Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАТАЛЬЛЮ БРЭЛЬ У РЭЧЫЦЫ ЗА ВІНШАВАНЬНЕ ЛУКАШЭНКІ ПАСАДЗІЛІ Ў ІЗАЛЯТАР ЧАСОВАГА ЎТРЫМАНЬНЯ


Казімер Яноўскі, Гомель

Крымінальную справу паводле артыкулу 367(паклёп на прэзыдэнта) распачала рэчыцкая пракуратура. Натальлю Брэль затрымалі на трое сутак. Пракурор Віктар Будкоў, які называе сябе земляком Аляксандра Лукашэнкі, бо родам са Шклоўскага раёну, паведаміў, што моладзь Рэчыцы, у тым ліку і спадарыня Брэль, да дня народзінаў кіраўніка дзяржавы перадала праз гарвыканкам падарунак, у якім аказалася і вяроўка, завязаная пятлёй.

Пракурор быў зьдзіўлены, што лёсам Натальлі Брэль і наогул крымінальнай справай зацікавілася наша радыё.

(Будкоў: ) "Гэта саплівая справа, і толькі. А тут ужо нават радыёстанцыя пачынае цікавіцца лёсам арыштаванай", — кажа пракурор Будкоў.

Адвакат Дзьмітры Раманішка распавёў Свабодзе, што Натальля Брэль адмовілася адказваць на пытаньні сьледчага пракуратуры спадара Дзям'янчыка. Яна заявіла, што не давярае сьледзтву.

Папярэднія падзеі ў Рэчыцы паказваюць, што не давяраць сьледзтву ў спадарыні Брэль былі падставы. Дэмакратычная моладзь, у тым ліку і спадарыня Брэль, з самага пачатку перадвыбарчай агітацыі правяла шмат акцыяў. Многія маладыя рэчычане пажадалі быць на выбарах назіральнікамі. Досыць актыўна распаўсюджвалі яны і перадвыбарную літаратуру.

Яшчэ да ўзбуджэньня крымінальнай справы міліцыя з санкцыі пракурора правяла ператрусы ў кватэрах актывістаў. У Натальлі Брэль таксама — гэта й вызначыла недавер.

Зрэшты, тут жа, у Рэчыцы, на выбарным участку №5 гарадзкая камісія, у складзе якой і намесьнік старшыні гарвыканкаму Віталь Атаманчук, з нагоды дзіўнай заявы састарэлых выбарцаў адлучалі ад участка незалежнага назіральніка Зураба Барбакадзэ.

На падставе розных надуманых прычынаў масава пачалі пазбаўляць акрэдытацыі незалежных назіральнікаў у Лоеве, Чыгуначным раёне абласнога цэнтру ды шмат дзе яшчэ.

Тым часам у рэгіёне разгортваецца датэрміновае галасаваньне. І ня толькі ў асяродку студэнтаў — у Сьветлагорску, напрыклад, начальнік міліцыі Палтаран загадаў сваім падначаленым таксама галасаваць датэрмінова.

XS
SM
MD
LG