабою, гэта быў сорам”.

Як Вы бачыце пэрспэктыву, яна аптымістычная для Беларусі?

(Барташ: ) “Нашы прадпрымальнікі – беларусы севастопальскія – бываюць у Беларусі. Калі вяртаюцца назад, свабодна ўздыхаюць, кажуць, што у нас цяжка, але не параўнаць, як там.

У Ўкраіны ёсьць пэрспэктыва, тут весялей жывецца, Няма пачуцьця страху, каб людзі баяліся па тэлефоне размаўляць.

Тыя людзі, зь якімі я сустракаўся ў Беларусі, і сярод моладзі, дастаткова аптымістычна настроеныя. Няхай лепш ня стане заўтра, але пасьлязаўтра вынік абавязкова будзе. Аб’ектыўна, што на падмане, ілжы доўга існаваць нішто ня можа, у тым ліку і ўлада”.

Беларускае замежжа чакае зьменаў. Яно гатовае дапамагчы Бацькаўшчыне сваімі ведамі, узяць удзел у будаўніцтве супольнага беларускага дому, як часткі дому агульнаэўрапейскага.

Розныя паміж сабою ўдзельнікі гэтай перадачы тым ня менш прыходзяць да той самай думкі: паляпшэньне сытуацыі бяз зьмены цяперашняга ладу ў Беларусі – немагчымае.
XS
SM
MD
LG