Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СЯРГЕЙ ГАЙДУКЕВІЧ: У СТАТУЦЕ ЛДП ДАКЛАДНА НАПІСАНА ПРА СУВЭРЭНІТЭТ І НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ БЕЛАРУСІ


Валер Каліноўскі, Юры Дракахруст

Сяргей Гайдукевіч нарадзіўся ў Менску 8 верасьня1954 году. Скончыў Менскую ваена-інжынэрную вучэльню зэнітна-ракетных войскаў і ваенную камандную акадэмію войскаў СПА у Маскве. Мае званьне палкоўніка. Служыў у сілах супрацьпаветранай абароны савецкага войска, у 1982-1983 гадох – кіраўнік групы савецкіх ваеных дарадцаў у Іраку. У 1992-1994 гадох – старшыня камітэту па сацыяльнай абароне вайскоўцаў, супрацоўнікаў КДБ, МУС і воінаў-інтэрнацыяналістаў пры Савеце міністраў Беларусі. У 1991-1994 гадох – кіраўнік Народнага Руху Беларусі. Стаяў ля вытокаў стварэньня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі, з 1995 году – старшыня гэтай партыі. Сяргей Гайдукевіч жанаты, мае дваіх дзяцей.

(Дракахруст: ) “Сп-Гайдукевіч, чаму Вы вырашылі змагацца за пасаду прэзыдэнта, чым Вас не задавальняе цяперашняя сытуацыя і што новага Вы хочаце прапанаваць Беларусі?”

(Гайдукевіч: ) “Большасьць насельніцтва нашай дзяржавы гатовая да пераменаў. Гэта дэманструюць і сацыялягічныя апытаньні. Так, як мы жывем, далей жыць нельга. Гэта цалкам відавочна і зразумела. Што тычыцца мяне асабіста, я адчуваю вялікую падтрымку насельніцтва, у мяне дастаткова высокі рэйтынг. Ня той, які паказваюць дзяржаўныя мэдыі. Збор подпісаў пераканаўча паказаў гэта. За мной сотні тысячаў, мільёны людзей, якія будуць за мяне галасаваць. Я адчуваю сябе чалавекам падрыхтаваным і здольным правесьці ўсе неабходныя рэформы, каб Рэспубліка Беларусь з “парку Юрскага пэрыяду” стала на шлях нармальных, дэмакратычных пераменаў”.

(Каліноўскі: ) “Ці давяраеце Вы дакумэнтам, якія нядаўна абнародаваў Уладзімер Ганчарык, пра лёс Юр’я Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Віктара Ганчара, Зьмітра Завадзкага? Яны сьведчаць пра вінаватасьць бліжэйшага атачэньня Аляксандра Лукашэнкі да іх зьнікненьня”.

(Гайдукевіч: ) “Што тычыцца дакумэнтаў, я паставіўся да іх зь велізарнай ўвагаю і занепакоенасьцю. А той, хто іх абнародаваў, – Уладзімер Ганчарык, камуніст Ганчарык, я яму не давераю”.

(Каліноўскі: ) “Пытаньне не ў Ганчарыку, а ў тых асобах, якія фігуруюць у гэтых дакумэнтах. Там ідзе размова пра самае вышэйшае кіраўніцтва краіны. Калі Вы станеце прэзыдэнтам, ці панясуць яны пэрсанальную крымінальную адказнасьць?”

(Гайдукевіч: ) “Калі я стану прэзыдэнтам, я буду цалкам разьбірацца з усімі пытаньнямі, ня толькі з гэтымі. Гэта трагедыя ў Рэспубліцы Беларусь, што такія дакументы ёсьць”.

(Каліноўскі: ) “Некаторыя гавораць, што дачыненьне да зьнікненьня людзей мае і Аляксандар Лукашэнка. Якім будзе лёс Аляксандра Лукашэнкі ў выпадку Вашай перамогі?”

(Гайдукевіч: ) “Лёс любога чалавека, грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, будзе ісьці чыста паводле закону, менавіта паводле закону. Тое, чаго сёньня ў нашай рэспубліцы няма. У нас цяпер парушаецца нават права быць абраным. Таму мае першыя словы, не папулісцкія, а нарамальныя словы будучага лідэра дзяржавы: “У дзяржаве ўсё будзе вызначаць закон і Канстытуцыя. Таму і далейшы лёс любога чыноўніка любога дзяржаўнага рангу будзе базавацца на фактах, на рэчаіснасьці, і ўсё гэта будзе вызначана ў межах закону. Як закон вырашыць, так і будзе. Не прэзыдэнт будзе вырашаць, а закон”.

(Каліноўскі: ) “Вы маеце на ўвазе закон аб люстрацыі? Ці патрэбны такі закон?”

(Гайдукевіч: ) “Я не выключаю нават і гэтага. Я лічу, што тут мусіць быць індывідуальны падыход. Нельга агульна ўводзіць люстрацыю для ўсіх. Усё мусіць рабіцца паводле закону. Нельга паўтараць памылкі, якія былі зробленыя на працягу больш чым сямі апошніх гадоў”.

(Дракахруст: ) “Зараз у Беларусі дэ-факта дзейнічае Канстытуцыя 1996 году і менавіта яна дастанецца той асобе, якая будзе абраная прэзыдэнтам. Гэтая Канстытуцыя прадугледжвае надзвычай шырокія паўнамоцтвы прэзыдэнта, ён можа выдаваць дэкрэты, якія вышэй за законы. Калі Вы станеце кіраўніком дзяржавы, як Вы будзеце вырашаць гэтую праблему? Існуе таксама праблема з заканадаўчым ворганам, у прыватнасьці, з “палатаю прадстаўнікоў”, якая не прызнаная Эўропай і сьветам”.

(Гайдукевіч: ) “Па-першае, наконт Канстытуцыі. Яшчэ два месяцы таму ў мэдыях было сказана, што падрыхтаваны праект новай Канстытуцыі. Жыць паводле Канстытуцыі 1996 году немагчыма, гэтая Канстытуцыя непрымальная. Канстытуцыя будзе ўнесеная іншая, гэты праект Канстытуцыі падрыхтаваны. У гэтым праекце істотна абмежаваныя правы прэзыдэнта, там дакладна акрэсьленыя паўнамоцтвы ўсіх галінаў улады, узмоцненыя ролі парлямэнту і прэм’ер-міністра. Што тычыцца дзейнай заканадаўчай улады – яна нелегітымная і для мяне незаконая. Таму з прыходам да ўлады мусяць неадкладна быць арганізаваныя свабодныя, дэмакратычныя выбары ў парлямэнт, які павінен абірацца па зьмяшанай, прапарцыйна-мажарытарнай сыстэме. У гэтым выпадку мусіць быць не “палата прадстаўнікоў”, а Вярхоўны Савет у колькасьці, паводле нашага праекту, 260 дэпутатаў. Мы ня бачым неабходнасьці мець верхнюю палату парлямэнту, якая зараз проста дэкаратыўная. Па той Канстытуцыі, якую мы маем зараз, жыць проста нельга, бо па ёй немагчымы пераход да дэмакратычнай дзяржавы”.

(Дракахруст: ) “Як будзе прымацца гэтая новая Канстытуцыя? Што адбудзецца спачатку: прыняцьцё новай Канстытуцыі ці абраньне новага парлямэнту?”

(Гайдукевіч: ) “Канстытуцыя мусіць прымацца парлямэнтам, таму першы ўказ прэзыдэнта мусіць быць пра роспуск парлямэнту. А для вынясеньня на рэфэрэндум новай Канстытуцыі павінная быць створаная нейкая вельмі шырокая грамадская кааліцыя, якая мусіць рыхтаваць гэты праект. Гэта можа быць і канстытуцыйны сход ці іншая форма, якія прадугледжаныя ўсясьветнай практыкай. Трэба неадкладна мяняць сытуацыю ў заканадаўстве шляхам роспуску парлямэнту і, адначасна, паралельна рыхтаваць пытаньне зьмены Канстытуцыі. Першыя крокі могуць быць зробленыя шляхам указаў пра пашырэньне правоў ураду”.

(Каліноўскі: ) “У свой час было папулярнае пытаньне “Who is Mr. Putin?” Нядаўна мяне спыталі: “Хто такі паводле эўрапэйскай шкалы кандыдат на прэзыдэнта Сяргей Гайдукевіч? Ён левы ці правы, ён нацыяналіст ці наадварот?” Я ня змог дакладна адказаць, у мяне ўзьніклі пэўныя сумненьні. А як Вы самі сябе маглі б ахарактарызаваць?”

(Гайдукевіч: ) “У першую чаргу я – дзяржаўнік, чалавек, які выступае за незалежную дзяржаву Рэспубліку Беларусь, для якога паняцьці дзяржаўнасьці, дзяржаўнай незалежнасьці – першачарговыя. Для мяне непрымальныя шмат пытаньняў, якія зараз узьнімаюцца ў саюзе Расеі і Беларусі. Мяне перш за ўсё цікавіць абарона незалежнасьці і сувэрэнітэту дзяржавы. Што тычыцца правага ці левага – мы заўсёды знаходзіліся ў цэнтры. І сёньняшняя перадвыбарчая сытуацыя гэта падцьвярджае. Я не прымыкаю да камуністычнай кааліцыі на чале з Ганчарыкам, а з другога боку, я лічуся ярым супернікам і праціўнікам дзейнай ўлады”.

(Каліноўскі: ) “Ці падобная Вашая партыя на Лібэральна-дэмакратычную партыю Расеі і ці можаце Вы параўнаць сябе з Жырыноўскім?”

(Гайдукевіч: ) “Калі Вы дагэтуль пытаецеся, ці падобная нашая партыя на парыю Жырыноўскага, гэта выклікае проста зьдзіўленьне. Нашая партыя прымаецца ва ўсясьветны Лібэральны Інтэрнацыянал, у які ўваходзяць буйнейшыя лібэральныя партыі Эўропы і сьвету”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Гайдукевіч, Вы тут казалі пра камуністычную кааліцыю. Варта сказаць, што і Вы ў свой час таксама не ў кадзецкай партыі былі, а ў той жа камуністычнай”.

(Гайдукевіч: ) “У Савецкім Саюзе”.

(Дракахруст: ) “Але і пасьля Савецкага Саюзу, калі ў 1993 годзе кіраваны Вамі Народны Рух праводзіў кангрэс народу Беларусі, то патас гэтага форуму быў у праклёнах “белавескім злачынцам” і аднаўленьні СССР. Зараз Вы кажаце, што Вы – прыхільнік незалежнасьці Беларусі. Калі Вы станеце прэзыдэнтам, як будуць будавацца Вашыя адносіны з Расеяй?”

(Гайдукевіч: ) “Я хацеў бы Вам нагадаць, што на кангрэсе народу Беларусі прысутнічалі і сп-р Казлоўскі, і сп-р Калякін, і сп-р Ганчарык, і сп-р Чыгір. І там жа прысутнічаў і сп-р Лукашэнка. У адрозьненьні ад іх з 1996 году ў праграме Лібэральна-дэмакратычнай партыі дакладна напісана пра сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі. Для мяне саюз Беларусі і Расеі – гэта ў першую чаргу эканамічны саюз з буйным стратэгічным партнэрам без ўсялікіх адзіных эмісійных цэнтраў, без ўсялякай адзінай валюты, без ваенага складніка, а нармальны эканамічны саюз з буйной дзяржавай, у якой мы зацікаўленыя, як ў рынку збыту. І ня ў большай ступені, чым ў дзяржавах Эўропы, да якой мы належым”.

(Дракахруст: ) “Скажыце, якім будзе лёс расейскай радыёлякацыйнай станцыі ў Ганцавічах, якой Масква надае вялікую ўвагу, і якім будзе лёс мытнага саюзу паміж Беларусьсю і Расеяй?”

(Гайдукевіч: ) “Што тычыцца мытнага саюзу, то ён мяне не задавальняе, бо сувэрэная дзяржава мусіць мець усе атрыбуты сувэрэнай дзяржавы. Што тычыцца ганцавіцкай РЛС, то я яе цудоўна ведаю. У свой час я служыў на вельмі высокіх кіруючых пасадах у войсках СПА і магу сказаць адно: лёс гэтай РЛС будзе залежаць ад неабходнасьці яе знаходжаньня для нашай дзяржавы. На сёньняшні дзень я ня бачу ніякай неабходнасьці знаходжаньня гэтай станцыі на нашай тэрыторыі. Значыць, будзе прынятае адпаведнае рашэньне”.

(Дракахруст: ) “Існуе пагадненьне пра стварэньне саюзнай дзяржавы, падпісанае Аляксандрам Лукашэнкам і Барысам Ельцыным. Вы будзеце яго выконваць ці будзеце яго дэнансаваць?”

(Гайдукевіч: ) “На сёньня магу сказаць толькі адно. Тыя палажэньні дамовы, якія не адпавядаюць новай Канстытуцыі і прынцыпам суцвэрэнітэту, выконвацца ня будуць. Тыя палажэньні, якія не ўплываюць на сувэрэнітэт дзяржавы, якія ня будуць перашкаджаць станаўленьню стабільных партнэрскіх адносінаў з эўрапейскімі дзяржавамі, зь іншымі дзяржавамі, – такія палажэньні будуць дзейнічаць. Хутчэй за ўсё будуць заключаныя пагадненьні іншага фармату”.

(Каліноўскі: ) “Якія Вы бачыце канкрэтныя магчымасьці эканамічных рэформаў у Беларусі? Што рабіць з такімі гігантамі, як МТЗ і БелАЗ, што рабіць з калгасамі, за якія выступаюць самі калгасьнікі, што рабіць з жаданьнем большай часткі нашага насельніцтва мець шырокія праграмы сацыяльнай дапамогі?”

(Гайдукевіч: ) “В постсавецкіх краінах прыярытэт мусяць мець лібэральныя ідэі. Таму Лібэральна-дэмакратычная партыя ў Беларусі – самая буйная, бо яна адпавядае памкненьням капіталу, які разьвіваецца. Што тычыцца буйных прадпрыемстваў, яны мусяць быць акцыянаваныя. Калі мы ідзем у рынак, то відавочна, што ніякіх такіх дзяржаўных прадпрыемстваў-гігантаў не павінна быць. Яны нам зараз не патрэбныя, яны павінныя быць прыватызаваныя, яны мусяць атрымліваць інвэстыцыі, якіх зараз ня маюць. Зразумела – прыватызацыя, зразумела – акцыянаваньне ўсіх бяз выключэньня прадпрыемстваў. Тое, што Вы сказалі, што нібыта людзі жадаюць жыць у калгасах – гэта няпраўда. Больш за 40% калгасаў нерэнтабельныя і жывуць на датацыях дзяржавы. І тут трэба рашуча ўводзіць зямельную рэформу і прыватную ўласнасьць на зямлю. Бяз гэтага ніяк не абысьціся. Мусяць зьявіцца зямельныя банкі і зямельная рэнта. Паколькі працэс пераходу да новай эканамічнай палітыкі будзе паступовы, калгасы, якія на сёньняшні дзень рэнтабельныя, будуць ператвораныя ў буйныя аграпрамысловыя фірмы, як гэта было зроблена ў Чэхаславаччыне. Але галоўнае – гэта прыватная ўласнасьць на зямлю. Неадкладна, бясспрэчна. Гэта рухавік. Зараз мы ня можам замежным інвэстарам нават прадаць завод разам з зямлёю. Гэта трагедыя”.

(Каліноўскі: ) “Які адсотак беспрацоў’я Вы дапускаеце, калі пачнуцца рэформы?”

(Гайдукевіч: ) “Гэта будзе залежаць ад таго, як будуць праходзіць рэформы, ад іх тэмпу. Але, безумоўна, ўзровень беспрацоў’я будзе вышэй, чым зараз. Але і зараз няма праўдзівых дадзеных. Людзі не зьвяртаюцца ў сацыяльныя службы, яны робяцца чаўнакамі, займаюцца дробным бізнэсам. Так што я ня думаю, што павелічэньне беспрацоў’я будзе занадта істотным. Але яно будзе і бяз гэтага не абысьціся, бо пакідаць нерэнтабельныя прадпрыемствы, што “вісяць” на дзяржбюджэце, – гэта проста глупа.

(Каліноўскі: ) “Вы як кандыдат на прэзыдэнта ўжо павінны былі вызначыць, хто у Вас будзе кіраўніком ўраду, хто міністрам эканомікі, хто міністрам фінансаў. Ці ёсьць у Вас такія людзі?”

(Гайдукевіч: ) “Я ня згодны з Вамі, што я зараз ужо мушу назваць імя будучага прэм’ер-міністра. На сёньня маецца каманда, у асноўным гэта маладыя людзі, да 40 гадоў, якія добра паказалі сябе ў бізнэсе і якія мяне падтрымліваюць”.

(Дракахруст: ) “А як Вы мяркуеце будаваць адносіны з Захадам?”

(Гайдукевіч: ) “Трэба проста ўступаць у НАТО і якія могуць быць праблемы?”

(Дракахруст: ) “Расея вельмі нэрвова ставіцца да пэрспэктывы ўступленьня ў НАТО балтыйскіх краінаў. А калі яе бліжэйшы саюзнік – Беларусь, уступіць у НАТО, наўрад ці ёй гэта спадабаецца”.

(Гайдукевіч: ) “Гэта праблема Расеі”.

(Дракахруст: ) “А якое Вашае стаўленьне да Эўрапейскага Зьвязу?”

(Гайдукевіч: ) “Новая дэмакратычная беларуская дзяржава мусіць уступіць у Эўразьвяз. Мы і геаграфічна знаходзімся ў Эўропе. Трэба падымаць нашую дзяржаву і імкнуцца ў Эўропу. Я хачу нагадаць і заявы Ўладзімера Ўладзімеравіча Пуціна наконт НАТО. Ён жа ня толькі занепакоенасьць выказвае, ён і гаворыць пра вялікае супрацоўніцтва. Ён, дарэчы, мне вельмі імпануе як прэзыдэнт. Я быў вельмі задаволены, калі яго абралі прэзыдэнтам Расеі, я маю да яго асабістыя сымпатыі”.

(Дракахруст: ) “Сп-р Гайдукевіч, як Вашае жаданьне ўступаць у НАТО стасуецца з Вашымі шчыльнымі адносінамі з ірацкімі лідэрамі? Я ведаю, што Вы шмат разоў былі ў Іраку, што ў Вашай партыі ёсьць і палітычныя і эканамічныя адносіны з Іракам. НАТО знаходзіцца ў стане вялацякучай вайны з Іракам. І як Вашыя абавязкі, Вашыя адносіны зь Іракам будуць стасавацца з сяброўствам Беларусі ў НАТА?”

(Гайдукевіч: ) “Я сапраўды бываў у Іраку. З 1982 году па 1984 год выконваў інтэрнацыянальны абавязак – старшым групы ваенных адмыслоўцаў. Гэта далёкае мінулае Савецкага Саюзу, я ад яго не адмаўляўся і не адмаўляюся – гэта маё жыцьцё і мая гісторыя. Што тычыцца эканамічных адносінаў нашай партыі зь Іракам – ці ў Вас недакладныя зьвесткі, ці Вы хочаце штосьці праверыць. Ніякіх адносінаў у Лібэральна-дэмакратычнай партыі зь Іракам не было і ня будзе. Што тычыцца маіх паездак на Блізкі Ўсход, то я бываў ня толькі ў Іраку, я бываў і ў Ярданіі, і ў Сірыі, і ў Ліване, і ў Арабскіх Эміратах. Я лічу, што на Блізкім Усходзе трэба знаходзіць эканамічныя “завязкі” з арабскімі дзяржавамі. Гэта ў нашай зьнешняй палітыцы было і будзе. Такія ж адносіны існуюць і ў ЗША, і ва ўсёй Эўропы. Так што ня трэба гэтаму зьдзіўляцца. Што тычыцца маіх паездак у Ірак, яны былі па запрашэньні каардынацыйнага камітэту, у які ўваходзілі прадстаўнікі Брытаніі, Францыі, Расеі, ЗША, дарэчы. Гэта камітэт, які займаецца надзвычай цяжкім станам дзяцей у Іраку. Яны паміраюць ад голаду, яны ні ў чым не вінаватыя”.

(Дракахруст: ) “ЗША і Вялікая Брытанія, дзяржавы, якія адыгрываюць не апошнюю ролю ў НАТО, прытрымліваюцца і палітыкі санкцыяў, і палітыкі ваенных дзеяньняў супраць Іраку. Калі Беларусь будзе ў НАТО, то яна мусіць ісьці ў фарватэры гэтай палітыкі?2

(Гайдукевіч: ) “Калі б Беларусь нават зараз была ў НАТО, я б выступаў супраць бамбаваньня мірных гарадоў Югаславіі. І калі Беларусь будзе ў НАТО, мы будзем супраць гэтага, супраць бамбаваньня мірных гарадоў. Вы хочаце, каб сувэрэная дзяржава ня мела права голасу, дзе бы мы ні знаходзіліся? Францыя, шмат іншых эўрапэйскіх дзяржаваў, што ўваходзяць у НАТО, выступалі катэгарычна супраць бамбаваньня гарадоў у Югаславіі. Францыя да таго ж мае асаблівую пазыцыю адносна Іраку. Калі Гайдукевіч выступае супраць бамбаваньня мірных гарадоў і дзяцей, то маю пазыцыю будуць ухваляць ня толькі ў Беларусі, але і ў шэрагу эўрапейскіх дзяржавах. Мае памкненьні неабавязкова мусяць супадаць з памкненьнямі палітыкаў ЗША ці Вялікай Брытаніі”.

(Каліноўскі: ) “Дазвольце вярнуцца да беларускіх праблемаў. У Менску з 250 школаў толькі 11 – беларускамоўныя, справаводства ў дзяржаўных установах ідзе на расейскай мове. Вам, як беларускаму палітыку, ня крыўдны такі ганебны стан беларускай мовы?”

(Гайдукевіч: ) “Зразумела, мне крыўдна. Мне крыўдна нават тое, што я зараз вымушаны размаўляць з Вамі на расейскай мове. Я размаўляю на беларускай мове, але я размаўляю на расейскай лепш і таму размаўляю на расейскай. Але я хацеў бы, каб гэтага не было. Хаця ў нас расейская мова таксама дзяржаўная, але ўсё справаводства, праца ў Савеце Міністраў, ва ўсіх дзяржаўных установах мусіць быць толькі на беларускай мове. Перапіскі паміж міністэрствамі, ведамствамі, партыямі мусяць быць толькі на беларускай мове. Я аб гэтым мару.
І мне хацелася б, каб на беларускім тэлебачаньні было больш выступаў на беларускай мове і больш беларускіх ансамбляў. Адным зь першых маіх указаў будзе перавод усяго справаводства на беларускую мову”.

(Каліноўскі: ) “Але Вы лічыце што і расейская мова таксама мусіць заставацца дзяржаўнаю?”

(Гайдукевіч: ) “Я пра гэта зараз не заяўляю. Працэс мусіць ісьці паступова. Дзяржаву будаваць – гэта ня дом сякераю ламаць”.

(Каліноўскі: ) “Вось ёсьць канкрэтная пытаньне: як вызначаць колькасьць беларускіх школаў. Ці рабіць гэта на падставе нацыянальнага складу насельніцтва, ці на падстве заяваў бацькоў, ці неяк інакш?”

(Гайдукевіч: ) “У першую чаргу гэта мусяць вырашаць бацькі, як у любой эўрапейскай дзяржаве. Трэба паляпшаць матэрыяльную базу школаў на беларускай мове, трэба павялічваць іх колькасьць – гэта ні ў кога не выклікае сумненьня. Справа ў часе. Трэба шмат зрабіць: і эканоміку мяняць, і дэмакратычны шлях абіраць, і школьную рэформу рабіць. І ў ВНУ трэба рабіць тое ж самае, і прадметы трэба весьці на беларускай мове: і матэматыку, і фізыку, ўсё прадметы мусяць ісьці на беларускай мове. Спатрэбіцца выданьне падручнікаў, мусіць папрацаваць нашая навука. Стратэгія зразумелая – трэба да гэтага ісьці. Ісьці неадкладна, у беларускай дзяржаве мусіць дамінаваць беларуская мова. І няма пытаньня, што беларускіх навучальных ўстановаў павінна быць у дзесяткі разоў больш, чым тых, дзе навучаньне ідзе на іншых мовах. Але мусяць быць і польскія, і расейскія школы”.

(Каліноўскі: ) “Нядаўна у тэлепраграме “Рэзананс” распавядалі пра кандыдатаў у прэзыдэнты і Аляксандра Лукашэнку там паказалі пад чырвона-зялёным сьцягам, а астатніх, у тым ліку і Вас, – пад бел-чырвона-белым. Да якога сьцягу Вы больш схільныя, хаця Вас да бел-чырвона-белага ўжо прыпісалі?”

(Гайдукевіч: ) “Як чалавек, я зразумела хачу мець сымболіку беларускай дзяржавы. На сёньняшні дзень мне бліжэй тая сымболіка, якая была прынятая Вярхоўным Саветам і якая была раней. Гэта сымболіка сувэрэнай дзяржавы і тут ня можа быць ніякіх пытаньняў”.
XS
SM
MD
LG