Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМІР ГАНЧАРЫК: ДЛЯ МЯНЕ ГАЛОЎНАЕ, КАБ БЕЛАРУСЬ БЫЛА НЕЗАЛЕЖНАЙ


Ганна Соусь, Сяргей Навумчык

(Навумчык: ) "Спадрар Ганчарык, у Вас цяпер шмат сустрэчаў, Вы толькі што вярнуліся з рэгіёнаў і, як я разумею, сёньня едзеце ў рэгіёны ізноў. Які настрой у выбаршчыкаў, які настрой у Вас ад гэтых сустрэчаў?”

(Ганчарык: ) "Я павінен сказаць, што вельмі добры настрой. Па-першае, людзі цікавяцца агульнымі справамі, ня толькі сваім дабрабытам. Большасьць выступае за тыя зьмены, якія павінны быць, за ліквідацыю рэжыму Лукашэнкі. Яны разумеюць, што трэба мяняць сыстэму ўлады. Таму ў мяне добрае ўражаньне ад гэтых сустрэчаў. Ёсьць пэнсіянэры, якіх асабліва палохае будучыня, ці будуць выплачвацца пэнсіі, НАТО на мяжы, ворагі вакол. Але гэта ўсё ж меншасьць".

(Соусь: ) "Спадар Ганчарык, чаму Вы прынялі рашэньне змагацца за прэзыдэнцкую пасаду? Дарэчы, як доўга высьпявала гэтае рашэньне, і якія былі аргумэнты на яго карысьць - незадаволенасьць цяперашняй сытуацыяй у краіне, упэўненасьць у тым, што менавіта Вы здолееце перамагчы Аляксандра Лукашэнку ды абяднаць вакол сябе самых розных людзей ці нешта іншае?”

(Ганчарык: ) "Я, напэўна, прыняў гэтае рашэньне доўга думаючы. Але ўпершыню я прагаласаваў пяць гадоў назад супраць палітыкі Лукашэнкі, супраць канцэнтрацыі ўлады ў адных руках, супраць рэфэрэндуму на Першым Усебеларускім сходзе. Гэта была такая стартавая пазыцыя. А потым былі намаганьні, якія прадпрымалі ў тым ліку й прафсаюзы - зьмяніць сацыяльна-эканамічны курс краіны ў інтарэсах людзей працы, зьмяніць палітыку, якая загнала краіну ў тупік, і большасьць людзей сталі беднымі. Іншымі мэтадамі, чым удзел у выбарах, проста не было такой магчымасьці. А гэты лёс выпаў на мяне. Гэта была такая дамова, таму што мы зрабілі ўнікальную зьяву ў палітычным жыцьці Беларусі - аб'ядналіся ўсе разам - арганізацыі, людзі рознай палітычнай і ідэалягічнай арыентацыі, вось тады я прыняў рашэньне, што трэба рабіць. Прынцып такі - калі ня я, так хто?”
(Навумчык: ) "Спадар Уладзімер, Вы сказалі, што на сустрэчах людзі выказваюць незадаволенасьць цяперашнім станам дзяржаўнага ладу й хацелі б зьменаў. І ў сувязі з гэтым пытаньне. Калі Вы будзеце абраны прэзыдэнтам, у Вас будуць шырокія паўнамоцтвы, Ваш голас будуць слухаць і палітыкі, і розныя людзі, як Вы лічыце, ці павінна будзе дзейнічаць Канстытуцыя 1994 году, ці будзе дзейнічаць канстытуцыя са зьменамі 1996 году, альбо павінна быць прынятая новая Канстыуцыя, і які Вам бачыцца лёс парлямэнту? Ці гэта будзе цяперашні “нацыянальны сход”? Ці Вы хацелі б правесьці выбары ў новы парялямэнт?”

(Ганчарык: ) "Па-першае, зьмены ў Канстытуцыі патрэбныя, і за аснову будзе прынятая Канстытуцыя 1994 году. Павінен быць цывілізаваны падзел уладаў і балянс уладаў. Гэта безумоўна. Не павінна быць абсалютнай ўладй аднаго чалавека ў краіне. Не павінен быць гэты сьмехатворны парлямэнт і беяпраўны ўрад. Гэта ўсё будзен зроблена, зроблена цывілізаваным шляхам. Мы прыйдзем да гэтага. Гэта датычыць і выбараў у новы парлямэнт, Вярхоўны Савет, якія будуць праведзеныя па зьмешанай сыстэме з улікам інтарэсаў і удзелам палітычных партыяў”.

(Навумчык: ) "І як хутка гэта можа адбыцца? На працягу якога часу пасьля 10 верасьня?"

(Ганчарык: ) "Канкрэтна падрыхтаваць неабходныя зьмены, я мяркую, што гэта можна й патрэбна зрабіць праз паўгоду”.

(Навумчык: ) "Натуральна, што калі вяртацца да Канстытуцыі 1994 году, да канстытуцыйных нормаў, мы мусім гаварыць ня толькі пра адзін рэфэрэндум 1996 году. Звычайна, калі гавораць пра канстытуцыйны пераварот, то маюць на ўвазе рэфэрэндум 1996 году. Аднак Беларусь мела яшчэ адзін, так бы мовіць, рэфэрэндум, рэфэрэндум 1995 году, калі была зьмененая дзяржаўная сымболіка, калі быў штучна прыніжаны статус беларускай мовы. Які лёс, на Ваш погляд, гістарычнай сымболікі, бел-чырвона-белага сьцягу й "Пагоні". Ці будуць яны адноўленыя ў якасьці дзяржаўных, і які Вам бачыцца статус беларускай мовы?”

(Ганчарык: ) "Гэтае пытаньне трэба вырашаць комлексна. Не павінна быць асобна мова й сымболіка. Пытаньне ў тым, каб гэта вырашыць цывілізавана. Мы створым усе умовы для развіцьця нацыянальнай культуры, нацыянальнай мовы й нацыянальных традыцыяў. Гэта будзе вызначацца наступным чынам. Мы павінныя ўлічваць, што вялікая колькасьць насельніцтва выступае за дзьвюхмоўе. Таму на першым этапе гэтае дзьвюхмоўе будзе. Але мова, выхаваньне адказнасьці й пачуцьця павагі да роднай беларускай мовы безумоўна будзе. Мы гэтае зробім і пачнем зь сям'і, зь дзіцячага садку, са школы. Я не бачу перашкодаў для стварэньня нацыянальнага ўнівэрсытэту. Гэты будзе зроблена. Што датычыць гістарычнай нацыянальнай сымболікі, то мы адменім усе забароны на яе прымяненьне. Ніхто ня будзе караць за гэта і гэта павінна таксама стаць асновай выхаваньня нацыі, народу, асабліва моладзі, растлумачыць асабліва старэйшаму пакаленьню, што гэта - нашая сымболіка. Мы гэта зробім абавязкова. Але патрэбен пэўны час.

(Соусь: ) "Ці будзе ізноў праводзіцца рэфэрэндум па гэтых гэтых пытаньнях, ці будзе зьменены закон аб мовах?”

(Ганчарык: ) "Безумоўна, мы ўсё гэтае ўлічым, каб вырашыць праблемы цывілізаваным шляхам. Законным шляхам. Вы ж разумееце, што патрэбны зьмяненьні ў канстытуцыі. Яны патрэбныя. І абавязкова будуць. Яшчэ раз паўтару, мы вырашым усё гэта нармальным шляхам, каб у грамадзтве не адбылося тое, што адбываецца цяпер, калі яно падзеленае, як гаворыць Лукашэнка, на чэсных і нячэсных."

(Навумчык: ) "Насамрэч рэфэрэндум 1995 году ўжо тады падзяліў грамадзтва. Нядаўна, адказваючы на пытаньні Радыё Свабода адносна лёсу сёньняшняй вэртыкалі, спадар Сямён Домаш, будучы прэм'ер-міністар пры будучым прэзыдэнце Ганчарыку, сказаў, што "прад'яўляць прэтэнзіті можна толькі да канкрэтных прадстаўнікоў вэртыкалі, якім будзе прад'яўленае абвінавачваньне ў прамым зьнікненьні людзей". Я маю сумнеў, што старшыні Аршанскага, Іванаўскага. Лідзскага ці Рагачоўскага райвыканкамаў, якія ў апошнім нумары "Советской Белоруссии" пелі дыфірамбы Лукашэнку, аплёўвалі дэмакратычны сілы, каб яны мелі наўпроставае дачыненьне да зьнікненьня людзей. Мы днямі адзначылі 10 гадавіну незалежнасьці ці 10 гадавіну путчу. Тады абсалютная большасьць чынавенства, партыйнага і дзяржаўнага, падтрымала путч і ўвядзеньне ў краіне надзвычайнага становішча. Вось тады апазыцыя, БНФ патрабавалі адстаўкі ўсіх гэтых асобаў, і першым, хто выступіў супраць іх адстаўкі, хто заяўляў, што гэтых, так бы мовіць, спэцыялістаў няма кім замяніць, не ставіць жа на міністэрскія пасады маладых актывістаў з БНФ, што коней на пераправе не мяняюць, першым, хто так сказаў, быў Станіслаў Шушкевіч. Праз крыху больш за два гады сам Шушкевіч быў адпраўлены ў адстаўку высілкамі гэтых самых спэцыялістаў. А ў Чэхіі, Літве і Польшчы 30-гадовыя актывісты сталі міністрамі й віцэ-прэм'ерамі. Напачатку яны проста ня мелі ніякага кіруючага вопыту, але ня мелі й стэрэатыпаў. А ў выніку - палітычныя, сацыяльна-эканамічныя пераўтварэньні й сярэдні заробак, пра які можна болькі марыць. Спадар Уладзімер, Вы не баіцеся, што гэтая гвардыя, гэтая вэртыкаль, калі Вы яе пакінеце, здасьць Вас пры першай магчымасьці? І ці не надышоў час радыкальных кадравых пераўтварэньняў?”

(Ганчарык: ) "Я пастаўлю пытаньне некалькі іншым чынам. Мы будзем пераводзіць вэртыкаль у гарызанталь. Гэта азначае наступнае - у Беларусі трэба разьвіваць мясцовае сама кіраваньне. Вось гэта галоўнае. І, калі людзі пачнуць выбіраць, дапамагчы ім, каго выбіраць. І тады зразумела, што тыя людзі, якія займаліся казнакрадзтвам ды іншым, пра што Вы гаворыце, іх наагул ня выберуць. Але патрэбна й іншае, каб не адбылося так, як у Расеі. Каб можна было такіх людзей, якіх выбрала насельніцтва, але калі яны дрэнна працуюць, ці замаралі свае рукі, то каб было права адхіляць іх ад сваіх пасадаў. Вось гэтае будзе зроблена."

(Навумчык: ) "А што тычыцца адказнасьці тых службовых асобаў, якія вінаватыя ў зьнікненьні людзей. Дарэчы, Вашае стаўленьне да самых апошніх зьвестак, да паездкі міністра Навумава ў Бягомельшчыну, да дзеяньняў уладаў самага апошняга часу."

(Ганчарык: ) "У маёй праграме запісана наступнае: мы рэабілітуем усіх, хто незаконна, у тым ліку і па палітычных матывах, асуджаны. Мы абавязкова разбярэмся ва ўсіх гэтых ганебных справах, і адказныя будуць адказваць паводле закону. А што тычыць апошняга, то гэта ўсё мішура. Справа ў тым, што ніхто нармальнае, падкрэсьліваю, нармальнага, расьледваньня не вядзе. А ўсё гэтае зробленае, каб яшчэ раз улада сказала, што яна нейкім чынам зацікаўленая ў вырашэньні гэтага пытаньня, каб была ўстаноўлена ісьціна.На самой справе ўсё гэтае робіцца, каб не праводзіць ніякага аб'ектыўнага расьледваньня. І за гэтае ім прыйдзецца адказваць”.

(Соусь: ) "У сваёй праграме Вы абяцаеце правесьці на працягу года рэформу заработнай платы. Прыкладам, Сяргей Гайдукевіч паабяцаў, што калі ён стане прэзыдэнтам, празь некалькі месяцаў беларусы будуць атрымліваць сярэднюю заработную плату 350-400 даляраў. Неяк Вы казалі, што, паводле эканамічнага патэнцыялу нашай краіны, сярэдняя заработная плата беларусаў мусіць быць не 100, а 300 даляраў. А калі рэальна пачне паляпшацца дабрабыт беларусаў?"

(Ганчарык: ) "Пры ўмовах, што мы пачнем працаваць, зьняўшы ўсе перашкоды для разьвіцьця эканомікі. А тое, што Гайдукевіч абяцае... Я гавару выбаршчыкам так. Я магу паабяцаць і 500, згодны? Адказ - зразумела. Гэта ўсё папулізм."

(Соусь: ) "Канкрэтных лічбаў Вы не называеце?"

(Ганчарык: ) "Не. Я лічу, што, па-першае, трэба стварыць умовы для разьвіцьця ўсіх форм гаспадараньня, усіх форм уласнасьці. Гэта павінна быць зроблена. Трэба зьняць перашкоды, зьмяніўшы ў тым ліку і палітыку, каб к нам прыйшлі інвэстыцыі, крэдыты. І тады будзе нармальна. І ня толькі мы павінныя карыстацца гэтым ад усіх краінаў, галоўнае ад нашых суседзяў, гэта было б самым разумным”.

(Соусь: ) "А цяпер пытаньне пра зямлю й волю. У сваім тэлевізыйным выступе Вы казалі пра тое, што цалкам разбураць калгасную сыстэму ня варта. Якім чынам вы зьбіраецеся рэфармаваць сельскую гаспадарку? Ці будзе ўведзеная прыватная ўласнасьць на зямлю?"

(Ганчарык: ) "Я не гаварыў, што калгасы ня трэба разбураць. Трэба захаваць вытворчасьць ня толькі фэрмэраў, але і моцныя гаспадаркі. Але іх трэба пераўтварыць у іншыя арганізацыйныя формы гаспадараньня. Вось гэта галоўнае. І частка зямлі будзе ў эканамічным абароце".

(Соусь: ) "Прыкладам, галяндзкія фэрмэры захочуць атрымаць ва ўласнасьць зямлю на Гарадзеншчыне, каб вырошчваць там трускалкі. Вашае стаўленьне да продажу зямлі замежнікам?”

(Ганчарык: ) "У мяне няма на гэты конт ніякіх сумненьняў. Ва ўсялякай справе я буду сыходзіць з нацыянальнага інтарэсу Беларусі. Толькі. Зразумела, і з эканамічнага інтарэсу."

(Навумчык: ) "Дарэчы, пытаньне пра падаткі. Не сакрэт, што сытуацыя з падаткамі проста зьнішчальная для беларускага прадпрымальніцтва. Вынікі мы бачым. Што мусіць быць зроблена, як Вы лічыце? Якая стаўка?"

(Ганчарык: ) "Мы пачнем з таго, што будзе рэфармаваная падаткавая сыстэма. Яна будзе й паводле аб'ёму значна меншая, каб ажывіць вытворчасьць. І па колькасьці гэтых падаткаў. Яна вельмі дрэнная, зьяўляецца тормазам вытворчасьці”.

(Навумчык: ) "Вашая праграма мае на ўвазе нейкія радыкальныя пераўтварэньні, пра гэтае заяўляе й спадар Домаш, які пры Вас будзе прэм'ерам. Думаецца. што адна са сфэраў, што проста вымушаная будзе перажыць гэтыя пераўтварэньні - камунальная. Сёньня за двухпакаёвую кватэру пляцяць самае большае 10 даляраў, танная электрычнасьць, танны газ і гэтак далей. Мы цудоўна разумеем, што адносна сярэдніх заробкаў нават гэтыя грошы вялікія. Але гэта так не каштуе, прыйдзецца ісьці на не папулярныя меры, ісьці на пэўныя рэформы камунальнай гаспадаркі. Зусім магчыма, што гэта камусьці не спадабаецца. Магу прадугледзіць, што былыя падначаленыя лідэра Федэрацыі прафсаюзаў Ганчарыка будуць жорстка патрабаваць пэўнага ад прэзыдэнта Ганчарыка. Як увогуле Вы будзеце будаваць узаемаадносіны з прафсаюзамі, з Фэдэрацыяй прафсаюзаў, з незалежнымі прафсаюзамі?"

(Ганчарык: ) “Па-першае, мы ніколі не схаваемся ад рэфармаваньня гэтага пытаньня. Але галоўнае, што мы пачнем гэта з рэформы заработнай платы. І гэта галоўнае, што дасьць магчымасьць выплаты камунальных паслугаў. Але трэба ведаць, што нічога таннага няма, і ўвесь гэты цяжар цяпер ляжыць на прадпрыемствах. Прадпрыемствы ня могуць падняць заробкаў працоўных. Вось гэтыя хібы трэба выпраўляць. Па-другое, адносіны да прафсаюзаў будуць цывілізаваныя. Ужо ня першы раз ужываю гэтае слова. Я маю на ўвазе, што будзе сацыяльнае партнэрства і ўзаемадзеяньне. У тым ліку ўсіх - залежных, незалежных, яны ўсе будуць толькі прафсаюзамі. І іх справа - выконваць свае абавязкі. Сваю галоўную задачу."

(Навумчык: ) "Вы сказалі, што Беларусь будзе браць усё лепшае ў сваіх суседзяў. Як Вы мяркуеце будаваць адносіны з Расеяй? Які лёс беларуска-расейскіх пагадненьняў, падпісаных Лукашэнкам? Ці застанецца Беларусь у сыстэме калектыўнай бясьпекі СНД?"

(Ганчарык: ) "У мяне галоўны падыход да гэтага - каб Беларусь была незалежнай дзяржавай. І тое, што запісана ў Канстытуцыі, што Беларусь -- незалежная дзяржава, сацыяльна-прававой павінна быць - для мяне гэта аснова, ад якой я не адступлюся. З гэтага й будуць вырашацца ўсе астатнія пытаньні. Эканамічныя галоўным чынам. А калі Вы зададзіце пытаньне, ці будзе расейскі рубель- я адказваю: ня будзе. Ці будзе адная дзяржава? -- Не. Я гатовы разглядаць пытаньне аб любым саюзе. Я не супраць ніякіх саюзаў. Галоўнае, каб была Беларусь, былі яе нацыянальныя інтарэсы. Таксама калі Расея ідзе ў Эўразьвяз, дык чаму й Беларусі там ня быць?”




XS
SM
MD
LG