Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ІСНУЕ Ў СУСЕДНІХ ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ КРАІНАХ ПРАЦЭДУРА ДАТЭРМІНОВАГА ГАЛАСАВАНЬНЯ?


Сяргей Навумчык, Прага

(Навумчык: ) “У Польшчы, Літве і Латвіі датэрміновае галасаваньне ў той форме, якая існуе ў Беларусі, не прадугледжана. Але ў асобных выпадках грамадзянін можа прагаласаваць датэрмінова. Напрыклад, у Літве трэба ісьці на пошту, заверыць пакет, у якім захоўваецца ваш бюлетэнь, адмысловай пячаткай і апусьціць яго ў адмыслову скрыню.

Такую працэдуру можна ўжыць толькі ў тым выпадку, калі вы выяжджаеце ў замежную камандзіроўку ў тую краіну, дзе няма дыпляматычнай місіі Літоўскай Рэспублікі. Астатнія могуць прагаласаваць у літоўскіх амбасадах у дзень выбараў.

Працэдуры датэрміновага галасаваньня прадугледжаныя, акрамя Літвы, у Латвіі і Польшчы для маракоў – як вядома, гэтыя краіны маюць уласны марскі флёт.

Расея таксама зьяўляецца “марской дзяржавай”. Але, у адрозьненьне ад прыбалтыйскіх краінаў, Расейская Фэдэрацыя – вялізная паводле тэрыторыі, і ў некаторых яе суб’ектах населеныя пункты аддаленыя адзін ад другога на сотні кілямэтраў.

Якая ж практыка датэрміновага галасаваньня ў Расейскай Фэдэрацыі? На тэлефоннай сувязі з Масквы – супрацоўнік прэсавай службы Цэнтарвыбаркаму Расеі Яўген Качубей.

(Качубей: ) “Датэрміновае галасаваньне – адна з формаў рэалізацыі гарантыяў ўсеагульнага выбарчага права. Яно праводзіцца не раней як за пятнаццаць дзён да дня галасаваньня паводле рашэньня выбарчых камісіяў суб’ектаў Расейскай Фэдэрацыі. Як правіла, для ўсіх выбаршчыкаў на адным ці некалькіх участках. На практыцы ж датэрміновае галасаваньне праводзіцца на караблях, якія ў дзень галававаньня знаходзяцца ў плаваньні, на палярных станцыях і ў мясцовасьцях, зь якіх цяжка дабрацца да выбарчых участкаў.

Заканадаўства Расеі дазваляе датэрміновае галасаваньне асобных групаў выбаршчыкаў у вайсковых частках, якія ў сувязі з вайсковым абавязкам ня могуць зьявіцца на стацыянарны выбарчы ўчастак.

Для правядзеньня датэрміновага галасаваньня такіх груп выбаршчыкаў скарыстоўваюцца пераносныя скрыні для галасаваньня.

Па-за межамі тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі датэрміновае галасаваньне праводзіцца ў тых краінах, дзе няма дыпляматычных місіяў Расеі. Альбо такія місіі значна аддаленыя ад месца пражываньня расейскіх грамадзянаў.

Калі казаць пра мінулыя прэзыдэнцкія выбары, дык датэрміновае галасаваньне праводзілася ў 53-ох суб’ектах Расейскай Фэдэрацыі. Працэнт асобаў, якія галасавалі датэрмінова, нязначны – галасавала 168 тысячаў выбаршчыкаў. Уласна, яны ня дасягаюць нават аднаго адсотка ад агульнай колькасьці выбаршчыкаў.

У 27-мі суб’ектах Расейскай Фэдэрацыі колькасьць выбаршчыкаў наогул не была больш за тысячу чалавек. Найбольшая колькасьць датэрміновых галасаваньняў – у Чачэнскай Рэспубліцы: 64 тысячы.

А вось, напрыклад, у Ямала-Нянецкай аўтаномнай акрузе – 10 тысячаў чалавек датэрмінова прагаласавала.

У Калінінградскай вобласьці датэрмінова прагаласавалі 17 чалавек, ва Ўльянаўскай вобласьці – 69 выбаршчыкаў.

Па-за межамі Расейскай Фэдэрацыі датэрмінова прагаласавалі 18 тысячаў выбаршчыкаў.

Вось, калі коратка, што было ў нас на прэзыдэнцкіх выбарах у 2000-ым годзе”

(Навумчык: ) “Такім чынам, як вынікае са словаў супрацоўніка расейскага Цэнтарвыбаркаму Яўгена Качубея, датэрміновае галасаваньне ў Расеі разьлічана альбо на надзвычайныя сытуацыі (як у Чачні), альбо на геаграфічныя абставіны – напрыклад, у тайзе ці тундры.

У Беларусі, як вядома, вайсковыя часткі не ваююць, няма субмарынаў ды эсьмінцаў, якія б выходзілі ў шматмесячнае плаваньне, не заўважана і аленяводаў, якім ад сваёй юрты да бліжэйшага населенага пункту – суткамі дабірацца.

Зьвернем увагу і на тое, што нават у Калінінградзе – марскім горадзе – на прэзыдэнцкіх выбарах прагаласавалі датэрмінова толькі 17 чалавек.

Дарэчы, хаця нейкіх аднойчы і назаўсёды вызначаных адсоткавых нормаў няма, але неафіцыйна ў сусьветнай практыцы назіраньня за выбарамі прынята, што перавышэньне колькасьці ўдзельнікаў датэрміновага галасаваньня больш чым як на адну адсотку сьведчыць пра ціск улады на выбаршчыкаў. Дарэчы, падобнае назіралася у часе апошніх парлямэнцкіх выбарах у Кіыргызстане.

На Ўкраіне таксама датэрміновае галасаваньне аднойчы было скарыстанае на карысьць улады. Пра гэта па тэлефоне зь Кіеву – дырэктар інстытуту паліталёгіі Мікола Тамэнка:

(Тамэнка: ) “Такая практыка была. Гэта – сумная практыка для дэмакратыяў. Часткова гэта выкарыстоўвалася пад час прэзыдэнцкіх выбараў 1999 году. Але Закон аб выбарах прэзыдэнта больш дэмакратычны, чым закон аб выбарах у парлямэнт. У ім вельмі жорстка абумоўлівалася катэгорыя людзей, якія маюць права на датэрміновае галасаваньне. І трэба было гэта падмацаваць канкрэтнай просьбай канкрэтнай асобы, каб яна прагаласавала датэрмінова.

І ў рэальнасьці не была вялікая лічба тых, хто прагаласаваў датэрмінова. Бо і назіральнікі, прадстаўнікі розных кандыдатаў імкнуліся гэта шчыльна кантраляваць.

Але такую працэдуру прэзыдэнт вельмі актыўна скарыстаў пад час украінскага рэфэрэндуму. Пад час рэфэрэндуму Ўкраіна, мяркую, увайшла ў гісторыю практыкі датэрміновага галасаваньня як элемэнту выбарчай тэхналёгіі і недэмакратычнасьці. Да дня рэфэрэндуму датэрмінова прагаласавала больш як 54 адсоткі грамадзянаў.

І тады мы мелі фантастычную колькасьць прыкладаў злоўжываньняў у школах, у ВНУ і іншых месцах, дзе, зразумела ж, галасавалі за тыя пытаньні, якія прапанаваў прэзыдэнт. Так што мы маем вопыт і барацьбы з датэрміновым галасаваньнем як з недэмакратычнай працэдурай, і маем вопыт, калі апазыцыя цалкам прайграла з прычыны немагчымасьці супрацьстаяць гэтай працэдуры.

Урок Украіны сьведчыць, што выкарыстаньне ў такіх вялікіх памерах працэдуры датэрміновага галасаваньня – элемэнт недэмакратычнасьці і спосаб выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу дзеля дасягненьня тых вынікаў, якіх прагне дасягнуць улада.

Гэтая працэдура – і на прэзыдэнцкіх выбарах, і на рэфэрэндуме – была ацэненая як недэмакратычная. Вы ведаеце, што АБСЭ прызнала выбары недэмакратычнымі. Тое ж тычыцца і працэдуры рэфэрэндуму.

Праводзячы паралель зь беларускай сытуацыяй, – а я ведаю становішча ў Беларусі, бо нядаўна праводзіў тут “круглы стол” з менскімі калегамі, маю багата аналітычнай інфармацыі – я думаю, што ёсьць падставы для наступнага. Міжнародныя назіральнікі могуць казаць ня толькі пра недэмакратычнасьць выбараў, але і калі нічога ня зьменіцца да канца тыдня, наогул ставіць пытаньне пра прызнаньне выбараў нелегітымнымі, і пра нелегітымнасьць Аляксандра Лукашэнкі, калі ён і надалей максімальна будзе скарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс і грэбаваць законам”.

(Навумчык: ) “У расповядзе кіеўскага палітоляга Міколы Тамэнкі ёсьць адна паказальная акалічнасьць: улада пайшла на сумнеўныя дзеяньні пад час рэфэрэндуму, але не рызыкнула скарыстоўваць датэрміновае галасаваньне пад час прэзыдэнцкіх выбараў. Бо апошняе пагражала б менавіта непрызнаньнем выбараў у якасьці легітымных – а значыць, статусу легітымнага кіраўніка ў вачах сусьветнай супольнасьці пазбавіўся б і абраны на такіх выбарах прэзыдэнт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG