Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ГАРАДЗЕНСКАЙ “ПАГОНІ” СКАНФІСКАВАЛІ ТЭХНІКУ І ЗАВЯЛІ КРЫМІНАЛЬНУЮ СПРАВУ СУПРАЦЬ ГАЗЭТЫ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Сьледчыя пракуратуры Шастоў і Танкевіч і супрацоўнік Камітэту фінансавых расьсьледаваньняў забралі з рэдакцыі дакумэнты, якія датычаць апошняга нумару газэты. Пасьля гэтага зьнялі міліцэйскую варту, якая знаходзілася ў рэдакцыі з учорашняга вечара.

Учора ў абласной друкарні пачалі друкаваць нумар газэты, прысьвечаны выбарам і кандыдату ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Ўладзімеру Ганчарыку. Наклад павялічылі да 88 000, аднак у рэдакцыі газэта ня трапіла. Друкарскі варштат спыніла міліцыя ў 19 гадзін, а праз гадзіну ў рэдакцыю зьявіліся міліцыянты.

Галоўнаму рэдактару Міколу Маркевічу паведамілі, што распачалі крымінальную справу паводле артыкула 361 за паклёп на прэзыдэнта. Распачаў справу першы намесьнік пракурора вобласьці Ўладзімер Аніська. У 22 гадзіны міліцыя канфіскавала сыстэмныя блёкі кампутараў рэдакцыі.

У 23 гадзіны ў рэдакцыі другой незалежнай газэты — "Биржа информации" зьявіўся АМОН. Міліцыянты заявілі, што дзяжурнаму абласнога ўпраўленьня ўнутраных справаў паступіў ананімны званок — быццам бы ў рэдакцыі газэты друкуюць антылукашэнкаўскія ўлёткі. Агледзеўшы рэдакцыю, АМОН зьнік, канфіскацыі не было.

А праца ў рэдакцыі "Пагоні" цалкам паралізаваная. Гаворыць Мікола Маркевіч:

(Маркевіч: ) "Я думаю, што гэта вельмі дэталёва сплянаваная акцыя, яе безумоўна вяла не пракуратура. Хутчэй за ўсё, гэтую акцыю арганізаваў КГБ. Прычым кіравалася яна, у мяне стварылася ўражаньне, ня з Горадні, а зь Менску. Практычна апошнія 4 сутак мы адчувалі, што ідзе праслухоўваньне, што сочаць за кожным нашым крокам.

Я думаю, што гэта была фактычна акцыя ня дзеля таго, каб папярэдзіць паклёп на прэзыдэнта, а дзеля таго, каб напярэдадні выбараў ня даць выбарцам Гарадзеншчыны магчымасьць атрымаць альтэрнатыўную інфармацыю".

У вобласьці фіксуюць новыя парушэньні падчас датэрміновага галасаваньня. У Наваградку ўлады актыўна перашкаджаюць незалежнаму назіраньню за выбарамі. Студэнтаў тамтэйшага коледжу выклікалі ў пракуратуру, іх папярэдзілі, што выкінуць з коледжу, калі яны не адмовяцца ад назіраньня на выбарчых участках. Назіральнікі на трох наваградзкіх участках спынілі дзейнасьць.

У Ваўкавыскім раёне на 22-м участку знаходзіўся касыр зь ведамасьцямі, які выплачваў грошы за здадзенае малако, і людзі актыўна ішлі галасаваць.

Сёньня я знаходзіўся на гарадзенскім участку №114, які месьціцца ў інтэрнаце Гроднапрамбуду. Старшыня камісіі Ігар Зайчанка паведаміў, што прагаласавала 300 выбарцаў (усяго іх 1760). Аднак незалежны назіральнік даў іншыя лічбы: толькі за першыя два дні прагаласавалі 468 чалавек і сёньня яшчэ 52. Назіральнік заўважыў, што скрынка зь бюлетэнямі апячатваецца аркушам паперы, які няцяжка зьняць, не пакідаючы сьлядоў — прыклейваецца ён ня клеем, а клейкім алоўкам, зьверху ставяць росьпісы і на ноч скрынку хаваюць у сэйф.

XS
SM
MD
LG