Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ СЛУЦКАГА РАЁНУ ПАСТАНАВІЛІ, КАБ ДА 9 ВЕРАСЬНЯ ПРАГАЛАСАВАЛА 60% ВЯСКОЎЦАЎ


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

Датэрміновае галасаваньне тут, а таксама ў іншых рэгіёнах Меншчыны, суправаджаецца шматлікімі парушэньнямі Выбарчага кодэксу.

Найбольш актыўна ажыцьцяўляе дырэктыву Слуцкага раённага начальства Бароўская ўчастковая камісія. Тут на сёньняшні дзень з 300 выбарцаў узялі ўдзел у датэрміновым галасаваньні больш за 100 вяскоўцаў. Прыкладна такімі ж тэмпамі галасуюць калгасьнікі на Грэскім, Мялежкаўскім, Бокшыцкім ды іншых участках.

Гэткае паскарэньне найперш дасягнулі коштам таго, што старшыні гаспадарак і сельвыканкамаў штораніцы і кожны вечар масава вязуць сялянаў на ўчасткі для галасаваньня.

Дарэчы, справа тут не абыходзіцца без парушэньняў Выбарчага кодэксу. Паводле Зінаіды Цімошык, актывісткі Беларускага рэспубліканскага клюбу выбарцаў, участковыя камісіі не зарэгістравалі блізу 10 сяброў клюбу назіральнікамі, а чальцы Лучнікоўскай камісіі нават шляхам галасаваньня выказаліся за тое, каб не дапусьціць да назіраньня спадарыню Ліну Качур.

Чыноўніку ж Гольчыцкага сельвыканкаму Віктару Крату, які стаў назіральнікам ад клюбу выбарцаў пры тамтэйшай участковай камісіі, прыгразіў звальненьнем намесьнік старшыні райвыканкаму Пётар Далгучыц.

Чальцы ўчастковых камісіяў не дазваляюць доўга затрымлівацца каля сябе і журналістам. Так, два дні таму Валер'я Касьпяровіча, які меў пры сабе пасьведчаньне газэты "Дзень", літаральна выштурхнуў з памяшканьня Бокшыцкага ўчастку міліцыянт, які Валер'ю Касьпяровічу не прадставіўся.

Ледзь ня скончылася падобным чынам і спроба Зінаіды Цімошык здабыць інфармацыю для "Народнай волі" ад чальцоў Вясейскай участковай камісіі. У абодвух выпадках міліцыянты, якія не называлі сябе, сядзелі за сталамі побач зь сябрамі камісіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG