Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЎТРА ГАНЧАРЫК СУСТРЭНЕЦЦА З ЗАМЕЖНЫМІ ПАРЛЯМЭНТАРАМІ ДЫ ВОЗЬМЕ ЎДЗЕЛ У АКЦЫІ Ў МЕНСКІМ ПАРКУ 50-ГОДЗЬДЗЯ КАСТРЫЧНІКА


Ігар Карней, Менск

У выбарчым штабе адзінага кандыдата нашаму карэспандэнту распавялі, якія пляны ў каманды Ганчарыка на два наступныя дні — 8-га й 9-га верасьня.

Гэтак жа, як і Ўладзімер Ганчарык, сустрэчы ў рэгіёнах ладзяць ягоныя давераныя асобы. У штабе засталася толькі Валянціна Палевікова. Вось што яна распавяла пра найбліжэйшыя пляны:

(Палевікова: ) "Восьмага ў нас вялікая прэсавая канфэрэнцыя для журналістаў і міжнародных назіральнікаў. Цягам гэтага дня таксама сустрэча Ўладзімера Ганчарыка з парлямэнтарамі, якія адмыслова прыехалі ў Беларусь, а ўвечары — вялікае мерапрыемства ў парку 50-годзьдзя Кастрычніка. Будуць выступы, сустрэчы, канцэрт.

Вы ведаеце, што паралельна на Кастрычніцкай плошчы будзе шоў за другога кандыдата — Лукашэнку. Вельмі многа робіцца справаў паміж гэтым — засталося, як заўсёды, на апошнія дні. Шмат назапасілася літаратуры, ідзе праца з рэгіёнамі. Але гэта ўжо задачы штабу".

(Карэспандэнт: ) "А менавіта 9 верасьня? Дзень, пэўна, пачнецца з асабістага галасаваньня Ўладзімера Ганчарыка?"

(Палевікова: ) "Галасаваць, як заўсёды, ён будзе на сваім выбарчым участку. Але напярэдадні, з 8-га на 9-га верасьня, у нас усю ноч будзе працаваць інфармацыйны цэнтар, адкуль мы будзем інфармаваць таксама міжнародную супольнасьць. 9-га будзем зьбіраць людзей пасьля галасаваньня — у 20.05".

Спадарыня Палевікова падкрэсьліла, што цягам апошняга тыдня Ўладзімер Ганчарык толькі эпізадычна наведвае Менск. Цяпер галоўнае — жывыя сустрэчы ў рэгіёнах. Але, нягледзячы на вельмі шчыльны графік, сёньня раніцай ён пасьпеў сустрэцца з расейскімі тэлежурналістамі.

(Палевікова: ) "Ён вельмі многа езьдзіць. Увесь час у рэгіёнах. Зьбіраецца мноства людзей — асабліва ў абласных цэнтрах. Раніцай а пятай гадзіне прыяжджаў у Менск, каб даць інтэрвію расейскай інфармацыйнай праграме "Вести" і адразу ж ад'ехаў у Полацак. Потым — Наваполацк і Лукомль".

Сама Валянціна Палевікова ўчора наведвала Барысаў. І канстатуе, што асноўная праблема жыхароў ня толькі гэтага, але й большасьці рэгіёнаў — запалохваньне з боку мясцовых вэртыкальшчыкаў. Людзі непакояцца ня толькі за працоўныя месцы, але й нават за ўласнае жыцьцё.

(Палевікова: ) "У адсутнасьць рэклямы ў электронных СМІ, па сутнасьці, усе давераныя асобы, апроч мяне, знаходзяцца на сустрэчах. Я ўчора была ў Барысаве; бачыла, што людзі вельмі запужаныя. Робіцца ўсё, каб выканаць даручэньне "чалавека №1". Вялізны ўціск на выбарцаў. Людзі кажуць нам: зрабіце што-небудзь! А мы зьвяртаемся да іх: дапамажыце нам, гэта ж наша краіна! Мы павінны 9-га як адзін выйсьці й патрабаваць, каб галасаваньне прайшло справядліва".

А ўвогуле заўтрашні дзень і наступная ноч, паводле Валянціны Палевіковай, будуць самымі напружанымі ў выбарчым маратоне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG