Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫХАРЫ ВОРШЫ ЗАПАТРАБАВАЛІ, КАБ ЦВК ЗЬНЯЛА КАНДЫДАТУРУ ЛУКАШЭНКІ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

5-га верасьня на мікрааўтобусе з гукаўзмацняльнікам па аршанскіх вуліцах разьяжджала адмысловая агітбрыгада: 15 чалавек з тамтэйшага БПСМ выгуквалі лёзунгі ў падтрымку Лукашэнкі, заклікалі грамадзянаў прагаласаваць за яго на прэзыдэнцкіх выбарах, раздавалі значкі ды агітацыйныя ўлёткі без выходных зьвестак.

Менавіта па гэтым факце чацьвёра аршанцаў, у тым ліку рэдактар недзяржаўнае газэты "Куцейна" Віктар Андрэеў ды юрыст Вольнага прафсаюзу Алег Граблеўскі падалі заяву ў Цэнтральную выбарчую камісію з патрабаваньнем адхіліць А.Лукашэнку ад удзелу ў выбарах за незаконныя мэтады агітацыі.

Дарэчы, ад тых самых сяброў БПСМ ім стала вядома, што такія ж "безыменныя" ўлёткі распаўсюджвае і аршанскі гарвыканкам.

Цэлы шэраг заяваў пра правапарушэньні на выбарчых участках падалі таксама ў аршанскую пракуратуру.Да прыкладу, засьведчана, што інжынэрнаму складу на аршанскім ільнокамбінаце загадалі прагаласаваць датэрмінова пад пагрозай звальненьня. Навучэнцаў мэдычнай вучэльні дзеля таго самага папярэдняга галасаваньня арганізавана здымаюць з заняткаў.

А незалежныя назіральнікі тым часам сутыкаюцца на выбарчых участках з цэлым шэрагам праблемаў. Так, адзін зь дзяжурных міліцыянтаў, спрабуючы перашкодзіць працы назіральніцы ад праваабарончага цэнтру "Вясна", заявіў, што на адмысловай нарадзе ўсім міліцыянтам рэкамэндавалі не дапускаць назіральнікаў ад апазыцыйных арганізацыяў на выбарчыя ўчасткі.

Парушэньні на выбарчых участках фіксуюцца і ў абласным цэнтры. Старшыня віцебскай філіі Беларускага Гельсынскага камітэту Леанід Чыграй паведаміў, што да яго зьвярнуўся адзін са старшыняў выбарчых камісіў ды паказаў адмысловы кейс, у якім знаходзілася прыкладна паўтысячы дадатковых бюлетэняў. Заўважым, што паўтысячы — гэта прыкладна чвэртка ад агульнай колькасьці выбарцаў на адным участку ў Віцебску.

Інфарматар, які пажадаў застацца невядомым, заявіў спадару Чыграю, што такія самыя кейсы атрымалі ўсе старшыні, і ім далі ўказаньні выкарыстаць дадатковыя 500-700 бюлетэняў на карысьць кандыдата Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG