Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІКІ ЎПЛЫВОВЫХ МІЖНАРОДНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ ПРЫБУДУЦЬ У МЕНСК 7 ВЕРАСЬНЯ


Уладзімер Глод, Менск

Акрамя сп. Студмана 7 верасьня чакаецца зьяўленьне ў Менску прэзыдэнта Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыяна Севярына, адмысловага прадстаўніка дзейнага старшыні АБСЭ Кіма Кільюнена, адказнага супрацоўніка Эўрапарлямэнту Яна Вірсмы ды іншых вядомых асобаў. Ня выключана, што ў пятніцу ўвечары яны сустрэнуцца з Аляксандрам Лукашэнкам.

А тым часам у Беларусі ўжо знаходзяцца каля 200 экспэртаў са статусам як доўгатэрміновых, так і кароткатэрміновых назіральнікаў. Сёньня зраніцы значная іх частка атрымлівала ў місіі абмежаванага назіраньня за выбарамі прэзыдэнта Беларусі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека неабходныя для працы дакумэнты. Некаторыя экпэрты ўжо перадаюць місіі першыя дакумэнты, першыя справаздачы.

Экспэрты выяўляюць дзіўныя рэчы. Так, на закрытых участках вайскоўцам, якія там галасуюць, раздаецца адмысловая літаратура. Напрыклад, брашура пад назовам "Президент Александр Лукашенко заботится о вооруженных силах".

Згодна са сваім статусам, міжнародныя назіральнікі ад БДІПЧ ня маюць права даваць інтэрвію журналістам да таго часу, пакуль ня будзе аб'яўленая папярэдняя справаздача місіі, гэта значыць, да 15 гадзіны менскага часу 10 верасьня. Аднак два назіральнікі з краінаў СНД пагадзіліся са мной пагутарыць пры ўмове, што іх імёны ня будуць названыя.

Адзін зь іх прадстаўляе краіну, што разам з Беларусьсю ўваходзіць у Эўра-азіяцкую эканамічную супольнасьць. Ён казаў пра тое, што ягоную радзіму некаторыя называюць краінай баяў, што ў ёй слабы ўзровень дэмакратыі. У пэўнай ступені гэта так. Але пасьля таго, што ён пабачыў у Беларусі, гэты назіральнік ужо гатовы лічыць сваю радзіму вельмі дэмакратычнай дзяржавай.

Другі назіральнік — жанчына – абураная тым, што яе спрабавалі падмануць як самага некампэтэнтнага чалавека. Гэтая жанчына спытала ў начальніка вайсковай часткі, дзе амаль усе вайскоўцы прагаласавалі датэрмінова, навошта гэта было патрэбна. У адказ яна пачула: маўляў, у беларускай арміі кожная нядзеля ёсьць выходным днём для салдатаў, якія разьяжджаюцца да бацькоў і родных. Таму яны і мусяць прагаласаваць датэрмінова. Але гэтая назіральніца амаль 30 год замужам за вайскоўцам і цудоўна ведае сапраўднае становішча ў арміі.

Паводле маіх суразмоўцаў, узгаданыя выпадкі – далёка не адзінкавыя.

XS
SM
MD
LG